Беларуская апазіцыя шмат гадоў усё прадказвала то гарачую вясну, то гарачую восень, але яны аніяк не надыходзілі. Рэжым усё трымаўся і выжываў. Лукашэнка дэманстраваў вялікія здольнасці тактыка і заставаўся аніякім стратэгам: мы так і не даведаліся, куды ён вёў краіну.

Але цяпер ужо для большасці беларусаў відавочна: мы прыйшлі ў нікуды. Дзяржава ў глыбокім сістэмным крызісе, аўтарытарная мадэль не працуе без замежных датацыяў, яна безнадзейна састарэла. Тэрмінова патрэбныя грунтоўныя структурныя пераўтварэнні. Калі кіраўнік улады кажа, што нічога мяняць не трэба, гэта толькі значыць, што негатыўныя працэсы найбліжэйшым часам набудуць большую дынаміку.

Для рэжыму застаецца тры асноўных сцэнары развіцця падзеяў.

Першы — Лукашэнка прадае Маскве найлепшае, што ёсць у эканоміцы. Атрымлівае грошы ад прыватызацыі і маскоўскія крэдыты, часова вырашае сацыяльна-эканамічныя праблемы. Беларусь паступова робіцца правінцыяй Расіі з фармальным суверэнітэтам і «кіраванай дэмакратыяй» на чале з «генерал-губернатарам».

Другі сцэнар — самаізаляцыя краіны і ўзмацненне дыктатуры. «Кубанізацыя» Беларусі, хутчэй за ўсё, праз увядзенне ваеннага становішча з далейшым пошукам вонкавых і ўнутраных ворагаў. Малаверагодны варыянт, бо мы не на востраве жывем.

І трэці сцэнар — рэжым вызваляе палітвязняў, аднаўляе дыялог з Захадам, праводзіць эканамічную і палітычную лібералізацыю, адбываецца паступовы дэмантаж дыктатуры. Рэформы каштуюць дорага, і Еўразвяз — фактычна адзіны рэальны партнёр у іх паспяховым правядзенні.

Першы сцэнар — гэта шлях да страты незалежнасці, другі — да дэградацыі і, магчыма, да рэвалюцыі, трэці — эвалюцыйнае вяртанне да еўрапейскай цывілізацыі.

Хто можа лічыцца сёння сур’ёзным гульцом у беларускіх справах?

Мы ўсе — і народ, і апазіцыя, і рэжым — прайгралі на снежаньскіх выбарах. Прайгралі на пэўны час шанец на еўрапейскі шлях.

Ва ўладзе 19 снежня відавочна перамаглі прыхільнікі рэпрэсіяў і татальнага кантролю над грамадствам.

Дэмакратычныя дзяржавы пасля нашай мінулай прэзідэнцкай кампаніі фактычна згубілі рэальны ўплыў на ўнутраную сітуацыю ў Беларусі. Паміж маёй Гародняй і Беластокам сёння — новая Берлінская сцяна.

Апошнія нашы выбары амаль на 100% выйграла Масква, для якой важна пакінуць нашу краіну ў сферы свайго даміноўнага ўплыву. І яна атрымала сёння эканамічныя, палітычныя, інфармацыйныя, сацыяльныя, дыпламатычныя інструменты для таго, каб не пусціць Беларусь у Еўропу.

Аднак ёсць падставы і для аптымізму — гэта значны рост праеўрапейскіх настрояў насельніцтва за першую палову гэтага года.
Галоўнымі акторамі ў рэшце рэштаў заўсёды становяцца грамадзяне. І ўсё больш беларусаў выступаюць за хуткія рынкавыя і дэмакратычныя рэформы. Таму галоўнае — не Крэмль, Вашынгтон і Брусель, а працэсы, што адбываюцца ў грамадскай думцы.

Апазіцыя з 2007 года знаходзіцца ў перманентным крызісе, і сведчанне таму — 9 незалежных кандыдатаў у прэзідэнты, у выніку паходу якіх на выбары з 9-цю стратэгіямі дэмакратычная супольнасць апынулася разгромленая, а незалежнасць — пад крытычнай пагрозай.

Дэмакратычныя сілы зараз падзеленыя.

Не столькі па ідэалогіях, колькі па поглядах на наш геапалітычны выбар і па пытанні «хто вінаваты».

Частка дэмакратаў, з большага левыя, прапануюць інтэгравацца з Расіяй і сябраваць з Еўропай. Правыя — за інтэграцыю з Еўразвязам і добрасуседства з Масквой. Першыя кажуць: «Куды нам без Расійскай федэрацыі, калі і ў Еўропу, то толькі з ёй, або з яе дазволу», а іх апаненты ўпэўненыя: «Толькі ў аб’яднанай Еўропе мы захаваем незалежнасць, будзем мець сучасную эканоміку, дабрабыт і адраджэнне нацыі».

