Беларуска Аляксандра Герасіменя выйграла золата чэмпіянату свету па плаванні на дыстанцыі 100 м вольным стылем у кітайскім Шанхаі.
У фінальным заплыве яна паказала аднолькавы вынік з датчанкай Жанет Отэсен (53,45 сек.) і падзяліла з ёю верхнюю прыступку п'едэстала.Адначасова беларуска абнавіла нацыянальны рэкорд.
Бронзавай медалісткай чэмпіянату свету на 100 м вольным стылем стала Раномі Крамавідзья з Галандыі (53,66 сек.).
Золата Аляксандры Герасімені - першы медаль беларускіх спартсменаў на гэтым чэмпіянаце свету па водных відах спорту.Яна таксама выйшла ў фінал у плаванні на спіне на 50 м, дзе стала шостай.
Раней Аляксандра Герасіменя не заваёўвала золата сусветных чэмпіянатаў. На сусветным форуме ў 2007 годзе яна выйграла срэбра на дыстанцыі 50 м на спіне.
А вось калекцыя ўзнагародаў з чэмпіянатаў Еўропы ў беларускі багацейшая. На ЧЕ-2010 у Будапешце Аляксандра Герасіменя заваявала золата ў плаванні на спіне на 50 м, а таксама срэбра на 100 м вольным стылем (першая ў кар'еры ўзнагарода на алімпійскай дыстанцыі). У 2002 годзе яна стала бронзавым прызёрам кантынентальнага першынства на 50 м вольным стылем і на 50 м на спіне. На ЧЕ-2006 заваявала срэбра на 50 м на спіне. У 2002 годзе на чэмпіянаце Еўропы на "кароткай вадзе" (даўжыня басейна 25 м) стала сярэбраным прызёрам на дыстанцыі 50 м вольным стылем.