Прызначэнне старшыні праўлення «Беларусбанка» Надзеі Ермаковай на пасаду кіраўніцы Нацбанка — добрая нагода узгадаць цікавыя факты з яе біяграфіі.

1. Самая ўсходняя беларуска з чыноўнікаў

Пачнем з месца нараджэння. Надзея Ермакова паходзіць з калгаснай сям’і з вёскі Разальмаў, што на Хоцімшчыне. Гэта самы ўсходні край Беларусі. Дарэчы, банкірцы зараз 58 гадоў.

2. Пінска-мінская адукацыя

У 1971 годзе Надзея закончыла Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум, а праз сем гадоў атрымала і вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі імя Куйбышава (цяпер БДЭУ). Праўда, завочна.

3. Шклоўскія ідуць!

Надзея Ермакова — адна з найтыповейшых прадстаўніц лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, якія трапілі з гразі ў князі. Папрацаваўшы адзін год (у 1983-м) кіраўніцай шклоўскай ашчадкасы, яна пайшла на павышэнне, стаўшы намесніцай старшыні мясцовага райвыканкама і кіраўніком фінансавага аддзела. Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, Надзея Ермакова раптоўна трапіла ў кіраўніцтва «Беларусбанка», дзе паднялася з намесніцы кіраўніка да найвышэйшай пасады.

4. Другая жанчына — старшыня Нацбанка

Ермакова стала другой жанчынай у Беларусі, якая ўзначаліла Нацыянальны банк. Першай была Тамара Віннікава, якая прыйшла на змену Станіславу Багданкевічу, што падаў у адстаўку. Але беларусам Віннікава запомнілася перадусім не сваёй фінансавай дзейнасцю, а таямнічымі ўцёкамі з-пад хатняга арышту ў Велікабрытанію.

5. Галоўная феміністка Беларусі

Новая кіраўніца Нацбанка вось ужо дванаццаць гадоў з’яўляецца заадно і старшынёй Саюза беларускіх жанчын. Вось толькі яе поспехаў у абароне правоў слабога полу пакуль заўважана не было.

6. Нешчаслівыя шлюбы

Надзея Ермакова была ў шлюбе ў двойчы, але абедзве спробы цяжка назваць шчаслівымі. Ад першага мужа Надзея была вымушана ўцячы з Хоцімска ў Кіраўск, што каля Бабруйска, разам з маленькай дачкой Наташай. Прычына банальная — алкагалізм мужа, які прывёў да яго хуткай смерці…

Яшчэ адна дачка, Юля, нарадзілася ад другога шлюбу. Для мужа Андрэя гэта таксама была другая сям’я. Ён працаваў у сістэме ў МУС, але, па словах Надзеі Ермаковай, так і не здолеў адаптавацца ў Мінску. У выніку пачаў моцна піць, што прывяло да разводу. Праз пару гадоў пасля вяртання ў сваю першую сям’ю ён памёр.

7. «Ну навошта вам гэты даляр?»

Надзея Ермакова — адна з самых красамоўных прадстаўніц беларускай эканомікі апошняга году. Яна не баіцца выказваць сваё сумбурнае разуменне фінансавага рынку краіны, за што пасля даводзіцца аддувацца іншым чыноўнікам. Самы знакаміты яе выступ — інтэрв’ю тэлеканалу «Расія» з асноўным пасылам «Навошта вам гэты даляр?»

Сярод іншых яе «споведзяў» — нечаканая шчырасць у маі 2011-га, калі яна прызналася ў адтоку дэпазітаў з «Беларусбанка» агульным аб’ёмам у трыльён рублёў, чым справакавала яшчэ адну хвалю панікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?