Беларускі офіс Праграмы развіцця ААН (ПРААН) абвясціў аб планах зняць васьмісерыйны маладзёжны мастацкі фільм.

Стужка пад назвай «Вышэй за неба» стане першым маладзёжным серыялам, знятым у Беларусі. Паводле слоў спецыяліста ПРААН Марыі Маліноўскай, серыял здымаецца ў мэтах рэалізацыі гранту Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй і ў супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Адной з галоўных мэтаў праекта з’яўляецца прадухіленне дыскрымінацыі людзей, якія жывуць з ВІЧ, і прафілактыка ВІЧ-інфекцыі ў Беларусі.

Шматсерыйны фільм закліканы разбурыць шэраг стэрэатыпаў, якія дзейнічаць у тэме ВІЧ і СНІД, распавесці пра неабходнасць клопату пра сябе і сваякоў, садзейнічаць уцягванню моладзі ў абмеркаванне актуальных пытанняў, звязаных з гэтай тэмай, фарміраванню талерантнага стаўлення да людзей, якія жывуць з ВІЧ.

Персанажы фільма — маладыя людзі, якія перажываюць няпростыя сітуацыі. Галоўны герой — 20-гадовы музыкант, жыве і вучыцца ў Мінску. У яго ёсць прынцыпы, ад якіх ён не гатовы адмовіцца дзеля грошай. Малады чалавек мусіць прайсці праз цэлы шэраг выпрабаванняў, каб набыць сапраўдную свабоду духу і адказнасць за сябе і навакольных.

Сцэнарый для кінапраекта піша Андрэй Курэйчык, вядомы па фільмах «Любошчы-мілошчы», «Юлечка», «Ёлкі», «Службовы раман. Наш час». Здыме фільм Дзмітрый Марынін, беларускі рэжысёр, які жыве апошнія гады ў Маскве.

Адну з галоўных місій фільма творчая група бачыць у пошуку новых маладых беларускіх герояў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?