У Беларусі рыхтуецца законапраект, які прадугледжвае шэраг працэсуальных правоў для дзяцей на судовых паседжаннях па грамадзянскіх справах.

Пра гэта карэспандэнту БелТА паведаміў чалец Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалай Андрайчук.

У прыватнасці, плануецца ўнесці адпаведныя змены ў арт. 59 «Грамадзянская працэсуальная дзеяздольнасць» Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса (ГПК). Прапануецца, каб дзеці, малодшыя за 14 гадоў, маглі самі выступаць на працэсах.

Як растлумачыў дэпутат, гэта робіцца для таго, каб прывесці ДПК у адпаведнасць з законам «Аб правах дзіцяці». Акрамя таго, у Канвенцыі аб правах дзіцяці, прынятай рэзалюцыяй Генасамблеі ААН у 1989 годзе, ёсць артыкул 12. Яна абвяшчае, што дзецям даецца магчымасць быць заслуханымі «падчас любога судовага або адмiнiстрацыйнага разбору, які закранае дзіця».

Пакуль што ў Беларусі такое права дзеці могуць рэалізаваць падчас разгляду крымінальных справаў.
На грамадзянскіх працэсах дзіця можа выступаць з 9 гадоў, калі гэта звязана з разводам бацькоў. Суддзя пытаецца, з кім бы дзіця хацела застацца: з маці ці бацькам. У астатніх выпадках, згодна з ДПК, за дзяцей выступаюць іх законныя прадстаўнікі.

Калі гэтае права непаўналетніх пашырыцца, то яны змогуць выступаць на працэсах, якія, напрыклад, звязаныя з правам на ўгоду або спадчыну, а таксама іншымі маёмаснымі пытаннямі. Аднак гэта не азначае, што ў законапраекце прапануецца даць права на выступленне зусім яшчэ юным грамадзянам, якія яшчэ не ўмеюць гаварыць. У згаданай канвенцыі сказана, што дзіця павіннае ўмець «сфармуляваць свае ўласныя меркаванні».

На практыцы гэта будзе азначаць, што ўзроставы парог для кожнага дзіцяці будзе вызначацца індывідуальна. «Вядома, суддзя — не эксперт. Але ёсць педагогі і псіхолагі, якія разбіраюцца ў гэтым. Менавіта яны могуць даць адпаведнае заключэнне па інтэлектуальным развіцці дзіцяці. Цяпер гэты механізм ужываецца ў крымінальным праве», — растлумачыў Мікалай Андрайчук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?