Гэта, без сумневу, дыяметральна розныя пазіцыі па стратэгіі развіцця Беларусі. Такой сімпатычнай нам Швейцарыяй мы не будзем, бо нарадзіліся не ў Альпах, а на мяжы цывілізацыяў. Прыйдзецца рабіць выбар, на сёння не столькі выбар далучэння да моцных, колькі выбар каштоўнасцяў, што вызначаць будучыню беларусаў.

Ёсць падзел і па вызначэнні прычынаў крызіснага стану краіны, і па метадах змагання за свабоду.

Меншасць апазіцыі лічыць галоўнай нашай бядой Лукашэнку і гатовая дзейнічаць па прынцыпе «Чым горш, тым лепш». Дзеля змагання за дэмакратыю яны гатовыя ўдарыць па рэжыму татальнымі эканамічнымі санкцыямі, нават прапануюць увесці расійскія танкі.

На шчасце, бальшыня дэмакратычнай супольнасці разумее, што Лукашэнка — не прычына, а наступства, наступства постсавецкага мыслення. І мы жывем у «апошняй дыктатуры Еўропы», бо дыктатура сядзіць у галовах людзей, там замала дэмакратыі і нацыянальнай свядомасці.
Для гэтай часткі апазіцыі важна, каб пад абломкамі рэжыму не загінула нашая дзяржава. Яны прапануюць замяніць спрошчанае: «абы не было Лукашэнкі» на дзяржаўніцкае: «Перш за ўсё — Беларусь». І раяць: «Любіце Беларусь болей, чым вы ненавідзіце Лукашэнку».

Галоўнае, што мусяць зрабіць апазіцыйныя сілы, — гэта вярнуць сабе статус суб’екту палітыкі. Сёння адчуваецца значнае расчараванне беларускай апазіцыяй і ў краіне, і ў вачах заходніх дэмакратыяў. На апошніх выбарах людзі пастаянна казалі: «Вы тут усё нас пераконваеце, што Лукашэнка кепскі. Так мы і самі тое ведаем. А вось скажыце, чаму пры вас жыццё стане лепшым?». Без зразумелага адказу на гэтае пытанне мы можам не выйграць і сумленныя выбары.

Начальнік краіны стала губляе падтрымку і ўжо не верне яе, а апазіцыя мае і сёння свае дзесьці 30%, — як і ў 2001, і ў 2006 гадах. Не пераймаем згубленых рэжымам беларусаў. Яны разумна хочуць не толькі ламаць, але і будаваць. Нам трэба пераканаць іх, што мы — стваральнікі. Патрэбны станоўчы імідж, неабходна зразумелае бачанне будучыні дзяржавы.

Апазіцыя не ў стане сёння аб’яднацца на чале з адзіным лідарам.

Але яна абавязана гаварыць адным голасам адносна дыктатуры, мець адзіную тактыку барацьбы за свабоду. Палітычныя і грамадскія лідэры, журналісцкая і экспертная супольнасці ўсе разам мусім выпрацаваць стратэгію магчымага круглага стала з уладай у пераходны перыяд. Сёння ён нерэальны, але сітуацыя непрадказальная і вельмі дынамічная. Мусім быць гатовыя, калі хочам быць у рэальнай палітыцы. Для старой апазіцыі такія крокі — адзіны шлях да рэабілітацыі. Адным словам — рэабілітацыя або смерць.

Што тычыцца Захаду, то ягоная палітыка адносна Беларусі павінна быць маральнай, жорсткай і двухузроўневай: асобна — адносна рэжыму, асобна — для грамадства. Для вызвалення палітвязняў трэба паслядоўна выкарыстоўваць палітычныя, персанальныя, дыпламатычныя санкцыі. Эканамічныя — толькі кропкавыя, бо яны б’юць болей за ўсё па простых людзях, памяншаюць праеўрапейскія настроі, дапамагаюць прапагандзе ствараць з апазіцыі вобраз унутранага ворага. Сёння відавочна, што адмова Еўразвяза ад ўвядзення шырокіх эканамічных санкцый была дальнабачным рашэннем: уся адказнасць за стан гаспадаркі і фінансаў зараз справядліва ляжыць на Лукашэнку, а не на Захадзе. ЕЗ і ЗША не павінны верыць ніякім дэкларацыям афіцыйнага Мінска, а толькі канкрэтным дзеянням. Далейшае супрацоўніцтва павінна адбывацца паводле дарожнай мапы: крок за крок; няма чарговага кроку па лібералізацыі — няма дапамогі.

Краіна шукае адказы на вечныя пытанні — «хто вінаваты?» і «што рабіць?»

