Да канца 2015 года ў Мінску будуць пабудаваны 60 буйных шматфункцыянальных гандлёва-забаўляльных цэнтраў, паведаміў начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Андрэй Новікаў 29 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, некаторыя з іх ужо пачалі будавацца ці праектавацца. Яны будуць размешчаны з улікам многіх фактараў, ад выгады для насельніцтва да наяўнасці транспартных развязак. Прырост гандлёвай плошчы за кошт буйных гандлёвых цэнтраў складзе прыблізна 500 тыс. кв. м.

Акрамя таго, да канца 2015 года ў горадзе плануецца адкрыць магазіны крокавай даступнасці — іх агульная плошча складзе прыкладна 100 тыс. кв. м. Ужо распрацаваны і перададзены ў раённыя адміністрацыі для грамадскага абмеркавання схемы размяшчэння такіх магазінаў. Сваё меркаванне па пытанні размяшчэння магазінаў могуць выказаць усе ахвотныя мясцовыя жыхары.

Усё гэта, паводле слоў Новікава, дазволіць выканаць дзяржаўныя сацыяльныя стандарты па абслугоўванні насельніцтва, якія да 2015 года плануецца павялічыць. Забяспечанасць гандлёвымі плошчамі ў Мінску павінна скласці 600 кв. м на тысячу жыхароў, забяспечанасць месцамі ў аб’ектах грамадскага харчавання — 45 месцаў на тысячу жыхароў. Сёння гэтыя паказчыкі складаюць адпаведна 370 кв. м і 31 месца.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?