Ядвіга Дамінікаўна была «дахам» для «неблагонадёжнага» студэнцтва.
Ядвіга Грыгаровіч, сакавік 2002. Photo.bymedia.net.
Адпяванне, арган Чырвонага касцёла, безліч людзей. Сярод іх —былыя студэнты, аспіранты — тыя, хто бачыў у Ядвізе Дамінікаўне больш, чым Галоўнага Адміністратара дзяржаўнай навучальнай установы.
Паступаў ва ўнівер з падсвядомым жаданнем творчасці. І атмасфера творчасці адкрылася мне праз драбніцу: малюнкі і вершы, вывешаныя якімсьці студэнтам на дошцы аб’яваў, выпадкова сустрэтыя Вераніка Круглова (Kriwi) і Піт Паўлаў (NRM), гукі дуды з універсітэцкіх аўдыторый (У «Кульку» вучыліся музыкі кожнага другога мінскага гурту, ад «Лепрыконсаў» да «Старога Ольсы»). Потым зразумеў, што гэтая атмасфера была нейкім нябачным чынам звязаная з той, хто кіраваў нашым «Кульком» (дарэчы, Ядвіга Дамінікаўна вельмі не любіла гэтай назвы, так блізкай усім, хто скончыў гэтую ўстанову).
Рэктарку на першых курсах бачыў толькі на калідорах, і мяне здзіўляла, што яна (рэктарка!) можа проста падысці да групкі студэнтаў і ціха пагаварыць.Або памятаю, як яна адказвала на пытанні студэнцкай аўдыторыі (такое рэгулярна практыкавалася ва ўніверы) — пры гэтым шукала адказу на праблемнае пытанне разам са студэнтам, які яго задае.
Але вось і першыя сустрэчы: я — у складзе гістарычна-краязнаўчага таварыства «Этна». Ядвіга Дамінікаўна — у ролі «даху» над «неблагонадёжным» студэнцтвам.
Яе муж — колішні старшыня КДБ. Гэта давала магчымасць Ядвізе Дамінікаўне не толькі дапамагаць нам, аматарам беларушчыны, але і не выключаць студэнтаў з універсітэта за ўдзел у мітынгах…Кажуць, на просьбу кіраўніка дзяржавы «говорить с ним по-нормальному», Ядвіга Дамінікаўна адказала «Дазвольце мне гаварыць з вамі на мове маёй маці»…
Аднойчы ў адной паліклініцы я нарваўся на лекара, які патрабаваў ад мяне гаварыць па-расейску, прычым у грубай форме. Давялося напісаць скаргу. У выніку той лекар знайшоў мяне, маю альма-матэр (адзін супрацоўнік універсітэта ў кабінеце вечарам сам-насам доўга пераконваў мяне «адклікаць скаргу» дзеля майго ж дабра). Урэшце, апантаны доктар накіраваўся на прыём да рэктара… Я нервова блукаў калідорамі, чакаючы «разборак» на найвышэйшым узроўні. Раптам «нарываюся» на рэктара.
Яна сама падыходзіць і… эмацыйна дзякуе за тое, што я зрабіў усё так, як зрабіў.
Потым было шмат чаго: парады з дысертацыяй (хоць усе бачылі, наколькі цяжка ёй, хворай на рак, працягваць працаваць), дапамога ўладкавацца на працу…
Калі мы арганізоўвалі Дзень роднай мовы (21 лютага), было цяжка знайсці падтрымку ў “асцярожных” супрацоўнікаў універсітэта. Тады пасля Рады ўніверсітэта яна пасадзіла побач з сабой парачку «этнаўцаў», прарэктара і аднаго загадчыка кафедры. Сказала сваім калегам штосьці накшталт: «У гэтай моладзі — вельмі важная для нас усіх справа, прашу ім дапамагчы ўсімі сродкамі. Вось, у вас цяпер адна каманда». І наш універсітэт быў ледзь не адзінай дзяржаўнай установай, якая гучна і ярка адзначала гэты дзень…
Але апагеем майго здзіўлення была размова пра… грошы. Нашае таварыства атрымала вялікі дзяржаўны грант. У шалёных галовах студэнтаў-рамантыкаў нарадзілася ідэя збудаваць Ладдзю Роспачы — сапраўдны драўляны човен з ветразем на ўзор т.зв. «Тураўскай ладдзі». Самі ледзь верылі ў сваю ідэю. Рэктарка адказвае: «Я заўжды падтрымлівала і буду падтрымліваць вашы ідэі. Заказаць будаўнічае дрэва з Мікашэвічаў? Так, рабіце».
Не раз чуў, як наракалі на Грыгаровіч, вінавацілі, выкрывалі, прычым даволі паважаныя людзі… У жыцці, мусіць, бываюць розныя сітуацыі. Але галоўнае не гэта. Галоўнае – стрыжань чалавека.
У канцы ўжо не хавала сваіх поглядаў. Адкрыта размаўляла пра пасляснежаньскі «дурдом»...
Калі Ядвіга Дамінікаўна сышла з пасады рэктара, усё пачало змяняцца ва ўніверсітэце. Усё стала сушэйшым.А спадарыня Грыгаровіч спачыла на Бабруйшчыне, каля ракі Бярэзіны. Вярнулася туды, адкуль пачынала свой шлях.