Уладзімір Някляеў падтрымлівае ідэю стварэння савета па арганізацыі грамадзянскага пратэсту, аднак лічыць, што гэта павінна быць не пэўная арганізацыя, а «віртуальная рэч» у форме нарады. Пра гэта ён заявіў 3 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, лідар кампаніі «Гавары праўду!» расцэньвае акцыі маўклівага пратэсту як «вельмі эфектыўныя». Але цяпер, лічыць Някляеў, да гэтай ідэі трэба «ставіцца асцярожна», каб яна «канчаткова не згасла». Паводле меркавання палітыка, не трэба даваць уладам нагоды канчаткова задушыць пратэст, у сувязі з чым ён прапануе зрабіць у акцыях перапынак да восені.

У арганізатараў маўклівага пратэсту былі «яўныя памылкі», аднак, падкрэсліў Някляеў,

ён не жадаў бы крытыкаваць іх.

***

Пачынаючы з 8 чэрвеня ў розных гарадах Беларусі прайшло дзевяць акцый маўклівага пратэсту, ініцыяваных інтэрнэт-супольнасцю «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» (РПСС). Яны праводзіліся кожную сераду, прычым у Мінску іх фармат неаднаразова мяняўся. Напярэдадні чарговай акцыі ў інтэрнэце з’яўлялася інструкцыя, якой прытрымліваліся ўдзельнікі.

Першыя акцыі збіралі тысячы людзей у Мінску і сотні — у рэгіёнах, затым лік удзельнікаў стаў скарачацца. Апошняя акцыя, 27 ліпеня, стала самай малалікай і непрыкметнай.

Зніжэнню грамадзянскай актыўнасці шмат у чым спрыялі жорсткія дзеянні ўлад: разгон і затрыманне ўдзельнікаў акцый і выпадковых прахожых, якія апынуліся ў пэўны час у пэўным месцы, штрафы і працяглыя адміністрацыйныя арышты найболей актыўных грамадзян.

29 ліпеня ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» быў апублікаваны адкрыты ліст аднаго з адміністратараў інтэрнэт-супольнасці РПСС Вячаслава Дзіянава, у якім ён прапанаваў стварыць савет па арганізацыі пратэстаў, куды ўвойдуць палітыкі, аналітыкі, палітолагі і іншыя вядомыя асобы.

Як адзначана ў лісце, ёсць рызыка таго, што ініцыятыва «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» можа зайсці ў тупік. «Цяжка гэта прызнаваць, але мы імкнемся быць шчырымі адзін з адным. Мы стараліся зрабіць усё, каб аб’яднаць беларускае грамадства, але не ўлічвалі важны фактар — нам не хапала вопыту, дзесьці нашы ідэі былі максімалістычныя. З-за гэтага мы сутыкнуліся з шэрагам праблем», — прызнаў Дзіянаў.

Тым не менш, перакананы ён, ідэя мірных грамадскіх пратэстаў жывая. «Сацыяльныя сеткі — гэта сувязь з людзьмі, гэта магчымасць быць пачутым і гэта адзін з механізмаў арганізацыі і правядзення акцый пратэсту. Пакуль ідэя жывая і не забыта, трэба зрабіць усё магчымае, каб яна не згасла, каб тыя людзі, якія паверылі, што можна перамагчы гэтую цемру, былі разам», — падкрэслівалася ў адкрытым лісце.

Паводле меркавання яго аўтара, савет па арганізацыі пратэстаў можа каардынаваць сваю дзейнасць дыстанцыйна: «Скайп ёсць ва ўсіх. Вызначым час, напрыклад, адзін раз на тыдзень, калі мы зможам абмеркаваць важныя пытанні і прыняць рашэнні па акцыях і па далейшай дзейнасці; а мы як інтэрнэт-актывісты зробім усё магчымае, каб ажыццявіць нашы агульныя планы».

Дзіянаў паведаміў, што ідэю даручыць «планаванне акцый і стратэгіі прафесіяналам і аўтарытэтным людзям» падтрымала больш за 80% тых, хто ўзяў удзел у галасаванні на старонцы інтэрнэт-супольнасці «УКантакце».

Ён таксама заявіў, што на яго ініцыятыву «адгукнуліся вельмі вядомыя людзі», прычым «іх спіс папаўняецца штодня». Паводле слоў Дзіянава, першая інтэрнэт-нарада прайшла вечарам 2 жніўня. Ён не стаў называць прозвішчы яго ўдзельнікаў, адзначыўшы толькі, што гэта «людзі, якія ўдзельнічаюць у палітыцы» і якія «самі могуць даць інтэрв’ю на гэту тэму». На нарадзе абмяркоўваліся кірункі далейшай дзейнасці. Прынятае рашэнне неўзабаве будзе вывешана на старонцы групы РПСС «УКантакце», сказаў Дзіянаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?