Дэсант у падтрымку Дашкевіча ў Горках: малітва ля сцен калоніі ды брутальны разгон
Некалькі дзясяткаў сяброў, грамадскіх дзеячаў і журналістаў прыехалі сёння да сценаў горацкай калоніі, каб падтрымаць палівязня Змітра Дашкевіча.
Некалькі дзясяткаў сяброў, грамадскіх дзеячаў і журналістаў -- усяго 30 чалавек -- прыехалі сёння да сценаў горацкай калоніі, каб падтрымаць палівязня Змітра Дашкевіча і каб дабіцца хоць якіх-кольвечы навінаў аб ім. У калоніі -- сапраўдны пярэпалах, яна абгароджана, ва ўнутр нікога не пускаюць.
15:48
20 удзельнікаў акцыі, у тым ліку і Насту Палажанку, Змітра Шурхая, Яўгена Скрабца, Міколу Дземідзенку, Івану Шылу, забралі ў аўтазак. У Насты ў кроў разадрана рука.
15:19
Удзельнікі аўтапрабегу правялі малітву ля сцен калоніі і разгарнулі расцяжку «Спыніце пераслед».
Са сцен калоніі выйшлі міліцыянеры, спрабуюць забраць расцяжку, маладыя людзі паселі на зямлю, расцяжку не аддаюць.
Дарэчы, у грамадскай актывісткі Насты Палажанкі -- нявесты Змітра Дашкевіча -- сёння дзень народзінаў.
13:20
Супрацоўнікі Унутраных войскаў, міліцыі і ДАІ абгарадзілі Горацкую калонію, куды скіроўваецца аўтапрабег у падтрымку Змітра Дашкевіча, — паведаміла «Нашай Ніве» Наста Палажанка.
За 200 метраў да турэмнага плоту было ўтворана штучнае КПП, прапускны рэжым у якім ажыцяўляюць міліцыянты, перапісваючы папярэдне пашпартныя звесткі і нумары машын. Тое самае адбываецца і на ўездзе ў Горкі, затрыманняў і канфліктаў з праваахоўнымі ворганамі пакуль не адбывалася.
На прапускным пункце ўдзельнікі прабегу даведаліся, што ў калоніі сёння «асабліва непрыёмны дзень», а начальніка калоніі, спадара Кавалёва наўрад ці магчыма будзе знайсці пасля
* * *
Пакуль мінскія дэсантнікі толькі пачыналі сцягвацца да цэнтральнага парку і гарадскіх фантанаў, са сталіцы стартаваў аўтапрабег у падтрымку лідара зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча.Хлопец трэці раз запар быў змешчаны ў карцар за парушэнне правіл унутранага распарадку папраўчае калоніі ў Горках. Гэтаксама адміністрацыя ўстановы не дапускае ў калонію да Змітра яго адваката Мар’яну Сямешка, абмежавала магчымасць вязня ў карыстанні турэмнай крамай.
Ініцыятарам акцыі была Наста Палажанка — нявеста Дашкевіча, -- намесніца старшыні моладзевай арганізацыі. Нагадаем, што ў маі сёлета Наста была асуджана судом Фрунзенскага раёна Мінска за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня.
«Мэта нашага аўтапрабегу — дамагчыся сустрэчы Змітра з адвакатам. У мінулыя разы, калі мы прыязджалі ў калонію, спадар Кавалёў, начальнік установы, даваў нам непраўдзівыя і супярэчлівыя звесткі аб стане Дашкевіча.Цяпер мы спадзяемся, што з дапамогаю ціску грамадскасці, кіраўніцтва будзе паводзіць сабе больш лагодна і адкажа, які стан рэчаў ёсць на дадзены момант. Пасля шырокага розгаласу апошняга ліста Міколы Статкевіча да жонкі, мы вельмі занепакоены станам Змітра.« — зазначыла Палажанка.
Сярод удзельнікаў аўтапрабегу Мінск — Горкі — Мінск палітыкі, журналісты і грамадскія лідары: Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў, Іван Шыла, Барыс Гарэцкі, Зміцер Каспяровіч і інш.
Каментары