Майстар Магілёўскага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства рытуальных паслуг ладзіў трэніровачныя пахаванні для падначаленых.

Як расказаў старшы следчы па асабліва важных справах следчага ўпраўлення УУС Магаблвыканкама Аляксандр Куканькоў, мэтай такіх "трэніровак" была адпрацоўка навыкаў па пахаванні.

"Трэніраваліся пасля працы ў нецвярозым стане — атрымаецца ўдвух апусціць труну з целам ці не атрымаецца.
Для гэтага спецыяльна выкапалі яму, куды апускалі забітую труну з адным з работнікаў. Зневажаючы такім чынам падначаленых, майстар парушаў іх правы і свабоды", — адзначыў следчы.

Паводле яго слоў, далёка не ўсе работнікі вытрымлівалі такі рэжым: многія пасля некалькіх дзён працы звальняліся.

Майстар стварыў на прадпрыемстве такую атмасферу, што непаслухацца яго не адважваўся ніхто — за невыкананне ўказання работнікаў маглі проста збіць, расказаў Куканькоў.

"Таму ніхто не абураўся. За ўвесь час адтуль паступіла толькі адна заява пра збіванне.
Даведацца пра ўсё дапамагло толькі расследаванне па іншай справе", — дадаў следчы.

Паводле даных следства, майстар умеў не толькі трымаць у страху падначаленых, але і адпраўляў грошы, прызначаныя прадпрыемству, у сваю кішэнь. Аказваючы паслугі па пахаванні ці дастаўцы розных прадметаў, аплату са сваякоў нябожчыкаў майстар браў сабе. Такім чынам штодня ад чатырох-пяці кліентаў ён атрымліваў ад 600 тысяч да 1 млн. рублёў. На працягу паўтара гадоў майстар вёў уласную бухгалтэрыю, з якой вынікае, што з ліпеня 2009 года яго штомесячны даход ад падобных аперацый складаў 10—15 млн. рублёў. Пэўны працэнт ад атрыманых грошай ішоў рабочым.

Следчы адзначыў той факт,

што скаргаў ад кліентаў не паступала, паколькі ўсе паслугі выконваліся на добрым узроўні.
Выявіць злачынствы атрымалася толькі пасля зваротаў у аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі пабочных грамадзян. Пасля затрымання майстра штомесячны даход прадпрыемства рытуальных паслуг вырас на 20 млн. рублёў.

У дачыненні да падазронага распачаты крымінальныя справы па некалькіх артыкулах: крадзеж грашовых сродкаў у буйным памеры (арт. 210 КК); злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі (арт. 424); перавышэнне службовых паўнамоцтваў (арт. 426).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?