Нават дасведчаныя аператыўнікі раскрылі раты, калі трапілі ў падмаскоўны палац сціплага дырэктара маскоўскай школы № 1317 Канстанціна Пятрова.

Маёнтак 32-гадовага Канстанціна Пятрова следчыя ацанілі ў 20 млн даляраў

Маёнтак 32-гадовага Канстанціна Пятрова следчыя ацанілі ў 20 млн даляраў

У маёнтку аператыўнікі знайшлі гараж на пяць машын і мноства пакояў, упрыгожаных золатам, мармурам, жэмчугам і шкурамі экзатычных жывёл.

У маёнтку аператыўнікі знайшлі гараж на пяць машын і мноства пакояў, упрыгожаных золатам, мармурам, жэмчугам і шкурамі экзатычных жывёл.

Ландшафт маёнтка

Ландшафт маёнтка

У двары білі 25-метровыя фантаны цаной 4 млн расійскіх рублёў.

У двары білі 25-метровыя фантаны цаной 4 млн расійскіх рублёў.

Басейн, распісаны фрэскамі «пад Мікеланджэла»

Басейн, распісаны фрэскамі «пад Мікеланджэла»

На кіраўніка адукацыйнай установы завялі крымінальную справу за крадзеж з апякунскага фонду. Але рэальны маштаб крадзяжоў па-сапраўднаму атрымалася ацаніць толькі пасля ператрусу.

«Камсамолка» вырашыла высветліць, як атрымалася так узбагаціцца школьнаму дырэктару. Чаму на вачах ва ўсіх яму ўдалося ператварыць адукацыйную ўстанову ў выгаднае прадпрыемства?

Узровень падае

Задаць пытанні Канстанціну Пятрову пракуратура збіралася яшчэ ўвосень мінулага года. Але як толькі інфармацыя пратачылася ў СМІ, крымінальную справу з таямнічых прычынаў прыкрылі і аднавілі толькі вясной. Гэтым разам дырэктару выкруціцца не ўдалося. Цяпер супраць яго сведчыць не толькі мільённы банкаўскі рахунак, але і маёнтак у Нара-Фамінскім раёне.

— 28 мільёнаў расійскіх рублёў з фонду ён перавёў на сваю банкаўскую картку. А яшчэ 200 млн рублёў разышлося па картках, аформленых на іншых людзей. Але ўсе яны дасталіся Пятрову, — 26-гадовы следчы Нікулінскай міжраённай пракуратуры Павел Кузняцоў і сам, падобна, узрушаны фінансавым геніем дырэктара. — Думаю, школа з усіх бацькоўскіх сумаў атрымала мільёны два-тры. Усе патрэбы ўстановы пакрываліся з бюджэтных грошай, ад якіх Пятроў таксама адхопліваў сабе кавалак. Фінансавыя справаздачы фонду — суцэльная ліпа: на адну закупку электралямпаў маглі спісаць 100 тысяч рублёў. Залатыя былі лямпы, мабыць!

У адрозненне ад свайго неасцярожнага калегі з маскоўскай школы № 1308, які нядаўна сеў у турму за вымагальніцтва грошай у бацькоў, Канстанцін Уладзіміравіч прымаў усе неабходныя меры засцярогі.

Трапіць да яго ў кабінет бацькі маглі, толькі прайшоўшы металашукальнік і пакінуўшы ў сейфе сумкі і тэлефоны. Сума ўнёску за паступленне — у сярэднім 150–300 тысяч рублёў — пісалася на сурвэтцы.

— Калі Пятроў бачыў, што чалавек багаты, ён патрабаваў і больш, — дадае Кузняцоў. — Адзін бацька выклаў за паступленне дзіцяці мільён. Мужчына быў упэўнены, што гэта прыватная школа.

Уступныя ўнёскі і штомесячныя бацькоўскія выплаты (у апошні год яны выраслі да 9–13 тыс. рублёў) ішлі ў апякунскі фонд. А адтуль расцякаліся па банкаўскіх картках выбраных настаўнікаў. Настаўнікі здымалі іх і здавалі Пятрову. Сам ён, дарэчы, у штабе фонду не лічыўся.

