Аб гэтым заявіў сёння першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка на сустрэчы з міністрам прамысловасці і прыродных рэсурсаў Ірака Ахмедам аль-Карбулі.
Першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што Беларусь гатова актыўна ўдзельнічаць у аднаўленні інфраструктуры Ірака, пад ключ будаваць і праектаваць жыллё, грамадзянскія і прамысловыя аб’екты, а таксама аб’екты энергетыкі. Уладзімір Сямашка дадаў, што беларускі ўрад добра ўяўляе тыя цяжкасці, з якімі сутыкаецца ўрад Ірака. «Мы гатовы дапамагчы ўраду Ірака хутка аднавіць краіну і рухацца далей па шляху сацыяльна-эканамічнага развіцця», — падкрэсліў ён.
У сваю чаргу міністр прамысловасці і прыродных рэсурсаў Ірака Ахмед аль-Карбулі адзначыў, што паміж краінамі склаліся дружалюбныя адносіны. Міністр выказаў упэўненасць у тым, што пашырэнне эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іракам стане асновай для ўмацавання палітычных адносін.
Ахмед аль-Карбулі таксама дадаў, што Ірак перажываў цяжкі час, цяпер пачынаецца аднаўленне яго інфраструктуры. «Мы зацікаўлены ў тым, каб у гэтай рабоце прынялі ўдзел беларускія кампаніі як дзяржаўнага сектара, так і прыватныя», — сказаў ён. На думку міністра, візіт іракскай дэлегацыі ў Беларусь стане прыкладам для іншых міністэрстваў, каб наведаць Беларусь.
«Міністэрства прамысловасці і прыродных рэсурсаў Ірака глядзіць на сваіх беларускіх калег як на стратэгічных партнёраў», — падкрэсліў Ахмед аль-Карбулі. Пры гэтым ён дадаў, што падпісанне шэрагу кантрактаў паміж міністэрствамі і кампаніямі дзвюх краін было затрымана. Паводле слоў міністра, прычынай таго стаў недахоп інфармацыі. Ахмед аль-Карбулі выказаў упэўненасць, што ў будучым усе гэтыя пытанні будуць зняты, і краіны змогуць падпісаць мноства дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва.
Іракскі бок выказвае зацікаўленасць у рэалізацыі такіх прамысловых праектаў, як рамонт кар’ернай тэхнікі беларускай вытворчасці, стварэнне вытворчасці вогнетрывалай цэглы, адкрыццё вытворчасці шкла і керамікі, а таксама ў абмене з Беларуссю інавацыйнымі тэхналогіямі.
БелТА
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