3 студзеня

«Брестскому курьеру» прад’явілі абвінавачаньне

Рэдакцыя недзяржаўнай газэты «Брестский курьер» атрымала ліст — копію адказу Мінсувязі дэпутату палаты прадстаўнікоў Валянціне Качан. У сьнежні дэпутат зь Берасьця зьвярнулася ў Мінсувязі з прычыны выключэньня газэты «Брестский курьер» з падпіснога каталёгу на 2007 г. і адмовы Берасьцейскага філіялу РУП «Белпошта» распаўсюджваць газэту па падпісцы, дастаўляць ў раённыя цэнтры. У афіцыйным адказе за подпісам намесьніка міністра сувязі Н. Гаўрылавай сьцвярджаецца, што ў 2006 г. газэта «ня ў поўнай меры выконвала ўмовы дамовы, што выклікала за сабой дадатковыя матэрыяльныя і працоўныя выдаткі з боку пошты. На парушэньне дамоўных абавязкаў неаднойчы указвалася рэдакцыі газэты кіраўніцтвам Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта». Галоўны рэдактар «Брестского курьера» Мікалай Аляксандраў паведаміў: за 16 гадоў існаваньня газэты рэдакцыя не атрымлівала ад кіраўніцтва пошты ніводнага паведамленьня, дзе б згадваліся факты парушэньня дамоўных абавязкаў з боку рэдакцыі.

4 студзеня

Пікет у Салігорску

4 сьнежня ў Салігорску сябры незарэгістраванага «Маладога Фронту» арганізавалі пікет ля цэнтральнага рынку. Яны вывесілі транспарант «Не — выбарам без альтэрнатывы!» і раздавалі мінакам улёткі з заклікам да байкоту выбараў. Акцыя была прымеркаваная да рашэньня Палітрады дэмакратычных сілаў Салігорску байкатаваць мясцовыя выбары. Міліцыянты затрымалі Івана Шылу й Андруся Тычыну. На І.Шылу склалі пратакол за «удзел у несанкцыянаваным пікеце» і за парушэньне Закону аб друку. Пасьля маладзёнаў адпусьцілі. Маладафронтаўцы раздалі на вуліцах некалькі тысячаў інфармацыйных улётак.

5 студзеня

Студэнтку БДЭУ вэрбуе КДБ

Студэнтка факультэту мэнэджмэнту Эканамічнага ўнівэрсітэту Яна Карповіч накіравала генпракурору скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў КДБ. Паводле скаргі, супрацоўнікі КДБ аказвалі на студэнтку псыхалягічны ціск, намаўлялі на супрацоўніцтва, пагражаючы выключэньнем з унівэрсытэту. Я.Карповіч зьяўляецца сябрам ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты Менгарсавету, актывіста апазіцыі Алега Корбана. Спэцслужбісты змушалі дзяўчыну адмовіцца ад удзелу ў ініцыятыўнай групе Корбана.

Актывіста АГП вінавацяць у падробцы дакумэнтаў

Супраць сябра АГП Аляксандра Булаўкіна заведзеная крымінальная справа паводле арт. 192 КК. Нагодай стала нібыта падробка А.Булаўкіным пратаколу пасяджэньня мясцовай суполкі АГП, пасьля перададзенага ў Круглянскую раённую выбарчую камісію з мэтай рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Круглянскага райсавету. Пастанову аб узбуджэньні крымінальнай справы прыняў старэйшы сьледчы РУУС г.п. Круглае Чысьцякоў А.В. Кіраўніцтва АГП пацьвярджае факт вылучэньня Булаўкіна кандыдатам.

Новы год на нарах

Новы год праваабаронца Валер Шчукін сустрэў у Віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня. 30 сьнежня ён быў асуджаны на 7 сутак арышту, бо прайшоў на закрытае паседжаньне аблсуду. Там разглядаліся скаргі апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты, якім адмовілі ў рэгістрацыі. Да 3 студзеня сп.Шчукін спаў на голых нарах: на навагодніх выходных пасцель не выдавалася.

Бабруйскага праваабаронцу вінавацяць у крадзяжы

У Бабруйску затрыманы праваабаронца Ігар Ходзька. Міліцыянты нібыта падазраюць яго ў зьдзяйсненьні крадзяжу. Затрыманага адвезьлі ў апорны пункт ГУУС Бабруйскага выканкаму.

Суд над Мілінкевічам адкладзены

У судзе Кастрычніцкага раёну Менску адбылося судовае пасяджэньне па абвінавачаньні лідэра аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча ў нібыта наўмысным незаконным перасячэньні мяжы зь несапраўднымі дакумэнтамі. Судзьдзя Германовіч вярнуў складзены памежнымі службамі аэрапорту «Менск‑2» пратакол на дапрацоўку. А таксама задаволіў хадайніцтва А.Мілінкевіча, які запатрабаваў вярнуць ягонаму сыну пашпарт, адабраны яшчэ 29 лістапада летась. Палітыку пагражае штраф да 4,5 тысяч даляраў альбо два месяцы папраўчых работаў.