Трэба адзначыць, што была ў школе і сістэма зніжак. Калі школьнік вучыўся на «выдатна», яго бацькі плацілі палову штомесячнай сумы. Палёгкі даваліся братам і сёстрам вучняў: другое дзіця «каштавала» ў два разы менш, а трэцяе вучыўся, як і патрабавала заканадаўства, бясплатна. Былі льготы і для старажылаў: тыя, хто вучыцца ў школе даўно, плацяць менш за навічкоў.

Журналістка «Камсамолкі» пацікавілася ў вучаніцы Машы, ці падабалася ёй палітыка былога дырэктара.

— Думаю, яго правіны перабольшваюць, — заступілася за Пятрова Маша. — Мае бацькі кажуць, што без гэтых пабораў узровень выкладання і тэхнічнай забяспечанасці быў бы нашмат ніжэйшым. Нас кошт і вынік цалкам задавальнялі.

Падарункі чыноўнікам вазілі машынамі

Акрамя бацькоўскіх грошай на рахунак школы штомесяц прыходзіла па 700 з лішнім тысяч рублёў бюджэтных датацый. Установа мела статус «школы здароўя». А гэта азначае дадатковае фінансаванне. У штатным раскладзе школы значыліся аж 370 чалавек — акрамя настаўнікаў — медыкі, выхавальнікі. На кожнага даводзілася відавочна завышаная колькасць ставак. Здзіўляюць і незвычайна высокія афіцыйныя зарплаты дырэктара і шматлікіх настаўнікаў.

— 206 тысяч 446 рублёў 92 капейкі — афіцыйная зарплата Пятрова. — Павел Кузняцоў адкрывае папку з дакументамі. — Або вось, у настаўніка англійскай мовы — 119 656 рублёў. Рэальна людзі такіх заробкаў не атрымлівалі, яны бралі 40 тысяч, а астатняе, ізноў жа гатоўкай, аддавалі дырэктару.

Выклікае пытанні і галавакружная кар’ера аферыста: у 32 гады ў Пятрова тры вышэйшыя адукацыі, ступень кандыдата педагагічных навук і шэраг прэмій у сферы адукацыі. У школу № 1317 ён прыходзіць адразу дырэктарам, у 24 гады!
Талент талентам, але без сувязяў тут ніяк не абысціся. Вось і калегі Пятрова пагаворваюць, што яго 60-гадовая маці Любоў Мікалаеўна таксама мае дачыненне да сферы адукацыі. Ды і з чыноўнікамі на кароткай назе. Праўда, дакладнае месца працы таямнічай мамы вылічыць не ўдалося.

Але, як стала вядома следству, лаяльнасць чыноўнікаў падмацоўвалася і цалкам матэрыяльнымі аргументамі.

— У Заходняе ўпраўленне адукацыі падарункі адвозілі да ўсіх святаў, — тлумачыць Кузняцоў. — Каму сапраўды яны прызначаліся, высвятляем. Але раз Пятроў багацеў не па днях, а па гадзінах — значыць, падарункі працавалі.

Ва ўпраўленні адукацыі ад каментароў адмовіліся. Валянціна Бадзіл, былая начальніца ведамства, што пакінула свой пост летась, адказваць таксама не захацела:

— Пакуль у мяне на руках няма матэрыялаў следства, нічога сказаць не магу.

Кіроўца лічыўся настаўнікам гісторыі

Журналістка спадзявалася пагаварыць з настаўнікамі — як яны столькі гадоў патуралі дырэктару? Але брама на школьны двор была надзейна замкнутая. З будынка, жмурачыся ад сонца, выбраўся ахоўнік. «Проста так мы нікога не пускаем, тэлефануйце ў сакратарыят», — адчаканіў вартаўнік і флегматычна патупаў назад. «Каментароў не даем», — сказалі і ў сакратарыяце. Адзінае суцяшэнне — тут такія далікатныя не толькі з прэсай: у школу і следчых пускалі вельмі неахвотна.

Педагогі, на якіх удалося выйсці праз сацыяльныя сеткі, нібы вады ў рот набралі. Але адна з настаўніц пагадзілася сустрэцца і пагаварыць.

