Другі намеснік старшыні рады міністраў і кіраўніка МУС Саудаўскай Аравіі прынц Наіф бэн Абдэль Азіз аль Сауд выйграў суд над брытанскай газетай The Independent, якая абвінаваціла яго ў тым, што ён аддаваў загады шэфам паліцыі бязлітасна расстрэльваць дэманстрантаў,
паведамляе Associаted Press.

Аўтар артыкула Роберт Фіск спаслаўся на загад прынца ў інтэрнэце, які выявіўся падробкай.

Высокі суд Лондана абавязаў выданне выплаціць суму, памер якой не абвяшчаецца. Адвакат прынца ужо паведаміў, што грошы пойдуць на дабрачыннасць. Таксама выданне і аўтар артыкула Роберт Фіск абяцалі прынесці прынцу свае самыя «шчырыя прабачэнні».

Абвяржэнне артыкула, апублікаванага 15 красавіка, выйшла ў чацвер. «Хаця артыкул быў апублікаваны з сумленнымі намерамі, мы прызнаем, што загад быў падробкай і што прынц Наіф не аддаваў такіх загадаў. Прыносім свае выбачэнні прынцу Наіфу за шкоду», — піша выданне.

У дачыненні да The Independent вядзецца другі судовы разгляд. У сярэдзіне чэрвеня на газету падаў у суд урад Бахрэйна. Падставай зноў паслужыў артыкул Фіска, дзе гаварылася, што дактары, якія аказваюць дапамогу параненым дэманстрантам, чакаюць суду.

Фіск — адзін з самых вядомых брытанскіх карэспандэнтаў. Ён некалькі разоў браў інтэрв’ю ў лідара «Аль-Каіды» Усамы бэн Ладэна. Тытул найлепшага міжнароднага карэспандэнта года ў Вялікабрытаніі ён атрымліваў сем разоў і двойчы рабіўся проста журналістам года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?