Гомельскіх дэмакратаў выціскаюць з вуліцаў

Кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў гомельскай гарадзкой арганізацыі АГП адмаўляюць у правядзеньні сустрэчаў з выбаршчыкамі на адкрытых пляцоўках у сваіх выбарчых акругах. Сябрам мясцовай арганізацыі АГП Віктару Карняенку і Леаніду Судаленку, якія балятуюцца ў абласны Савет дэпутатаў, а таксама Міколу Калюку, які балятуецца ў гарсавет, у гарвыканкаме патлумачылі: сустрэчы з выбаршчыкамі праводзяцца ў зачыненых памяшканьнях, зацьверджаных камісіяй. У Гомелі ж для мітынгаў прызначанае адно месца — пляцоўка перад ДК таварыства глухіх «Віпра». Гэты ДК знаходзіцца ў іншым раёне горада, далёка ад акруг усіх трох кандыдатаў.

Апазыцыйным кандыдатам забаранілі праводзіць мітынг

Лідэрам магілёўскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Юр’ю Новікаву і Сяргею Фаміну адмоўлена ў правядзенні мітынгу і пікету 6 і 12 студзеня.

Кандыдат у дэпутаты Магілёўскага гарсавету, вядомы ў горадзе грамадзкі актывіст Зьміцер Салаўёў у сувязі з гэтым накіраваў афіцыйную заяву ў гарадзкую выбарчую камісію аб зьняцьці сваёй кандыдатуры з удзелу ў выбарах.

6 студзеня

Мілінкевічу чыняць перашкоды на Гомельшчыне

Аўтамабіль з Аляксандрам Мілінкевічам тройчы быў затрыманы міліцыяй у Гомельскай вобласьці, куды ён прыехаў як давераная асоба кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. У Сьветлагорскім раёне міліцыянтам падалося, што кіроўца Мілінкевіча нецьвярозы, у Рэчыцы яны 2 гадзіны задавалі пытаньні наконт аднаго з апошніх рэчыцкіх крымінальных здарэньняў, а па шляху на Гомель міліцыянты зьвінавацілі вадзіцеля аўто і яго пасажыраў у тым, што яны непрышчэпленыя. Мілінкевіч не патрапіў ні на адну з заплянаваных сустрэчаў. І дэмакратычныя кандыдаты — Анатоль Паплаўны ў Гомелі, Валеры Пуціцкі ў Рэчыцы і Віктар Раманішка ў Сьветлагорску — падалі заявы аб зьняцьці сваіх кандыдатураў у знак пратэсту супраць дзеяньняў ўладаў.

Затрыманьне ў Бабруйску

Лідэр кампаніі «За свабоднае развіцьцё прадпрымальніцтва», кандыдат у дэпутаты ў мясцовыя саветы ад БСДП (Грамада) Алена Мядзведзева была затрыманая міліцыяй на некалькі гадзін. Прычыну затрыманьня не патлумачылі, у пастарунку правялі агляд асабістых рэчаў, сканфіскавалі ўлёткі. Пратакол жанчына не падпісала.

8 студзеня

Праваабаронца Алег Воўчак, кандыдат па Вясьнянскай выбарчай акрузе, зьняўся з выбараў. Прычынай стала адмова менскіх друкарняў надрукаваць яго перадвыбарчыя ўлёткі.

Затрымалі за парушэньне Ўказу № 31

Моладзевы лідэр Аляксей Шыдлоўскі быў затрыманы ў цэнтры Менску за распаўсюджванне налепак «Джынс – за свабоду!». У Партызанскім РУУС Менску на яго склалі пратакол аб парушэньні Ўказу прэзыдэнта №31 «Аб добраўпарадкаваньні жыльлёвага фонду». Пасьля складаньня пратаколу хлопца адпусьцілі.

У Віцебску канфіскавалі ўлёткі

Міліцыя канфіскавала 7‑тысячны наклад улётак са зваротам да выбарцаў незарэгістраваных дэмакратычных кандыдатаў — алімпійскага прызёра і двухразовага чэмпіёна сьвету Ігара Каныгіна, былога старшыні штабу А.Мілінкевіча Хрыстафора Жаляпава, кіраўніка абласной арганізацыі БСДП (НГ) Аляксея Гаўруцікава, маці палітвязьня Паўла Севярынца Тацяны, рэдактара газэты прадпрымальнікаў «Мы і рынак» Сяргея Парсюкевіча. Кіроўцу легкавіка, які перавозіў наклад, Ігара Цішкіна, вінавацяць у парушэньні закону аб выбарах, яму пагражае суд і штраф да 10 базавых велічыняў альбо папраўчыя працы.

9 студзеня

Гарадзенскіх «графітчыкаў» аштрафавалі

У судзе Ленінскага раёну Горадні адбыўся суд над Вадзімам Логінавым і Аляксеем Крывінцовым. Кожны аштрафаваны на 30 базавых велічыняў (930 тыс. рублёў). Гэта мінімальнае пакараньне прадугледжанае па 314 арт. КК РБ.

21 верасьня мінулага году хлопцы нанесьлі на сьценах каледжу прыборабудаваньня і інтэрнату, у якім пражывае Крывінцоў, графіці антыдзяржаўнага зьместу па‑беларуску.

У той самы дзень абодва гарадзенцы былі затрыманыя міліцыянтамі. І ўжо тады пакрылі матэрыяльныя выдаткі «за пашкоджаньне маёмасьці».

Гомельскага актывіста вінавацяць у зьдзяйсьненьні ДТЗ

Супрацоўнікі Гомельскай міліцыі затрымалі каардынатара незарэгістраванага руху «За Свабоду» па Гомельскай вобласьці Ўладзімера Кацору. Яго машына, паводле міліцыянтаў, некалькі дзён таму на невядомай шашы стала прычынай дарожна‑транспартнага здарэньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?