29 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў Уладзіміра Няпомняшчых — пенсіянера МУС, члена Аб’яднанай грамадзянскай партыі — вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў яго штрафам у памеры пяці базавых велічыняў (175 тыс. рублёў).

Няпомняшчых абвінавачваўся ў тым, што 31 мая нанёс надпіс «Лука тут не жыве. Выбух…." на папераджальны плакат аб падазроных рэчах. Плакат, а дакладней аркуш паперы з заклікам да грамадзян быць пільнымі, быў размешчаны міліцыяй ва ўнівермагу «Гомель».

Няпомняшчых звярнуў увагу суддзі на тое, што аркуш паперы не з’яўляецца плакатам, таму што не мае выхадных звестак і накладу. Ён не прызнаў сябе вінаватым. «Я не парваў гэты аркуш паперы, не закрэсліў там ні адной літары, у маіх дзеяннях няма дробнага хуліганства», — заявіў у судзе Няпомняшчых.

Свае дзеянні ён растлумачыў тым, што такія плакаты палохаюць людзей і сеюць страх у грамадстве. «Тэракт у мінскім метро раскрыты, злачынцы ўстаноўлены — навошта пастаянна палохаць людзей? Я толькі хацеў супакоіць грамадзян, хацеў напісаць „Лука тут не жыве, узрываць няма каму, спіце спакойна“, але не дапісаў да канца, таму што мне гэта не дала зрабіць намеснік дырэктара ўнівермага па ідэалагічнай працы», — растлумачыў падсудны.

Няпомняшчых чакаў, што рашэнне суда будзе не на яго карысць. «Таму што ў нас судовая сістэма падстроена пад карныя органы — што карныя органы напішуць ім, то яны і выконваюць. Таму статуі Феміды, якая стаіць у холе суда з мячом і вагамі, трэба замест вагаў прычапіць тэлефон», — заявіў член АГП.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?