Гітарыст гурту Black Sabbath Тоні Аёмі абверг інфармацыю пра ўз’яднанне музычнага калектыву,
паведамляе Reuters.

Раней брытанская газета The Birmingham Mail паведаміла, што Аёмі, вакаліст Озі Осбарн, бас-гітарыст Гізер Батлер і бубнач Біл Уорд пачалі рэпетыцыі напярэдадні канцэртнага туру. Пры гэтым сцвярджалася, што канцэртны тур гурт запланаваў у сувязі з выхадам новага альбома ў наступным годзе.

У газеце гаварылася, што Аёмі нецярпліва чакае новых сумесных выступаў гурта.

Аднак у сераду Аёмі апублікаваў на сваім афіцыйным сайце абвяржэнне гэтай інфармацыі. Нататку ў газеце ён ахарактарызаваў як «абсалютны нонсэнс». Паводле словаў гітарыста, ён проста ўслых разважаў пра такую магчымасць.

Як сказаў Аёмі, журналіст выкарыстаў «размову, што адбылася яшчэ ў чэрвені, і зрабіў выгляд, быццам мы з ім ўчора размаўлялі пра ўз’яднанне Black Sabbath».

«У той час я падтрымліваў выставу Home of Metal і проста балбатаў усякую лухту, разважаў услых пра тое, пра што нас усіх пастаянна распытваюць: «Вы ўз’ядноўваецеся?» — заявіў Аёмі, папрасіўшы прабачэння ў іншых музыкаў гурту.

Осбарн пакінуў гурт у 1979 годзе. Удзельнікі аб’ядноўваліся ў 1998 годзе, каб запісаць альбом Reunion, аднак пасля гэтага гурт распаўся зноў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?