Мэмуары Мікалая Дземянцея ўразілі самім фактам свайго зьяўленьня. Здавалася, аўтар клясычных «хто как хаціт, тот так і гаварыт» і «кончыў ня кончыў — засталося тры мінуты» ўсё сказаў яшчэ ў пачатку 1990-х, калі, дзякуючы жывым трансьляцыям пасяджэньняў Вярхоўнага савету, усе пабачылі інтэлектуальны ўзровень камуністычнай намэнклятуры.

Марна шукаць у кнізе тонкіх характарыстык, а тым больш глыбокага аналізу падзеяў, сьведкам якіх аўтару давялося быць. Уражвае фэнамэнальная памяць таварыша Дземянцея на ўмалоты, надоі, гектары, сьвінакомплексы…

Мікалай Іванавіч лічыць, што Савецкі Саюз разваліўся праз дэфіцыт, чэргі за прадуктамі, чэрствую да народу ўладу і пэнсійны ўзрост кіраўнікоў. А яшчэ таму, што «былі абылганыя армія і КГБ — асноўныя структуры, якія ахоўвалі ўстоі дзяржавы». Часам такая наіўнасьць настолькі ўражвае, ажно закрадаецца сумнеў: а ці наіўнасьць гэта? Калі пляменьнік Васіль Дземянцей дагэтуль «ахоўвае ўстоі» на пасадзе намесьніка старшыні КДБ. Мікалай Дземянцей не разумее: «той шосты артыкул Канстытуцыі СССР аб кіроўнай ролі КПСС. Ён што, замінаў разьвіцьцю грамадзтва?» Лёгіка ў гэтым ёсьць: калі дзяржава трымаецца на войску і КГБ, дык і грамадзтва цалкам можа разьвівацца ва ўмовах аднапартыйнасьці.

У кнізе ёсьць пункт, які не дазваляе ёй заставацца бясхмарнымі пэнсіянэрскімі мэмуарамі пра адпачынак на дачы ў Драздах, паляваньні пад Адлерам і адказны візыт у складзе савецкай дэлегацыі на Папуа — Новую Гвінэю. Гэта апісаньне віленскіх падзеяў 1991 году. Нататкі «міратворцы», пасланага «перадухіліць новыя ўзброеныя сутыкненьні прыхільнікаў Ландсбэргіса і вайскоўцаў» пасьля таго, як «нявысьветленымі асобамі» пад тэлецэнтрам была ўжытая агняпальная зброя. Тут аўтарскі тэкст цалкам адпаведны зьместу сучасных ідэалягічных перадач БТ: «адрэпэтаваны натоўп», аксамітная рэвалюцыя як «спроба гвалтоўнага зьвяржэньня існага ладу».

Дземянцей цікавы там, дзе ў ягоным тэксьце, як у люстэрку, адбіліся думкі й норавы намэнклятуры БССР: Сьлюнькоў, які выпраўляецца ў чарнобыльскія раёны «пасьля першамайскага параду». Увесь дзяржаўны апарат, які, ведаючы пра аварыю на атамнай станцыі, сядзіць і чакае загаду з Масквы: «калі б нешта сур’ёзнае, нам бы пазванілі». Кіраўнікі, аж да напаўапальнага сёньня Пятра Міронавіча, галоўная задача якіх «бесьперабойнасьць паставак сельгаспрадукцыі». Эліты, ангажаваныя ў маскоўскія апаратныя гульні, адвучаныя прымаць рашэньні.

Ці мог бы Машэраў, каб ня тая аварыя на шашы, стаць беларускім Шэварднадзэ? Невядома. Але нават Дземянцей, «сакратар па сьвіньнях», якога партыя паслала ўзначаліць Вярхоўны савет, каб дыскрэдытаваць саму ідэю, што ўлада павінна належаць парлямэнту, а не «вядучай і накіроўваючай КПСС», нават гэты Дземянцей ганарыцца сваёй роляй у прыняцьці Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце.

