Сталі вядомыя прозвішчы некаторых асуджаных удзельнікаў падзеяў на плошчы Незалежнасці 19 сьнежня мінулага года, якіх памілаваў Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня.
Усе яны адбывалі пакараньне ў Бабруйскай калоніі. Сярод іх Зміцер Дрозд, Арцём Грыбкоў, Сяргей Казакоў.
Верагодна, што сярод памілаваных таксама Уладзімір Лобан і Аляксандр Класкоўскі.Інфармацыя пра апошніх ўдакладняецца.
Зміцер Дрозд
Арцём Грыбкоў (на пярэднім плане)
Нагадаем, што рашэньне аб памілаваньні прынята на падставе просьбаў асобаў, з улікам таго, што яны асэнсавалі проціпраўны характар сваіх дзеяньняў, прызналі віну і шчыра раскаяліся. гаворыцца ў паведамленьні.
Дзмітрый Дрозд і Андрэй Пратасеня былі асуджаныя 5 мая судом Кастрычніцкага раёна Мінска. Абодва яны прызнаныя вінаватымі па частцы 2 артыкула 293 КК (удзел у масавых беспарадках) і прыгавораныя да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Сяргей Казакоў асуджаны 12 мая судом Маскоўскага раёна Мінска на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Арцём Грыбкоў асуджаны 26 мая судом Ленінскага раёна сталіцы і прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з прымусовым лячэннем ад алкагалізму.
Аляксандра Класкоўскага суд Ленінскага раёна Мінска 26 мая прызнаў вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: удзел у масавых беспарадках; знявага прадстаўніка ўлады; самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы. Ён прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Уладзімір Лобан быў асуджаны 12 мая судом Маскоўскага раёна Мінска і прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

