Затрыманы 27-гадовы жыхар Маладзечна, які паведаміў пра «выбуховыя прылады», што нібыта былі закладзены на мінскім і маладзечанскім чыгуначных вакзалах,
паведаміў прэс-сакратар упраўлення ўнутраных спраў на транспарце МУС Беларусі Аляксандр Марчанка.

Паводле яго слоў, 28 ліпеня на працягу паўгадзіны ў службу 103 (хуткая дапамога) паступіла чатыры званкі ад невядомага пра тое, што вакзалы ў Мінску і Маладзечне замініраваныя. Прычым падчас апошніх двух званкоў мужчына ўдакладняў час, што застаўся да меркаваных выбухаў.

Пасажыры абодвух вакзалаў, паводле слоў Марчанкі, былі экстранна эвакуяваныя, а да пошуку выбуховых прылад падключыліся спецыялісты. Усяго, паводле інфармацыі прэс-сакратара,

з двух вакзалаў было эвакуявана да паўтары тысячы чалавек.

У выніку выбуховых прылад знойдзена не было. У 17.15 ачапленне мінскага вакзала было знята, і ён запрацаваў у звычайным рэжыме. Вакзал быў закрыты на 2 гадзіны 25 хвілін. Пры гэтым, як адзначыў, прэс-сакратар, перабояў у руху цягнікоў не было, яны хадзілі па раскладзе. Пасажыры бесперашкодна маглі прайсці на пероны, для іх былі недаступныя толькі будынкі вакзалаў.

Затрыманы аператыўнікамі жыхар Маладзечна знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.

Пасля ўжывання спіртнога ён вырашыў «пажартаваць» і патэлефанаваў у службу «103» з мабільнага тэлефона.

Паводле слоў Марчанкі, вырашаецца пытанне аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да «жартаўніка» на падставе артыкула 340 КК (загадзя падманнае паведамленне аб небяспецы).

Як падкрэсліў прэс-сакратар, акрамя крымінальнай адказнасці затрыманаму пагражае шматмільённы штраф за прычынены Беларускай чыгунцы ўрон. Яму неабходна будзе таксама пакрыць расходы на правядзенне комплексу мерапрыемстваў па пошуку выбуховых прылад. У гэтым выпадку, растлумачыў Марчанка, для работ быў задзейнічаны ўвесь асабовы склад транспартнай міліцыі Мінска і Маладзечна.

Прэс-сакратар таксама паведаміў, што кожны год рэгіструецца каля трох-чатырох выпадкаў, калі невядомыя па тэлефоне паведамляюць пра закладзеныя выбухныя прылады. У большасці сваёй гэта людзі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, або псіхічна хворыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?