Вера ў цуды «жывей усіх жывых». Многім і ў грамадстве, і ў апазіцыі здаецца, што вось не будзе Лукашэнкі — і адразу станем жыць, як у аб’яднанай Еўропе. Дыктатура, без сумневаў, павінна зысці. Але нам трэба пазбаўляцца ілюзіяў і разумець, што прайсці трансфармацыю звычайна складаней, чым здабыць свабоду.

Мы не маем права, змагаючыся сёння за вольную краіну, не думаць пра Беларусь «пасля». Гэта будзе час нашай вялікай адказнасці, адказнасці нацыянальна-дэмакратычнай эліты.

Лукашэнка не можа прайграць ніякія «свае» выбары, дзе не лічацца галасы, а пішуцца працэнты. Ён напэўна зыйдзе па-іншаму: у выніку сацыяльнага выбуху, эканамічнага крызісу, натуральнага ці справакаванага, змовы атачэння, або з іншых прычынаў. Ягоныя абавязкі будзе выконваць прэм’ер-міністр, які мусіць аб’явіць першыя новыя выбары кіраўніка дзяржавы пасля дыктатуры. Яны могуць стаць вырашальнымі для будучыні Беларусі і напэўна пройдуць па дэмакратычных правілах. Гэтага запатрабуе народ, у гэтым будуць зацікаўленыя і Захад, і Расія.

Новы прэзідэнт атрымае ўладу паводле лукашэнкаўскай Канстытуцыі, з абсалютна імператарскімі паўнамоцтвамі.

Ён можа распачаць будаўніцтва беларускай еўрапейскай вольнай Беларусі, адмовіцца ад бязмежнай улады на карысць парламента, рады міністраў, мясцовага самакіравання, даць свабоду медыям, знішчыць татальны страх у грамадстве. Але можа і захаваць аўтарытарнае заканадаўства, у знак ўдзячнасці за падтрымку з Ўсходу можа быць абавязаны ўвесці расійскі рубель, у дадатак да мытнага заключыць ваенны і эканамічны саюзы з Масквой.

Таму гэтыя выбары «пасля» мы не маем права прайграць, і рыхтавацца да іх мусім ужо сёння. Сітуацыя будзе няпростай. Апазіцыя напэўна не будзе аб’яднанай і расколецца па геапалітычных сімпатыях. Наменклатура, якая будзе сур’ёзнай сілай, таксама, хутчэй за ўсё, падзеліцца. Адна частка будзе зацікаўлена захаваць свае пасады і бізнесы і выступіць супраць прыходу расійскіх алігархаў. Другая, што робіць вялікія грошы на ўсходзе, можа згуляць у маскоўскім сцэнары. Цалкам не выключана ў такім выпадку кааліцыя нацыянальных дэмакратаў з прабеларускай наменклатурай, як і саюз прарасійскіх апазіцыйных і ўладных сілаў.

Але вырашальнымі будуць настроі грамадства. Мы абавязаны сур’ёзна і стала працаваць над узмацненнем дэмакратычных праеўрапейскіх поглядаў у краіне ўжо сёння.
Важна, каб яны былі не толькі інтуітыўнымі, а глыбока абгрунтаванымі, устойлівымі. Нам спатрэбіцца эфектыўная спачатку шырокая правацэнтрысцкая кааліцыя, а потым на яе базе — парламенцкая партыя правага цэнтру, якая будзе адстойваць еўрапейскі беларускі выбар, каштоўнасці, спрыяць нацыянальнаму адраджэнню і сталенню.

Рух «За Свабоду» мае амбітную задачу стаць цэнтрам яднання праеўрапейскіх прабеларускіх сіл, і ўжо сёння вядзе працу над адукацыйнымі і інфармацыйнымі кампаніямі, якія маюць спрыяць нашаму вяртанню ў еўрапейскую сям’ю: Народная праграма, Еўрапейскія Клубы, Еўрапейскі Народны Ўніверсітэт, Рада Еўрапейскай Інтэграцыі. Нашы задачы — узбудзіць у грамадстве дыскусію аб бачанні будучай Беларусі, паглыбіць веды пра гісторыю, перавагі і выклікі еўраінтэграцыі, дасягненні і памылкі рэформаў новых чальцоў ЕЗ, весці падрыхтоўку будучай рэгіянальнай уладнай эліты, распрацоўваць дарожныя мапы беларускіх рэформаў разам з экспертамі Славакіі, Эстоніі, Польшчы і іншых краінаў-суседзяў. Мы хочам дагрукацца да маладых дынамічных патрыётаў Беларусі, якім і выпадзе будаваць яе «пасля».

Еўрапейская будучыня Беларусі павінна стварацца ўжо сёння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?