Алеся cынхранізавалася з Depeche Mode. Яны практычна адначасова выдалі альбомы рэміксаў на свае песьні. Дзеля такой падзеі сьпявачка нават пераўвасобілася да непазнавальнасьці. Асабліва ўражвае на вокладцы анімэ-вобраз Вольгі Анатольеўны.

Зьява сапраўды рэдкая для нашых краёў, каб наш выканаўца ўзяўся грунтоўна пераасэнсаваць свае творы на танцавальны манер — «Палац» толькі ўзгадваецца. Праўда, у адрозьненьне ад Depeche Mode і «Палацу» Алеся не да тых ды-джэяў зьвярнулася, без разыначкі яны. Бо зрабілі ёй музычку, як ва ўсіх.

Першы трэк («Одна ночь в Минске») відавочна сьведчыць, што тутэйшыя кампазытары дагэтуль знаходзяцца пад моцным узьдзеяньнем ад працы Робэрта Майлза 15-гадовай даўніны «Dreamland». У тым падмацоўвае фактычна песьня-прысьвячэньне творчасьці італьянскага ды-джэя — «Мы будем вместе».

Нямаведама пра якую «адзіную сюжэтную лінію» сьцьвярджаецца на вокладцы дыску. Трэкі ідуць фактычна нон-стопам, але агульнага ўражаньня не ствараюць (хвароба Аўры): правінцыйны дэнс пад Фрыскэ («Золотой DJ») раптам зьмяняецца мілай і просьценькай песенькай пра ваяводу, якая ў сваю чаргу плаўна перацягае ў сюрны твор пра касмэтычку і першабытнаабшчыны лад (Л. Вайтовіч — паэт касьмічных маштабаў!), славутая візытовачка пра «Птиц» праз накладзеныя апладысмэнты пераходзіць у «Жаўраначку». Дарэчы, ад верша Ніла Гілевіча ў транс-вэрсіі засталася ўласна толькі яго назва. Але гэта годны мог бы быць канец. Тым ня менш, укладальнікам закарцела дабіць альбом бонусамі, якія абсалютна псуюць больш-менш прымальную карціну. Пра дуэт з Маісеевым ня будзем, гэта за межамі дабра і зла, але самая агідная гнюсь — гэта трэк «Уж замуж невтерпёж», такі пошлы і нясьмешны губэрнскі дэнс.

Але будзем справядлівыя, у дыскаграфіі Алесі — гэта лепшы альбом. Галоўныя трэкі — «Крылья», «Каліна-каліна» і «Жаўраначка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?