Раман беларускага журналіста і пісьменніка Віктара Марціновіча «Параноя» ў перакладзе на ангельскую мову выйдзе ў канцы 2012 года ў амерыканскім выдавецтве Northwestern University Press.

Пра тое, што раман Марціновіча трапіў у лік 11 замежных кніг, пераклад якіх праспансаруе Амерыканскі ПЭН-клуб, стала вядома з заявы, надрукаванай на сайце арганізацыі.

Усяго на разгляд дарадчай групы было прадстаўлена больш за 130 кніг з самых розных краінаў.

Перакладам «Параноі», якая атрымала неадназначную ацэнку беларускіх і расійскіх чытачоў, зоймецца Дыяна Немец Ігнашава, спецыяліст па рускай літаратуры, доктар філасофіі і выкладчык Чыкагскага ўніверсітэта.

У інтэрв’ю часопісу перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет» перакладчыца сцвярджае: цікавасць да рамана абумоўленая як эстэтыкай, так і палітыкай.

— Спадарыня Дыяна, сёння беларуская літаратура практычна не перакладаецца і не выдаецца ў ЗША. Прыемнае выключэнне — вершы беларускамоўнай паэткі Вальжыны Морт, якая ўжо некалькі гадоў жыве ў Амерыцы. Як Вы лічыце, чым абумоўленая цікавасць да рамана Віктара Марціновіча «Параноя» з боку Амерыканскага ПЭН-клуба і выдаўца? І (дазволім сабе правакацыю) як Вам падаецца, у якой ступені гэтая зацікаўленасць палягае ў сферы палітыкі, а ў якой — у сферы літаратуры?

— Я думаю, цікавасць да рамана Віктара Марціновіча абумоўленая і літаратурнай эстэтыкай, і палітыкай. Справа ў тым, што Майк Левайн, рэдактар выдавецтва Паўночна-Заходняга ўніверсітэта (Northwestern University Press), які парэкамендаваў раман радзе выдавецтва, а таксама перакладчыку, мае выдатны літаратурны густ, а само выдавецтва вядомае сваімі серыямі замежнай літаратуры ў перакладзе на ангельскую, пра што сведчыць спіс твораў, выдадзеных Northwestern University Press.

У плане выкшталцонасці Віктар Марціновіч трапіў у выбітную кампанію аўтараў, якія выйшлі ў перакладзе пад грыфам NUP: ад Генрыха Бёля да Марыны Цвятаевай. На той час, калі мы з Майкам абмяркоўвалі гэты праект, Майк меў толькі вельмі прыблізны аматарскі пераклад першых дваццаці-трыццаці старонак рамана. Таму я дапускаю, што першапачатковая цікавасць выдавецтва да рамана была ўсё-ткі выкліканая палітыкай. Бо ў рэцэнзіі на «Параною», «У найцямнейшай Беларусі», якая выйшла ва ўплывовым штодзённіку New York Review of Books ад 28 кастрычніка 2010 г., Цімаці Снайдэр надае даволі шмат увагі палітычным элементам самога рамана і падзеям, якія адбыліся пасля яго з’яўлення ў друкаваным выглядзе ў Мінску. Аднак вырашальным фактарам сталі ўсё ж літаратурныя вартасці твора, у чым выдавецтва змагло пераканацца па другім, ужо прафесійным перакладзе асобных яго частак.

Што да цікавасці Амерыканскага ПЭН-клуба, то ў лісце, які абвяшчаў пра атрыманне гранту, старшыня журы Майкл Мур абмежаваўся толькі абагульненнем з нагоды «арыгінальнасці прапанавага праекту і якасці перакладу».

— Раман кансультацыйная рада Фонду падтрымкі перакладаў абрала з больш чым 130 кніг пісьменнікаў розных краінаў. А ці былі творы іншых беларускіх або ўсходнееўрапейскіх пісьменнікаў у спісе намінантаў?

— Не магу сказаць штосьці пэўнае, бо спісу заявак няма ў адкрытым доступе. Але калі паглядзець на спісы твораў, якія атрымалі падтрымку Фонду ў папярэднія гады, можна пераканацца, што сярод іх някепска былі прадстаўленыя рускія, польскія, чэшскія і іншыя ўсходнееўрапейскія літаратурныя школы. Натуральна, 11 са 130 — гэта жорсткі конкурс, але нягледзячы на «арыгінальнасць прапанавага праекту і якасць перакладу», варта аддаць належнае і проста шчасліваму выпадку.

