Толькі 5% расійцаў лічаць Лукашэнку адзіным і сапраўдным сябрам Расіі.

Такі вынік апытання, зладжанага расійскім «Левада-цэнтрам» 15–19 ліпеня ў 130 населеных пунктах 45 рэгіёнаў Расіі. Столькі ж рэспандэнтаў назвалі Лукашэнку «адзіным сябрам» і ў 2007 годзе, то бок за 4 гады колькасць яго прыхільнікаў сярод грамадзян Расіі не вырасла. Зусім па-іншаму выглядае адмоўны рэйтынг беларускага лідара. Калі ў 2007 годзе «апошнім дыктатарам Еўропы» яго лічыў кожны дзясяты расіец, то цяпер — кожны пяты. На 1% вырасла колькасць тых, хто ўважае Лукашэнку за «хітрага і падступнага палітыка» — з 31 да 32%. На 11% знізілася колькасць тых, хто лічыў яго «паважаным лідарам беларускага народа».

Расійскія даследчыкі мяркуюць, што падзенне папулярнасці Лукашэнкі сярод грамадзян Расіі абумоўленая сукупнасцю фактараў: эканамічны крызіс, пагаршэнне міждзяржаўных стасункаў і, як след, масіраваная прапагандысцкая і інфармацыйная вайна (серыял «Хросны бацька»), а таксама паслявыбарчыя рэпрэсіі ў Беларусі.

Як сведчыць апытанне «Левада-цэнтра», пагаршэнне стаўлення да Лукашэнкі адбілася і на ацэнцы расійцамі Беларусі ў цэлым.

На пытанне «Як вы ў цэлым ставіцеся цяпер да Беларусі?» «вельмі добра» ў ліпені адказалі 7% (студзень 2011 — 12%), «у асноўным добра» — 61 (67), «у асноўным дрэнна» — 18 (10), «вельмі дрэнна» — 4 (2).

Варта дадаць, што згодна сёлетняга апытання, зладжанага фондам «Грамадскае меркаванне»,

Беларусь упершыню трапіла ў спіс ворагаў Расіі.

Падзенне даверу да Лукашэнкі ўнутры краіны фіксуюць беларускія даследчыкі. Чэрвеньскае апытанне НІСЭПД сведчыць, што на сёння колькась тых, хто гатовы прагаласаваць за Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах складае менш за 30%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?