У Гомелі з 7.00 2 жніўня да 7.00 3 жніўня, згодна з распараджэннем гарвыканкама, забаронена рэалізацыя алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва ў гандлёвых аб'ектах горада, за выключэннем стацыянарных гандлёвых аб'ектаў грамадскага харчавання. "Дзень цвярозасці праводзіцца ў Гомелі з мэтай прапаганды здаровага спосабу жыцця, а таксама прафілактыкі п'янства і алкагалізму сярод моладзі",
— паведамляе аддзел ідэалагічнай працы гарвыканкама.

У Гомелі Дзень цвярозасці ў 2011 годзе праводзіцца ўпершыню. У лютым 2010 года старшыня Гомельскага гарвыканкама Віктар Піліпец заявіў, што дзён цвярозасці ў абласным цэнтры больш не будзе, таму што кіраўнік горада не бачыць эфекту ад такой меры і абмежаванні на продаж спіртнога скарачаюць паступленні ў бюджэт.

Пра тое, ці звязана правядзенне Дня цвярозасці з Днём ПДВ, карэспандэнт БелаПАН пацікавіўся ў начальніка аддзела ідэалагічнай працы гарвыканкама Ганны Шыдлоўскай. "Яны (дэсантнікі) самі сабе праводзяць, мы — самі сабе. Без каментарыяў", — сказала Шыдлоўская.

Апрача таго, 2 жніўня ў Гомелі адключылі фантаны. Ці звязана гэтай з традыцыяй былых ваеннаслужачых купацца ў іх — невядома.

"Міліцыя будзе адэкватна рэагаваць на наяўнае аператыўнае становішча, каб забяспечыць грамадскі парадак і спакой грамадзян", — запэўніў БелаПАН начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Гомельскага аблвыканкама Анатоль Васільеў.

Паводле яго слоў, у Гомельскай вобласці за распіванне спіртных напояў і з'яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах за шэсць месяцаў 2011 года складзена больш як 18,5 тыс. адміністрацыйных пратаколаў. Год таму іх было на 2 тыс. менш. Разам з тым знізілася колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення. У 2010 годзе за сем месяцаў іх было 2.666, сёлета — 2.362. Таксама скарацілася колькасць памерлых ад выпадковага атручэння алкаголем — за паўгода ў 2011 годзе загінулі 149 чалавек, за шэсць месяцаў 2010 года — 227. За сем месяцаў 2011 года ў ЛПП былі адпраўлены 593 чалавекі (585 — летась).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?