Міжнародны валютны фонд (МВФ) увязвае пачатак перамоваў аб новым крэдыце для Беларусі з наяўнасцю ва ўладаў выразнага і публічнага плану выйсця з крызісу, заявіла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» сталая прадстаўніца МВФ у Беларусі Наталля Калядзіна.

«Місія МВФ пакуль не можа прыехаць [для перамоваў], бо ўлады не сфармулявалі і не прадставілі грамадскасці выразны адзіны план выхаду з крызісу», — сказала Калядзіна.

Нагадаем, што беларускія ўлады скіравалі зварот у МВФ 31 мая. Яны прасілі аб новым крэдыце на $3–7,5 млрд тэрмінам на 3–5 гадоў.

«Прайшло ўжо паўтара месяца з часу заканчэння працы місіі [МВФ у Мінску], але значнага прагрэсу ў гэтай галіне няма», — канстатавала Калядзіна. «Фонд чакае далейшых дзеянняў уладаў».

Так супала, што за апошні тыдзень рубель на чорным рынку аднавіў падзенне. Два месяцы ён трымаўся на ўзроўні каля 6200 за даляр. Цяпер курс даляра да рубля як на сайце Prokopovi.ch, так і ў абменніках суседніх краін вырас да 6500—6600.

У Мінску ў сераду некаторыя валютчыкі пачалі даваць за даляр 6700 рублёў, а прадаваць даляры за 7000.

Цяжка сказаць, ці гэта звязана з сезонным попытам на валюту (адпачынкі), ці з хранічным яе дэфіцытам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?