Напярэдадні мясцовых выбараў — яны праходзяць у нядзелю 14 студзеня — праваахоўныя органы правялі шэраг прэвэнтыўных затрыманьняў апазыцыйных актывістаў па ўсёй краіне: аб Берасьця да Віцебска. Затрыманьні адбываюцца па такім сама сцэнары, як перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў сакавіку.

У чацьвер пры раздачы агітацыйных улётак быў затрыманы старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Яго разам з даверанай асобай кандыдата Антанінай Кавалёвай адвезьлі ў Савецкі РУУС Менску. Пасьля тлумачэньняў іх адпусьцілі. Анатоля Лябедзьку на гэтым тыдні затрымліваюць другі раз пры раздачы перадвыбарчых улётак. У пятніцу старшыня вырашыў зьняць кандыдатуру з выбарчай гонкі.

18-гадовы Сяржук Гумінскі з Воршы быў затрыманы міліцыянтамі ў сераду вечарам, яго адвезьлі ў пастарунак, дзе дапытвалі з прымяненьнем фізычнай сілы. У пятніцу Гумінскі накіраваўся ў аршанскую міліцыю па тлумачэньні гэтага інцыдэнту. Там яго затрымалі і адразу адвезьлі ў суд. Хлопца абвінавацілі ў дробным хуліганстве (артыкул 156 Адміністрацыйнага кодэксу) і непадпарадкаваньню міліцыі (артыкул 166). Судзьдзя Бондараў пакараў маладога чалавека трыма суткамі арышту. Яшчэ ў залі суду Сяржук абвесьціў галадоўку.

11 студзеня ў Барысаве быў затрыманы лідэр мясцовай суполкі Партыі БНФ Сяргей Салаш, які зьяўляецца даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты, эканаміста Зьмітра Бабіцкага. Ноч Салаша пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Суд над ім пачаўся з самай раніцы, але прысуд стаў вядомы толькі а 6-й вечара. Сяргей атрымаў пяць ночаў арышту. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі Салаш таксама сядзеў.

У чацьвер у Бярозе і ў Берасьці двойчы быў затрыманы Аляксандар Мілінкевіч. Ён езьдзіў па Палесьсі і сустракаўся з выбаршчыкамі.

У Горадні на чацьвёра сутак арышту асуджаны давераная асоба кандыдата ў дэпутаты мясцовага гарсавету Сержука Антусевіча Максім Губарэвіч, яго таксама абвінавацілі ў дробным хулігнстве. Вечарам у пятніцу адбылося затрыманьне яшчэ адной даверанай асобы — Мікалая Лемяноўскага, ён будзе знаходзіцца пад вартай да суду, які адбудзецца толькі ў панядзелак. Яшчэ раней у Горадні асудзілі на пяцёра сутак Андруся Фаміна, яго проста на аўтобусным прыпынку забралі людзі ў цывільным, абвінаваціўшы, што ён спраўляў пільніцу. Фамін зьяўляецца даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Валер’я Кісяля. Таксама пятніцу адбылося затрыманьне актывіста Саюзу палякаў Стася Пачобута, на чыгуначным вакзале затрымалі моладзевых актывістаў Яўгена Скрабатуна і Вольгу Смалянчук. Гэтыя прыехалі з Польшчы на выходныя.

У Партызанскім РУУСе Менску знаходзіцца актывіст АГП Андрэй Дзьмітрыеў, які быў затрыманы сёньня групай людзей у цывільным. Настасьсю Аляксандровіч, моладзевую актывістку БНФ, затрымалі проста на кватэры.

У Віцебску прайшлі затрыманьне праваабаронцы Валер’я Шчукіна, а сябра КХП-БНФ Барыс Хамайда быў асуджаны на чацьвёра сутак арышту.

У Пінску пайшлі яшчэ далей, на сутках аказаліся кандыдаты ў дэпутаты мясцовага гарсавету – Аляксандар Васільеў (7 сутак) і Аляксандар Рамановіч (5 сутак).

У Пружанах пяць сутак арышту дастаў сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Радзівончык.

Відавочна, што гэта зьвязана зь мясцовымі выбарамі. Ніхто з актывістаў не дастаў вялікіх тэрмінаў. Прысуды актывістам разьлічаныя на тое, што дэмакраты выйдуць з турмаў акурат пасьля выбараў, у панядзелак-аўторак. Нешта падобнае ўжо здаралася летась у сакавіку напярэдадні прэзыдэнцкіх. Тады перад выбарамі па ўсёй краіне былі затрыманыя сотні актывістаў. Што гэтак запалохала ўлады напярэдадні мясцовых выбараў невядома, бо колькасьць дэмакратычных кандыдатаў, што балятуюцца на мясцовых выбарах, складае менш за 1%. Напэўна, гэтыя мэтадычныя затрыманьні маюць на мэце мэтадычнае застрашваньне дэмакратычных актывістаў і недапушчэньне кантролю за падлікам галасоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?