Калі прызнацца шчыра, то пад заслону судовых працэсаў па справе 19 снежня 2010 думалася, што некаторых абвінавачаных могуць вызваліць ужо ў судовай зале.
Асабліва хацелася пра гэта верыць у дачыненні да Дзмітрыя Уса. Бо ўжо тады, у красавіку-траўні, быў зразумелы маштаб эканамічнай катастрофы і перспектывы замежнапалітычнай ізаляцыі, у якую валілася краіна пасля чарговай «элегантнай перамогі». І было зразумела, што толькі вызваленне палітвязняў дасць магчымасць хоць неяк палепшыць стасункі беларускага рэжыму з Захадам (пра эканамічныя наступствы такога паляпшэння, думаю, шмат гаварыць не варта). Аднак логіка сістэмы была ўсё ж такі крыху іншай — вінаватымі трэба было прызнаць усіх, і толькі пасля ўжо можна было праяўляць «літасць».

Вось і першыя «памілаваныя» выйшлі на волю. Гэта, скажам так, найбольш выпадковыя з тых, хто трапіў за краты пасля снежня 2010

(слова «выпадковыя» я кажу ні ў якім разе не каб пакрыўдзіць таго ж Дразда, або Пратасеню, яны безумоўныя героі, але факт — яны не палітычныя актывісты). Хутчэй за ўсё іх бы выпусцілі і раней, але ў чэрвені — ліпені адбывалася так званая «маўклівая рэвалюцыя», і вызваленне некалькіх палітвязняў было б успрынятае яе ўдзельнікамі як яўная перамога. Таму ўладам давяшлося пачакаць, пакуль не да часу заціхне плясканне ў далоні на плошчах беларускіх гарадоў.

У сувязі з гэтым памілаваннем шмат у каго паўстанне пытанне, якой логікай будзе кіравацца ўлада, вызваляючы новыя партыі палітзняволеных. Як падаецца, логіка дастатковая простая: будуць спачатку вызваляць найменш вядомых і найменш небяспечных. Таму

за гэтымі дзевяццю пойдуць найперш актывісты выбарчых штабаў, прэсавыя сакратары і паліттэхнолагі, далей уласна кандыдаты і толькі пасля іх, апошнімі, вызваляць маладафронтаўцаў.

Выкажу тут думку, якая, трэба меркаваць, ёсць шмат у каго, але пра якую мала хто гаворыць. Рэжым найбольш баіцца нават не палітычных лідараў, кандыдатаў у прэзідэнты. Для рэжыму найбольш небяспечныя сёння не Саннікаў, Статкевіч і Ус, якія нават пасля свайго выхаду на свабоду застануцца галоўным чынам сімвалічнымі асобамі, фактычна ў сённяшняй сітуацыі «генераламі без арміі». Найбольшую небяспеку для сістэмы ўяўляюць сёння актывісты сярэдняга звяна, тыя, каго ў іншых умовах можна было б назваць «палявымі камандзірамі». Гэта найперш маладафронтаўцы і анархісты — Лобаў, Вінаградаў, Дашкевіч, Кіркевіч, Васіленя і, канечне ж, нязломны Мікіта Ліхавід. Яны сталі жывым доказам неўміручасці беларускай нацыянальнай ідэі, душою Плошчы, яе героямі і адначасова ахвярамі. Ахвярамі — таму, што дзейнічалі ва ўмовах, калі «мацёрыя» палітычныя зубры не змаглі дамовіцца паміж сабою пра план дзеянняў 19 снежня і ў дадатку купіліся на правакацыю са «штурмам» Дома ўрада. У гэтых маладых людзей няма досведу выступленняў на міжнародных канферэнцыях і ў еўрапейскіх парламентах, але яны ўсё больш і больш адчуваюць людзей і рэальна могуць стаць рухавікамі беларускай рэвалюцыі (канечне, толькі ва ўмовах адпаведнай эканамічнай сітуацыі). Таму яны і выйдуць на свабоду апошнімі.

Наагул з гэтымі маладзёнамі пры пэўнай трываласці беларускага грамадства і Захаду Лукашэнка можа апынуцца ў вельмі складаным становішчы.
Безумоўна, «памілаванні» будуць працягвацца. І кандыдаты, самыя галоўныя «тузы» палітычнага гандлю з Еўропай і ЗША, таксама выйдуць на волю. Прычым адносна хутка. І вось тады Захад стане перад пытаннем: або заплюшчыць (або, скажам так, прыплюшчыць) вочы на рэшту палітзняволеных і нарэшце пачаць перамовы пра чарговую лібералізацыю (а далей пра валютныя крэдыты і г.д.), або ціснуць да канца. І вось у другім выпадку беларуская ўлада можа трапіць у замкнёнае кола — эканамічная сітуацыя працягвае пагаршацца, адпаведна накаляецца і палітычная абстаноўка, а магчымасцю палепшыць становішча будзе толькі выпуск на волю людзей, якія, па сутнасці, з’яўляюцца сімваламі супраціўлення рэжыму, актывістамі гэтага супраціўлення, якія, у дадатак, прайшлі праз турму і турмой іх ужо не спалохаеш. Да таго ж выхад на волю гэтых хлопцаў безумоўна створыць ім арэол не проста герояў, але і (бадай што ўпершыню) рэальных пераможцаў, што справакуе прыток актывістаў у шэрагі «Маладога Фронту» (канечне, трэба будзе належным чынам скарэктаваць праграму працы, але тое ўжо іншая размова).
Таму лозунг і беларускага грамадства, і Захаду павінен быць адзін: «Вызваленне ўсіх палітзняволеных са зняццем судзімасцяў, спыненне ўсіх палітычных крымінальных справаў, якія закручваюцца цяпер». І пасля таго як Лукашэнка выпусціць усіх, ніякіх перамоваў з ім таксама весці не варта. Трэба будзе толькі некалькі месяцаў пачакаць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?