Сьведчаньнем нясьпеласьці нашай дэмакратычнай грамадзкасьці ёсьць стэрэатыпы пра міжнародную палітыку, дзіўныя ўяўленьні пра сьвет, што не дазваляюць вызначыць, у чым палягаюць нацыянальныя інтарэсы краіны. Перачытаўшы некалькі разоў артыкул В.Шаблінскага «Іран: небясьпечны сябра», я так і ня ўцяміў, у чым небясьпека Ірану для Беларусі. Ня думаю, што ён больш небясьпечны, чым іншыя краіны. Падаецца, што сп.Вацлаў занадта сканцэнтраваўся на адной вэрсіі гісторыі — крытычнай да сёньняшняга іранскага рэжыму.

Іран і ядравая праграма

Тэгеран падпісаў Дамову аб нераспаўсюдзе ядравай зброі (дарэчы, Ізраіль яе не падпісаў дагэтуль, але на тое ніхто не зважае) і да самага апошняга моманту дапускаў інспэктараў МАГАТЭ на свае аб’екты. Былі спазьненьні з допускам, але па ўласным досьведзе магу сьцьвердзіць, што ў гэтай краіне спазьненьні — нармалёвая рэч для дзяржапарату.

МАГАТЭ сьцьвярджае: знойдзены дакумэнты, якія сьведчаць пра «выраб нейкіх сфэрычных формаў», у якіх «тэарэтычна можна зьмясьціць ядравы набой». Гэтых дакумэнтаў — паўтары старонкі.

Прыгадваецца аналягічная сытуацыя з Іракам, калі сьвет пераконвалі ў існаваньні ірацкай зброі масавага зьнішчэньня (ЗМЗ), карыстаючыся наступнай аргумэнтацыяй: «Садам — нягоднік і забойца, вядома, у яго ня можа ня быць небясьпечнай ЗМЗ». Зброі не аказалася. Я падтрымліваю зьвяржэньне Садама, але чаму нельга проста сказаць: мы зрынаем Садама за генацыд?

Сёньня аргумэнтацыя падобная: агрэсіўны Тэгеран хоча мець ядравую бомбу, бо ён агрэсіўны. Ігнаруецца той факт, што імкненьне Ірану да панаваньня ў рэгіёне і яго ядравая праграма бярэ пачатак у 1960-х — калі краіна была хаўрусьнікам Амэрыкі, а пры ўладзе стаяў шаг. Таму нічога надзвычайнага ў наяўнасьці ядравай праграмы для сучаснай дзяржавы няма, а аднаўленьне праграмы (пачатак 1990-х) прыпадае акурат на часы адыходу ад радыкальнай ідэалёгіі, а ніяк не на ўздым рэвалюцыі.

Інакш як дзіўным не назавеш пытаньне, нашто Ірану тая праграма, калі тамака столькі нафты і газу? Але ж ідзецца аб прагрэсе і аб тым, што выкапневыя віды паліва ня могуць забясьпечваць чалавецтва вечна. Паліць далей нафту — значыць заставацца ў мінулым стагодзьдзі. Чаму тады ніхто не зьдзівіўся, калі ў сваёй прамове 31 студзеня прэзыдэнт Буш сказаў пра незалежнасьць ад выкапневых энэрганосьбітаў? Ядравая праграма Ірану — звычайнае імкненьне сучаснай дзяржавы да разьвіцьця.

Іран і экспарт Ісламскай рэвалюцыі

Усе адмысловыя органы, што займаліся экспартам рэвалюцыі, спынілі дзейнасьць у сярэдзіне 1980-х з прычыны вычарпаньня месцаў, куды яе можна было б экспартаваць, і адсутнасьці «попыту на рынках». Экспартаваць Ісламскую рэвалюцыю было немагчыма з простай прычыны. Іран — шыіцкая краіна (то бок выклятая для большасьці сунітаў, якія складаюць абсалютную большасьць мусульманаў). Таму шыіцкі аятала Хамэйні так і ня змог пераканаць сунітаў сьвету ў сваёй праўдзе. Для сунітаў шыіты — гэта як для праваслаўных баптысты. То бок здаецца аднаму Богу моляцца, але…

Спробы экспартаваць Ісламскую рэвалюцыю мелі абмежаваны посьпех толькі ў Лібане, Іраку ды сярод аўганскай газарэйскай меншасьці. Але перамогі не ўдалося дабіцца нідзе. Створаная з іранскай дапамогай Найвышэйшая рада Ісламскай рэвалюцыі ў Іраку прыйшла да ўлады ў краіне толькі дзякуючы амэрыканскаму войску!

