Як паведамілі БелаПАН у Генпракуратуры, сітуацыя ў калоніі вывучаецца.

У МУС пракаментаваць сітуацыю паабяцалі пазней.

Інфармацыя пра падзеі ў Глыбоцкай ПК-13 была распаўсюджаная ў СМІ 28 ліпеня інфармацыйна-асветніцкай установай «Платформа», якая займаецца пытаннямі выканання заканадаўства ў папраўчых установах.

Паведамлялася, у прыватнасці, што некалькі зняволеных калоніі спрабавалі пакончыць з сабой. Як расказаў БелаПАН дырэктар установы «Платформа» Андрэй Бандарэнка, звесткі паступілі ад чалавека, які нядаўна вызваліўся з ПК-13. Паводле яго слоў, у чэрвені асуджаныя аб’явілі галадоўку, пратэстуючы такім чынам супраць парушэння законнасці з боку адміністрацыі калоніі, у тым ліку — прымянення фізічнай сілы. Удзельнікі галадоўкі патрабавалі сустрэчы з генеральным пракурорам Беларусі.

«У адказ адміністрацыяй калоніі ў перыяд з 16 па 22 чэрвеня былі масава збітыя асуджаныя. Большасць з іх, якія зазналі такія меры, не маглі перасоўвацца самастойна, аднак медыцынская дапамога ім не аказвалася. Некаторыя былі змушаныя звярнуцца да экстрэмальных мер самаабароны — спробаў суіцыду. Так, асуджаныя Канцява і Чыкін, не знаходзячы іншых сродкаў абароны сваіх правоў і годнасці, ускрылі сабе вены і жывот», — расказаў Андрэй Бандарэнка.

1 жніўня ў Мінску плануецца прэс-канферэнцыя, на якой журналістам абяцаюць паведаміць падрабязнасці.

Чакаецца, што ў ёй будуць браць удзел сведкі катаванняў, імёны якіх не называюцца з меркаванняў іх бяспекі.

27 ліпеня ўстанова «Платформа» накіравала ў дэпартамент выканання пакаранняў МУС, Генеральную пракуратуру і упраўленне ўласнай бяспекі МУС зварот з патрабаваннем расследаваць інцыдэнты ў папраўчай калоніі № 13 горада Глыбока

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?