Расійскі прам’ер-міністар Пуцін на моладзевым форуме «Селігер» адзначыўся правакатыўнай заявай. Адказваючы на пытанне пра аб’яднанне Беларусі і Расіі, былы прэзідэнт сказаў: «Гэта магчыма, вельмі пажадана і цалкам залежыць, на 100% залежыць ад волевыяўлення беларускага народа.».
Пуцін вядомы як увасабленне волі кансерватыўнай, умерана-рэваншысцкай часткі расійскай эліты, таму (асабліва згадваючы ягоныя заявы датычна Беларусі, кшталту вядомай рэплікі «пра шэсць абласцей») не выпадае сумнявацца: ён сапраўды хацеў бы, каб Расія зноў далучыла да сябе Беларусь і іншыя былыя савецкія рэспублікі.

Але падкрэслю апошнюю частку яго выказвання:

«залежыць ад волевыяўлення беларускага народа»,
і да яе прычаплюся.
Сацыялагічныя апытанні пярэчаць таму, што, паводле паведамленняў, сказаў потым Пуціну гэты нібыта «прадстаўнік Беларусі»:
у Беларусі сфармавалася выразная большасць тых, хто паміж Еўрапейскім звязам і Расіяй абраў бы ЕС — па відавочных прычынах.
Прычым, я так думаю, відавочных нават для жыхароў расійскай Усходняй Прусіі — Каралявеччыны, дзе большасць насельніцтва, калі не памыляюся, ніколі ў жыцці не бывала ў асноўнай Расіі, але бывалі ў суседніх еўразвязаўскіх Польшчы і Літоўскай Рэспубліцы. З адпаведнымі высновамі.

Яшчэ. Мы ўсе памятаем, як равелі расійскія тэлеканалы аб уціску расійскамоўнай меншасці ў краінах Балтыі. Усё гэта суправаждалася знявагаю маладых балтыйскіх дзяржаваў — «мы вас вызвалялі», «мы вам далі прамысловасць», «вы без нас ніхто». Але што ў выніку? Нават перад тым, як расійскамоўная меншасць Латвіі і Эстоніі паспяхова вывучыла мову і атрымала-такі паўнавартасныя пашпарты і/альбо з’ехала ў Ірландыю і Вялікую Брытанію —

незалежнасць Латвіі, Эстоніі і Літоўскай Рэспублікі ў Расіі ўжо ніхто і ніякім чынам пад сумнеў не ставіў, бо гэтыя краіны сябе прымусілі паважаць.
Яны самі не ставяць пытання пра «братэрскую любоў», не імкнуцца паразітаваць на расійскіх рэсурсах, вось да іх і не чапляюцца.

Падобнае і з Украінай — як бы расійскія шавіністы (што ў Расіі, што ва Ўкраіне) ні пырскалі атрутай, Украіна бясспрэчна адбылася як паўнавартасная незалежная дзяржава, бо ў гэтым салідарнае і ўкраінскае грамадства, і ўкраінская палітычная эліта.

А з беларусамі пазіцыя іншая. Многія беларускія нацыяналісты абсалютна беспадстаўна вінавацяць нават расійскіх лібералаў у імперскім шавінізме. Хаця на мой погляд, з майго ўласнага досведу,

пазіцыя большасці людзей у Расіі такая, якой фармальна не супярэчыць нават сказанае Пуціным на Селігеры: «Ну раз вы самі так хочаце, дык давайце аб’ядноўвацца».

Пагроза беларускай незалежнасці — не гэтулькі ў расійскім імперскім рэваншызме, а ў тым, як самі беларусы і сама беларуская дзяржава сябе ставяць.

Пакуль галава беларускай дзяржавы кажа, што ў беларусаў няма сваёй гісторыі і культуры, і што яны з’яўляюцца тым жа самым, што расійцы — іх як расійцаў і будуць, на жаль, успрымаць.
Пакуль дэфініцыя «беларускасці» у некаторых нацыяналістаў падсвядома працягвае быць вытворнай ад іншых («беларусы — гэта не расійцы і не палякі»), таксама складана казаць аб самастойнасці.

Таму

раз Пуцін кажа пра «волевыяўленне беларускага народа», гэтае волевыяўленне і трэба дэманстраваць. Бо, як кажуць у Расіі, «на нет и суда нет».
Адносіны паміж нашымі дзвюма суверэннымі краінамі павінны быць добрасуседскімі (назавіце іх «братэрскімі» ці як хочаце) і ўзаемапаважнымі, без фальшы і без «пацалункаў у абмен на газ». Такая формула для пабудовы расійска-беларускіх адносінаў — самая здаровая і самая лепшая.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?