— Безумоўна, Пятроў — вельмі таленавіты мэнэджар, — прызнала Ірына (імя змененае — Заўвага «КП»). — За 9 гадоў з нуля зрабіў школу адной з самых прэстыжных у горадзе. Калі б ён не стаў красці нахабна, то дамогся б і больш уражлівых вынікаў.
Пачыналася ўсё бяскрыўдна. Так, бацькі плацілі штомесячныя ўнёскі, але даволі сціплыя — па 2900 рублёў. З іх частка ішла на даплаты супрацоўнікам — настаўнікам, кухарам, прыбіральшчыцам. Ці падкрадаў Пятроў тады — ніхто не ведае. Выходзіць за рамкі ён пачаў годзе ў 2009-м. Мабыць, адчуў поўную беспакаранасць. Але прамацваць глебу ён пачаў гадоў 6–7 таму, шукаў падыходы да настаўнікаў — з кім можна дамовіцца, а з кім нельга. Паступова набралася «каманда», якая пагадзілася дапамагаць яму ў махлярстве. Яе ўзначаліла Святлана Нікіценка — цяперашні выканаўца абавязкаў дырэктара. Яна, дарэчы, пісала за Пятрова дысертацыю і навуковыя артыкулы. Па дзіўным супадзенні, усе канцылярскія тавары для школы закупляліся ў фірме, дзе працаваў яе муж.
Памочнікаў у дырэктара было шмат, і не заўсёды іх паўнамоцтвы адпавядалі службовым абавязкам.
Асабісты кіроўца Пятрова лічыўся настаўнікам гісторыі — і адказваў за збор даніны з настаўнікаў. Адна з сакратарак выконвала функцыю кадравіка і праводзіла гутаркі c новымі педагогамі. Іншая фактычна была намеснікам Пятрова па дзелавых пытаннях. Рабочы-электрык Мікалай Сухачоў меў паўнамоцтвы заўхоза. Зрэшты, тым, хто бачыў гэтага Сухачова, зразумела, чаму Пятроў ставіўся да яго асбліва прыязна — сваёй нетрадыцыйнай арыентацыі наш дырэктар ніколі не хаваў.

Канстанцін Уладзіміравіч з усяго ўмудраўся здабыць выгаду. У «школе здароўя» на бюджэтныя грошы пабудавалі саляную пячору, гатавалі кіслародныя кактэйлі. Пятроў казаў бацькам, што гэтая раскоша з’явілася дзякуючы іх узносам. Эканоміў на рамонтах — іх рабілі супрацоўнікі школы, ахоўнікі і рабочыя. А потым усё афармлялася, быццам была найманая фірма з боку. Некалькі гадоў таму сталі платнымі гурткі — па 950 рублёў у месяц. Два з іх — англійская мова і інфарматыка — былі абавязковыя для наведвання. Плаціць трэба было і за тое, каб першакласнік трапіў у клас да пэўнага настаўніка, прычым самі педагогі пра гэта доўгі час не падазравалі.

Тонкі псіхолаг або энергетычны вампір?

— Чаму ж бацькі былі так задаволеныя дырэктарам, нягледзячы на паборы? — Пацікавілася я.

— Пятроў усё па-майстэрску разлічыў — у школе ўсё рабілася, каб дагадзіць бацькам, — прапанавала сваю версію Ірына. — Яны маглі кантраляваць настаўнікаў і ўвесь адукацыйны працэс у цэлым. Так, установа ўсё-ткі нядрэнна забяспечаная — у нас ёсць электронныя дошкі, праектары ў кожнай аўдыторыі. Але галоўнай перавагай у вачах бацькоў было адчуванне іх улады. Тут жа ў асноўным вучыцца залатая моладзь. Да настаўнікаў хлопцы ставяцца грэбліва. Могуць устаць і выйсці пасярэдзіне ўрока або прагуляць занятак. Але ў любым канфлікце паміж настаўнікам і вучнем паводле азначэння быў вінаваты настаўнік. І яго ў любы момант маглі зняць праз скаргі бацькоў.

Зрэшты, настаўнікі самі пагадзіліся на такое становішча дзеля стабільных і досыць высокіх заробкаў. Многія з іх шчыра падтрымалі Пятрова і цяпер. І не хочуць нічога мяняць.
Іх можна зразумець — навошта пазбаўляцца зручнай кармушкі? І калі б дырэктар не перагнуў палку, наўрад ці многія ўспомнілі б пра маральны аспект яго крадзяжу.

