На 22 жніўня гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны, Леанід Судаленка і Віктар Адзіночанка заявілі пікеты ў найбольш шматлюдных месцах абласнога цэнтра. Яны плануюць звярнуць увагу гараджан на прымяненне крымінальнага заканадаўства для палітычнай расправы над кіраўніком незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесем Бяляцкім.

Як паведаміў юрыст Леанід Судаленка, 6 жніўня праавабаронцы адправілі заяўкі ў гарвыканкам заказнымі лістамі.

Выбраныя тры месцы для пікетаў: цэнтральны рынак, пляцоўкі перад універмагам «Гомель» і гандлёвым домам «Рэчыцкі».

«У любым дэмакратычным грамадстве такія няўрадавыя арганізацыі, як „Вясна“, адыгрываюць значную ролю. Прызнаючы гэтую ролю, дзяржавы свету заканадаўча забяспечваюць умовы, неабходныя для працы і росквіту трэцяга сектара, а не імкнуцца маргіналізаваць грамадзянскую супольнасць, адмаўляючы ў рэгістрацыі, пераследуючы і затрымліваючы актывістаў няўрадавых арганізацый», — напісалі ў сваіх заяўках у Гомельскі гарвыканкам праваабаронцы.

Крымінальную справу ў дачыненні да Алеся Бяляцкага гомельскія праваабаронцы ўспрымаюць як расправу і помсту за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць, а таксама як імкненне знішчыць цэнтр «Вясна» і запалохаць увесь праваабарончы рух у Беларусі.

Праваабаронцы таксама заклікаюць грамадзянскую супольнасць Гомельскай вобласці падтрымаць іх ініцыятыву, у масавым парадку пратэставаць супраць прымянення крымінальнага заканадаўства ў дачыненні да Бяляцкага, а таксама вылучаць патрабаванні да ўлады аб спыненні ўсіх рэпрэсій адносна апазіцыйных няўрадавых арганізацый і іх актывістаў, патрабаваць вызвалення ўсіх палітзняволеных у Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?