Наколькі зьмяніліся часы, паказваюць і наступныя факты. Адказным за экспарт рэвалюцыі некалі быў аятала Алі Мантазэры. Сёньня ён — улюбёны герой заходніх мэдыяў, увасабленьне апазыцыі рэжыму. Яшчэ адзін колішні «экспартэр рэвалюцыі» — самы багаты чалавек Ірану Алі Акбар Гашэмі-Рафсанджані, надзея лібэралаў на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах…

Дадам, што ўсе больш-менш годныя даверу доказы ўдзелу Ірану ў тэрарыстычнай дзейнасьці датычаць 1980-х. Назавеце мне хоць аднаго з іранскіх шагідаў за апошнія гадоў пятнаццаць, якімі, Вацлаве, вы нас палохаеце? За апошнія гады мне давялося агледзець нямала мэмарыялаў шагідаў, але вось усе яны былі датаваныя 1980-мі гадамі і загінулі ці ў сутыкненьнях з антыхамэйнісцкай апазыцыяй, ці ў вайне з Іракам.

Гісторыя Ірану

Лаянка на Аляксандра Македонскага і туга па даісламскай Сасанідзкай імпэрыі цікавяць простых іранцаў менш, чым беларусаў сьмерць полацкага князя Рагвалода. Іранцы цьвёрда прыхільныя да шыізму, таму нават суніцкія Таджыкістан і Аўганістан не ўспрымаюцца імі як свае.

Праўда ў тым, што іранская ідэнтычнасьць і дзяржава трымаюцца на шыізьме, а не на пэрсыдзкім нацыяналізьме (пэрсы нават не складаюць большасьці ў краіне). У такіх умовах шыіцкае духавенства заўжды грала значную ролю. Удар па шаскім рэжыме з боку шыіцкіх мулаў быў лягічнай зьявай пасьля спробаў шага абмежаваць правы і самастойнасьць духавенства дый адрадзіць неісламскую спадчыну.

Апроч таго, Хамэйні ня быў тыповым прадстаўніком духавенства, а ідэалёгія Ісламскай рэвалюцыі была распрацавана інтэлектуаламі, што вучыліся ў Эўропе, мае левыя карані і лічыцца ерасьсю сярод большасьці шыіцкага духавенства ў сучасным Іране.

Харызматычны правадыр Хамэйні скінуў шаскую дыктатуру, заснаваў ісламскую рэспубліку, пракляў Рушдзі і зрабіў яшчэ шмат чаго, але ня меў аніякага дачыненьня да пачатку савецкай вайны ў Аўганістане, дзе любое іранскае ўмяшаньне выклікала б ня менш адмоўную рэакцыю, чым дзеяньні Саветаў. Нагадаю, што аўганская апазыцыя сядзела ў пакістанскіх Квэтах і Пэшаварах і мела амэрыканскіх дарадцаў. Іранцы былі занятыя на той час вайной з Іракам.

Небясьпечнае сяброўства Беларусі з Іранам

«Сябруючы з Іранам, мы трапляем у кепскую кампанію». Назаву краіны ў парадку зьмяншэньня іх долі ў замежнагандлёвых сувязях з Іранам: Японія, КНР, Італія, ПАР, Паўднёвая Карэя, Тайвань, Турэччына, Нідэрлянды… Ня толькі недэмакратычная Расея будуе АЭС у Бушэры, але й чэскія фірмы займаюцца энэргазабесьпячэньнем у Іраншагры. Дэмакратычны Тбілісі выратаваўся ад газавага расейскага імпэрыялізму з дапамогай Тэгерану. Армэнія выстаяла ў вайне з Азэрбайджанам, абапіраючыся ў тым ліку на іранскую дапамогу.

У палітычным пляне рэжым у Іране даўно ўжо не такі ізаляваны, бо мае кантакты з усім сьветам, за выняткам ЗША і Ізраілю. Таму злавіць на кантактах з Тэгеранам можна ўвесь сьвет.

Калі не зважаць на мінулае рэжыму, дык ёсьць усе падставы сьцьвярджаць: Іран ёсьць на сёньня адной зь дзьвюх найбольш дэмакратычных дзяржаваў Блізкага Ўсходу, дзе адбываюцца выбары, ёсьць апазыцыя і канкурэнтная палітыка. Другая такая краіна — Ізраіль.

Ніводная дзяржава сьвету ня можа праігнараваць велізарны Іран, у тым ліку і Беларусь. Да таго ж ён занадта блізка знаходзіцца ад Беларусі, каб можна было грэбліва называюць яго «небясьпечным экзатычным сябрам». Ад Гомелю да Табрызу прыкладна столькі ж, колькі ад Горадні да Лівэрпулю. Час зразумець, што Іран — гэта не далёкае афрыканскае каралеўства, якому можна прадаваць іржавыя шрубалёты. Іран — гэта вялікая і багатая прыроднымі выкапнямі краіна, што імкліва ўзмацняецца эканамічна і будзе граць важную ролю ў сьвеце ў будучыні. Гэта краіна, дзе нам варта быць.

У дачыненьнях з Іранам нам варта пакласьціся на рэальна існуючы патэнцыял дзеля разьвіцьця эканамічнае супрацы. Палітычныя матывы — спэцыфіка адносінаў Ірану з ЗША, Ізраілем і г.д. — павінны адысьці на другі плян. У гэтым наш нацыянальны інтарэс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0