— Да ўсіх у яго быў розны падыход — кагосьці падкупіў, кагосьці запалохаў, — працягнула Ірына. — Запалохаць ён мог — у апошнія гады ён стаў свайго кшталту энергетычным вампірам. Калі з ім не згаджаліся, падымаў крык на ўсю школу. Адну настаўніцу пасля зносін з ім неяк павезлі на «хуткай» — Канстанцін Уладзіміравіч адчытаў яе за тое, што яна паставіла некалькі двоек за кантрольную. Крычаў так, што ў жанчыны падняўся ціск.

Сваю цягу да раскошы Пятроў таксама не ўтрымаў у рамках прыстойнасці. Спачатку яшчэ саромеўся настаўнікаў — пра першую машыну «Аўдзі», набытую тры гады таму, сказаў, што набыў яе ў крэдыт. Але кіроўца растрапаў, што за ўсё плацілі адразу, ды яшчэ і ў еўра.

— А потым ён ужо раз’язджаў на BMW X6, — успамінае Ірына. — Праўда, прапаркоўваў яго не каля школы, а за рогам суседняга будынка — мабыць, заступнікі намякнулі, што не варта так паліцца перад бацькамі.

Катэдж ён пачаў будаваць некалькі гадоў таму — рукамі рабочых школы, яны ўвесь час туды ездзілі. Яны ж рамантавалі і адну з яго кватэр — на Нікулінскай вуліцы, недалёка ад школы. Расказвалі, што там усё застаўлена дарагім антыкварыятам.
У катэдж прыязджалі і нашыя кухары. Туды рэгулярна прывозілі прадукты са школьнай сталовай. Прычым ва ўмовах строгай канспірацыі — непадалёк ад вёскі іх забіраў кіроўца Пятрова. Я думаю, гэта каб лішнія людзі не ведалі, дзе знаходзіцца дом.

Мяркуючы па ўсім, катэдж і стаў пачаткам канца для сквапнага дырэктара: на яго ўтрыманне сыходзіла зашмат сродкаў. У апошнія два гады Пятроў усё менш дзяліўся са школай і прыдумляў новыя спосабы ўзбагачэння. Некаторыя бацькі пачалі наракаць і напісалі заяву ў пракуратуру. Ды і частка настаўнікаў перастала заплюшчваць вочы на «пабочныя эфекты» працы. Так і выявіліся фінансавыя махінацыі «таленавітага кіраўніка».

Памочнікі Пятрова чакаюць «другога прышэсця»

Пасля нядаўняга ператрусу ў палацы былога дырэктара наступіла зацішша. Не чуваць ні крокаў, ні галасоў, хоць тут, кажуць, па-ранейшаму жыве мама Пятрова з прыслугай. На званкі ў брамку ніхто не рэагаваў. На ўсіх вокнах зашморгнутыя шторы і жалюзі. Пазалочаныя краты плота легкадумна блішчаыць на сонцы, але за імі — суцэльная агароджа. Калі ўчапіцца за чыгунныя завіткі і зірнуць праз плот, можна ўбачыць любімую цацку гаспадара — BMW X6, прыпаркаваную каля дома. Сам катэдж з высокай вежачкай і шакаладнага колеру дахоўкай нагадвае пернікавыя хаткі з нямецкіх казак — утульны проста да прыкрасці. Мабыць, з дапамогай грошай Пятроў спрабаваў увасобіць свае дзіцячыя мары — адсюль і фантастычныя інтэр’еры, якія ўзрушылі аператыўнікаў.

— Адсюль ужо тыдні два ніхто не выходзіў, — паведамляюць мясцовыя гастарбайтары. Тыя, хто па будаўнічых справах залазіў на дахі суседніх катэджаў, бачылі ў садзе пажылую гаспадыню дома і мужчыну — «мабыць, садоўніка».

Мужу сваёй найбліжэйшай суседкі Наталлі дырэктар Пятроў прадставіўся будаўнічым магнатам. Ад іх участка тэрыторыя дырэктара аддзеленая высачэзным плотам — нават з вокнаў другога паверха не відаць, што дзеецца па той бок.

