Кіраўніцтва калоніі спаслалася на «службовую неабходнасьць».
11 жніўня адвакат палітзьняволенага Зьмітра Дашкевіча чарговы раз паспрабаваў сустрэцца са сваім падабаронным у папраўчай калоніі №9 у Горках. Аднак адміністрацыя калоніі адмовіла ў сустрэчы, спаслаўшыся на «службовую неабходнасьць».
Адвакат будзе абскарджваць неабгрунтаванае рашэньне адміністрацыі калоніі, а таксама паспрабуе наведаць Зьмітра Дашкевіча на наступным тыдні.
Таксама стала вядома, што Зьміцер Дашкевіч выйшаў з штрафнога ізалятару, куды ён быў зьмешчаны ўжо ў трэці раз за час адбыцьця пакараньня. Прычынай чарговага спагнаньня сталася нібыта «адмова ад працы» з боку зьняволенага. Адвакат Зьмітра Дашкевіча ўважае, што падабароннага зьмясьцілі ў ШЫЗА з надуманай прычыны.
24 сакавіка 2011 году Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны на 2 гады калоніі агульнага рэжыму за хуліганства (арт. 339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). Яго і Эдуарда Лобава зьвінавацілі ў тым, што 18 сьнежня 2010 года з хуліганскіх намераў яны «беспадстаўна і наўмысна» зьбілі двух грамадзян.
Нагадаем, што кіраўніцтва Горацкай калоніі на ранейшыя патрабаванні дапусціць да Дашкевіча адваката заявіла, што «з ім усё нармальна».