— Як Вы лічыце, чым можа раман беларуса Віктара Марціновіча прыцягнуць амерыканскага чытача?

— У нашую кампутарызаваную эпоху цяжка здагадацца, што менавіта зможа ўздзейнічаць на чытача. З пункту гледжання перакладчыка на карысць Марціновіча шмат пазітыўных фактаў: жывая мова, шмат постмадэрнісцкай гульні — моўнай і агульнакультурнай, «кіношныя» візуальныя вобразы, востры сюжэт з класічнай і агульнадаступнай расстаноўкай дабра і зла. Безумоўна, дасведчаны чытач адчуе і ўплыў на аўтара рускіх класікаў, асабліва Гогаля, Дастаеўскага, Чэхава і Булгакава. Як гэта ні сумна, але пагаршэнне палітычнай сітуацыі ў Беларусі зможа толькі пазітыўна паўплываць на ўспрыняцце рамана англамоўнымі чытачамі.

— Ці знаёмыя Вы з творчасцю іншых беларускіх пісьменнікаў? Як Вы лічыце, ці можа пераклад рамана Віктара Марціновіча ў некаторай ступені абудзіць цікавасць амерыканцаў да беларускай літаратуры і Беларусі ў цэлым?

— З творчасцю маладых беларускіх пісьменнікаў я знаёмая мала, і для складання заяўкі на грант мне давялося «прагартаць» у інтэрнэце нямала аглядаў і прагледзець запісы інтэрв’ю і гутарак пра сучасную беларускую літаратуру. Беларускіх пісьменнікаў, вартых увагі замежных чытачоў, натуральна, нямала. Будзем спадзявацца, што пераклад рамана Віктара Марціновіча, які разлічаны не толькі на амерыканцаў, дапаможа абудзіць цікавасць да беларускай літаратуры англамоўнай чытацкай аўдыторыі і за межамі ЗША.

З нагоды выхаду рамана Еўрарадыё звярнулася па каментар да В. Марціновіча.

Еўрарадыё: У ЗША плануюць выпуск Вашага рамана «Параноя». Ці чакалі Вы, што ім зацікавяцца ў ЗША?

Марціновіч: Я першы раз пра гэта чую і збянтэжаны трохі гэтай навіной. Я не чакаў. Тое, што я чуў і што я ведаю — гэта амерыканскае выдавецтва Northwestern University Press набыло правы на пераклад гэтага рамана і яго выдання. Мая лонданская агентка зрабіла ўсю папяровую працу, і яны сказалі мне, каб я чакаў дзесьці год, бо тэкст складаны, і нейкі знакаміты перакладчык будзе даволі доўга з ім корпацца. Гэта ўсе, што я ведаў. Пасля гэтага мы шэсць месяцаў ніякіх навінаў не мелі і тут тэлефануе Еўрарадыё… Гэта прыемна і дзіўна.

— Як «Параною» могуць успрыняць чытачы з ЗША, якой яны пабачаць Беларусь?

— Гэты твор пранікнёны маім пачуццём да Мінску. Здаецца, што адзінай натуральнай рэакцыяй з боку амерыканцаў будзе зацікаўленне Мінскам і спроба зрабіць сюды вандроўку, каб пабачыць наш дзіўны горад.

Відавочна, што Беларусь у «Параноі» пададзеная, як было напісана пра гэта ў газеце The New York Times, змрочнай краінай, аднак пры гэтым яна вельмі асаблівая і вельмі прыгожая ў сваёй змрочнасці. Усё астатняе будзе вельмі моцна залежыць ад якасці перакладу, ад таго як перакладчык здолее перадаць тую энергетыку, якой набрыняў гэты тэкст.

Я рабіў усё магчымае, каб выйсці за межы штампаў пра «апошнюю дыктатуру Еўропы», каб падаць Беларусь цікавай, інтэлектуальнай краінай, на вуліцах якой гучыць класічная музыка, гучыць Моцарт, і якая мае вельмі старажытныя традыцыі і карані».

— Ці рабілі вы нейкія праўкі з разлікам на амерыканскага чытача?

— Калі я пісаў гэты тэкст, неяк падсвядома намагаўся зрабіць яго адразу канвертаваным для інтэрнацыянальнага чытача. Гэта адзін з нешматлікіх беларускіх сучасных раманаў, які можа сябе прадаваць без усялякіх адаптаванняў па-за межамі Беларусі. «Параноя» павінная быць зразумелая ўсім — гэта так проста і так уцямна, што там і правак ніякіх не трэба рабіць было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?