Яшчэ ў кнізе геніяльныя фатаграфіі: намэнклятура на трыбунах і ў кабінэтах, з папуасамі і ўласным народам. Такая, якой была. Дземянцей, устаўляючы тыя фоткі ў кнігу і падпісваючы іх, нават не задумваўся, што ён быў кіраўніком Беларусі. Такім жа «сакратаром па сьвіньнях» быў Шарэцкі, што з ганарлівымі інтанацыямі апавядаў: падчас імпічмэнту пазваніў сам Ельцын і сказаў Лукашэнку не чапаць. А Лукашэнка на такіх увогуле зрабіў стаўку: чарговы сакратар па сьвіньнях Папоў, чарговы Навіцкі…

Кніга дазваляе бачыць, як эвалюцыянавала намэнклятура за апошнія 15 гадоў. Прынамсі, ва ўладнай эліты нават думак няма аб падпарадкаванасьці нейкаму «цэнтру» — апроч Адміністрацыі прэзыдэнта.

У ЗША былыя прэзыдэнты чытаюць лекцыі ва ўнівэрсытэтах. А пра што гаварыць Дземянцею? Пра надоі ў 1975 годзе?

Усім пэсымістам, упэўненым у непарушнасьці сёньняшняга ладу, варта перагарнуць гэтую кнігу. Каб адчуць, што Дземянцеяў плач аб страчаным выраі, дзе «аднаго сур’ёзнага крытычнага выступу газэты «Правда» было дастаткова, каб сакратар абкаму партыі пазбыўся пасады», сёньня ўспрымаюцца з актуальнасьцю законаў Хамурапі. Заўтра хіба пацісканьне плячыма выкліча стэнаграма «трэцяга ўсебеларускага сходу».

Сяргей Мікулевіч

Мікалай Дземянцей (нар. у 1930 у вёсцы Хотліна Чашніцкага раёну) скончыў Сельскагаспадарчую акадэмію і Вышэйшую партыйную школу. Прайшоў усе прыступкі партыйнае герархіі — ад інструктара да сакратара ЦК КПБ (1979—1989). У час яго безаблічнага старшынёўства Вярхоўны савет БССР абвесьціў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце (1991). Пасьля паразы путчу пад ціскам апазыцыі мусіў пайсьці ў адстаўку.

Прыём дэлэгацыі Ўкраінскай ССР

Прыём дэлэгацыі Ўкраінскай ССР. На пярэднім пляне — Л.М.Краўчук, В.Ф.Кебіч, М.І.Дземянцей. Менск, 1990 г.

Народныя дэпутаты СССР зь візытам добрай волі на сьвяце Незалежнасьці дзяржавы Папуа — Новая Гвінэя.

Народныя дэпутаты СССР зь візытам добрай волі на сьвяце Незалежнасьці дзяржавы Папуа — Новая Гвінэя. А.Шэнін, С.Амбарцумян, М.Дземянцей, суправаджаў сьпікер парлямэнту Дэніс Янг. 16 верасьня 1989 г.

Салдацкая каша і франтавыя 100 грамаў. А.Р.Лукашэнка і М.І.Дземянцей сярод вэтэранаў вайны.

Салдацкая каша і франтавыя 100 грамаў. А.Р.Лукашэнка і М.І.Дземянцей сярод вэтэранаў вайны. 9 траўня 2001 году.

Мае добрыя сябры і суседзі П.В.Вараб’ёў, У.Р.Сузько ў дзень 45-годзьдзя Ўладзімера Рыгоравіча.

Мае добрыя сябры і суседзі П.В.Вараб’ёў, У.Р.Сузько ў дзень 45-годзьдзя Ўладзімера Рыгоравіча. 26 студзеня 2000 г.

(У іншым подпісе В.Г.Сузько характарызуецца як «мой добры сусед і пакравіцель». — «НН»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0