Лукашэнкаўцы перакрылі праспект Незалежнасці, каб унемажлівіць пратэсты. Цэнтр горада ўстаў у заторах.

20:11

Акцыя скончана, кардоны здымаюцца, заторы знікаюць паціху.

19:38

Тым часам карэспандэнт НН спынены чацверты раз: карэспандэнт стаяў з «аварыйкай». Гэтым разам у раёне Янкі Купалы яго спыніў супрацоўнік ДАІ Віталь Койпіш. Праверыў дакументы і сказаў. «У шчаслівую дарогу».

ДАІ разварочвае дя Дома Друку на Сурганава машыны, што едуць праспектам з боку Уручча. Кіроўцы незадаволена сігналяць.

19:30

Карэспандэнт НН, што едзе вуліцай Багдановіча, фіксуе вялікія заторы, якія стварыліся «дзякуючы» перакрыццю галоўных праспектаў.

19:28

Па праспекце Незалежнасці ў раёне скрыжавання з вуліцай Казлова аўтамабілі рухаюцца па пяць-шэсць адзінак, пастаянна курсіруюць машыны ДАІ, па ходніках ходзяць супрацоўнікі спецслужбаў з навушнікамі.

У раёне Палаца Рэспублікі карэспандэнт БелаПАН пачуў, як па рацыі супрацоўнікам міліцыі паступіла распараджэнне запісваць нумары аўтамабіляў «усіх парушальнікаў», паведамляе БелаПАН.

19:21

З боку Нацыянальнай бібліятэкі рух да цэнтра горада перакрыты каля Дома Друку. Аўтаўладальнікаў прымушаюць паварочваць з праспекту Незалежнасці на вуліцу Сурганава, паведамляе Еўрарадыё.

Каля ўваходу ў парк Горкага стаяць два аўтобусы са спецназаўцамі. Побач з імі — каля 20 спецназаўцаў у чорнай форме.

19:17

З патока аўтааматараў на Якуба Коласа адлавілі толькі карэспандэнта НН і адправілі на вуліцу Купалы «пастаяць там».

19:12

У раёне плошчы Якуба Коласа пакуль усё спакойна — не разабраць, дзе ўдзельнікі, дзе паспалітыя аўтааматары.

19:02

На Змітрака Бядулі дзясяткі машын сігналяць, супрацоўнік ДАІ імкнецца іх супакоіць, лётае ад аднаго да іншага, каб адправіць у іншы бок. Але дзе ж яму беднаму разарвацца.

19:01

Машыну карэспандэнтаў «НН» у раёне плошчы Перамогі спыніў супрацоўнік ДАІ і прапанаваў ад’ехаць у бок, маўляў, нешта парушылі.

18:52

Цяпер абмежавалі рух машын з плошчы Незалежнасці ў бок Кастрычніцкай. Паадзінкавыя машыны, што прыязджаюць з Валадарскага, Гарадскога Вала потым зганяюць.

18:47

Моцна абмежаваны рух на праспекце ад плошчы Якуба Коласа да Кастрычніцкай, машыны, што едуць галоўнай артэрыяй сталіцы, развяртаюць, абмежаваны таксама рух на праспекце Пераможцаў у раёне гатэля «Еўропа». Уздоўж праспекта шмат ціхароў з відэакамерамі.

* * *

Новая акцыя «Стоп-бензін» стала рэакцыяй на шостае сёлета падвышэнне цэнаў на аўтамабільнае паліва ў Беларусі.

Аўтааматары рыхтуюцца адказаць на чарговае павышэнне цэн на паліва акцыяй «Стоп-бензін».

Як паведаміў «Салідарнасці» кіраўнік інфармацыйна-асветніцкай установы «За Аўто» Арцём Шаркоў, рух «За Аўто» не з’яўляецца арганізатарам акцыі.

***

Акцыі «Стоп-бензін» пачаліся ў канцы красавіка.

Акцыя 7 чэрвеня ўвайшла ў гісторыю як «рэвалюцыя на колах».

Больш за 1500 аўтамабілістаў на дзве гадзіны паралізавалі рух на праспекце Незалежнасці, пратэстуючы супраць шокавага павышэння коштаў на паліва. Некаторыя спынялі машыны, адкрывалі капоты і імітавалі рамонтныя працы. Аўтааматараў падтрымалі пешаходы, якія віталі ўдзельнікаў акцыі крыкамі і апладысментамі.

Праз паўтара месяца, 21 ліпеня, аналагічная акцыя сабрала каля ста аўтааматараў, а рух на праспекце ў раёне вуліцы Казлова перакрыла ДАІ.

Як раней паведамлялася, у Беларусі бензінавыя цэннікі з 20 жніўня зноў выраслі на 3 адсоткі. Гэта ўжо шостае падаражэнне бензіну сёлета.

Насуперак словам Лукашэнкі, што цэны на паліва будуць павышацца раз у квартал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?