— Плот ён абяцаў потым зрабіць ніжэйшым, спасылаўся на тое, што ў нас ішлі будаўнічыя працы і было шумна, — распавядае Наталля. — А наогул ствараў уражанне адэкватнага чалавека, усё вакол акультурваў, успрымаў нашу вуліцу як частку свайго маёнтка. Шлагбаўм паставіў, асфальтавую дарогу праклаў. Яе яшчэ працоўныя кожны дзень мылі, каб ён мог па ёй раніцамі ў тапачках шпацыраваць…

Хто стане наступным дырэктарам школы № 1317, пакуль невядома. Магчыма, новага кіраўніка ў Дэпартаменце адукацыі прызначаць ужо да 1 верасня. Цяпер установай кіруе набліжаная Пятрова Святлана Нікіценка. Зрэшты, кіруе яна толькі фармальна.

— Былы дырэктар рэгулярна дае ёй указанні па тэлефоне, — з прыкрасцю кажа следчы Кузняцоў. — Яна ўсё робіць па яго ўказцы. З пасады яе зняць не атрымалася — у штабе апякунскага фонду яна не была, у фінансавых махінацыях не свяцілася.

Па словах Ірыны, апошні раз традыцыйная даніна Пятрову збіралася зусім нядаўна — 20 чэрвеня. А позвы, дасланыя з пракуратуры, большасць педагогаў проста праігнаравала — адміністрацыя школы пераканала іх, што ім за гэта нічога не будзе. Да нядаўняга часу настаўнікі верылі, што Пятроў абавязкова вернецца — такі авантурыст ад бога не можа не выкруціцца. Казалі, што ўсё на мазі, што ўдалося заплаціць патрэбным людзям, і крымінальную справу хутка прыкрыюць.

— Ён увесь час казаў, што хворы, і абяцаў прыйсці на наступным тыдні, — кажа Ірына. — У сакавіку зайшоў у школу на некалькі гадзін раздаць каштоўныя ўказанні набліжаным. І гэта нягледзячы на тое, што ад следства ён хаваецца са студзеня.
А апошні раз хтосьці з бацькоў бачыў яго ў маі ў прадуктовай краме. Ён паўсміхаўся і паабяцаў, што хутка вернецца.

— Бацькі баяцца, што з сыходам зручнага для іх кіраўніка школа ўжо не будзе ранейшай. І забіраюць дзяцей — у адным з 7-х класаў сышло дзве траціны вучняў, многія збеглі з пачатковай школы. Афіцыйная прычына — «перастаў задавальняць узровень адукацыі». І сапраўды, многім настаўнікам сёлета было не да якасці. І чаго чакаць ад змены начальства, яны пакуль таксама не разумеюць.

— Самае крыўднае, што першапачаткова ідэя была добрая, — наракае Ірына. — Апякунскія фонды існуюць у многіх навучальных установах, яны дапамагаюць школам развівацца. Пятроў апярэдзіў свой час — бо цяпер, з камерцыялізацыяй школўа, дзяржава менавіта гэтага і патрабуе ад дырэктараў: стаць эфектыўнымі мэнэджарамі. Яго б энергію ў мірнае рэчышча, як кажуць.

Што праўда, тое праўда.

Дырэктар школы № 1317 умудрыўся стварыць сістэму ідэальнай раўнавагі, у якой практычна ўсе былі задаволеныя — і дзеці, і бацькі, і настаўнікі, і чыноўнікі.
У Расіі гэта здараецца так рэдка, што ўдзельнікам працэсу было неяк ніякавата асуджаць яго за крадзеж — урэшце, крадуць многія, а гэты хаця б і іншым робіць добра. Але Пятроў сам жа і разбурыў ідылію — занадта моцна паверыў у сваю магутнасць. Яго гісторыя падымае важнае пытанне: а што будзе ў далейшым з усімі гэтымі дырэктарамі-прадпрымальнікамі новага ўзору? Ці многія змогуць выстаяць перад спакусамі, якія ставіць перад імі сама сістэма адукацыі, карумпаваныя чыноўнікі, недасканалая бухгалтэрыя, бацькі, гатовыя плаціць за тое, каб іх дзіця трапіла ў добрыя рукі? Атрымліваецца, калі дырэктар не дурны і амбіцыйны (а толькі такі чалавек зможа прадуктыўна кіраваць школай), у гэтых умовах яму простая дарога ў аферысты?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?