Вось захацелася зайцам стаць,

Баяцца, хавацца і галадаць,

арэхавы куст абаронца мой,

Гэтай халоднай зімой.

З заклёну ўэлскіх чараўніц

Люба — журналістка радыё «Вольная Беларусь». Яе сястра Віка працуе ў газэце «Савецкая Беларусь». Зрэдзьчас яны сустракаюцца на «нэўтральнай тэрыторыі», у сталоўцы, што ляжыць між рэдакцыямі. Але новы год ім давядзецца сустракаць разам, у бацькоўскім доме. Раптам высьвятляецца, што выпадковы Любін спадарожнік па маршрутцы — таксама іх госьць...

Працяг. Пачатак у № 2—6.

Па вёсцы забухалі пэтарды, на ганку ўзьнікла маці:

— Любка! Ён ужо адгаварыў, хутчэй, новы год сустракаць, цябе ўсе чакаюць.

Я стрымгалоў кінулася ў хату. Застольнікі сядзелі з аднолькавым выразамі п’янаватай іроніі на тварах. Цікаў гадзіньнік. Мой келіх стаяў наліты, уздымаліся бурбалкі (Аляксандравічава паўсалодкае!).

— Ну, раз ты такая ў нас разумная, дык скажы тост! — сказаў дзядзька Вася.

Аддалі вар’ятцы навагодняе слова. Я ўзяла келіх і нічога не магла сказаць. Мне хацелася выкласьці пра ўзаемазьвязаны калядны мэханізм узмацненьня Ірада і непазьбежнасьці цуда. Пра зьмены, якія чакаюць усіх, і хай бы яны пайшлі нам усім на карысьць. Але агіда да высокага ўжо заняла мне дух. Не было ніякай праўды, якая б нас аб’яднала, а калі б і была, не маімі вуснамі і не для гэтых людзей яна павінна прагучаць.

— Ну, хоць за Беларусь, ці што! — падказаў бацька.

— За Беларусь! — з палёгкаю ўсклікнулі мы й зацокалі келіхамі.

Калі праўда распаўзаецца, як старая мешкавіна, гэта ясная прыкмета, што вы ступілі на шлях «сяожэнь» — дробнай сволачы. Так гаворыцца ў маім падручніку па фэн-шуй. Па-беларуску гэта гучыць так: усе маюць рацыю. Або: трэба жыць як набяжыць. Драбіць праўду на некалькі й выбіраць сваю. На шляху сяожэнь валяецца шмат дабротаў, можна падабраць, толькі галаву схілі, пад ногі глядзі. Але нават набраўшыся ўсяго, застанесься жамярынаю, якая валачэ груз, у некалькі разоў большы за самую.

Праўда, па-за шляхам дробнай сволачы ёсьць шлях героя, аднак гэта занадта вялікая адказнасьць. Вунь адзін узвышаецца над сяожэнь. Да яго і галаву падымаць брыдка.

Прытоеныя за кулісамі

Пікет пад чырвона-зялёнай шыльдаю «А.Г.Лукашенко — наш президент!», Менск, ЦУМ, студзень 2006, выбары-шмыбары ў завязаным мяху. Кот даўно вядомы.

Я стаілася за шэрай калёнай ЦУМу й непрыбранай елкай. Перад пікетчыкамі — групай таўсматых маладзёнаў у дублёнках — распрагаецца мой зяць, гэбіст Анушкевіч.

— Актывісссты! — схаваўшыся са мной за калёну, прашыпеў нейкі мужчына ў футраной шапцы. Я ўхвальна зірнула на яго. Хвіліну мы ў поўнай еднасьці сьвідравалі вачыма пікет «За Беларусь!», потым ён нырнуў у ЦУМ, а я засталася стаяць — мне чысьцяць марынарку ў тутэйшай хімчыстцы, сьпяшацца няма куды. Я ня мерзла — была ў бацькавым геалягічным швэдры з калянай воўны. Мела фляжачку каньяку, а таксама час і натхненьне паназіраць за палітычным жыцьцём часоў Залатой Эпохі. Спакой і папас — дзьве дастатковыя ўмовы, каб эпоха лічылася залатой.

Да пікету ніхто асабліва ня бег. Вось падышлі дзьве буйныя цёткі — дублёнкі дадолу, грудзі наперад, на галовах футраныя шапкі а-ля баярыня. Торбы з замочкамі. Загадчыцы аддзелу ў выканкаме. Паважна паставілі подпісы, пайшлі. Праз паўгадзіны я спасьцігла прызначэньне пікету — шырма! Асноўныя подпісы зьбіраюцца ціхай сапай зь велькім размахам. Гэты ж пікет быў паэзіяй чыстае красы. Ён разам зь пікетамі Мілінкевіча, Казуліна й Пазьняка ўтварыў чатырохканцовы крыж у падземным пераходзе ЦУМ—Камароўка. Тыя тры я ўжо агледзела. Зусім ня тая дыхтоўнасьць. Пазашываліся пад зямлю, твары бледныя, мерзнуць у танных апранахах. За Пазьняка сядзіць на зэдлічку пажылая спадарыня ў блакітнай куртачцы. За Казуліна — студэнты й выкладчыкі. Мілінкевічаўцы падабраліся як у п’есу пра клясавую еднасьць — інжынэр Павал Мяфодзевіч (ведаю яго як старога рэвалюцыянэра), Антоська-ліцэіст, мажны вусаты мужчына, з выгляду рабочы. Побач калоціцца маці-адзіночка — уся ў варсінках і качулках, з журботнымі вачыма й апушчанымі вуснамі. Гэтым я й здала подпіс ды пайшла да ЦУМу чысьціць сваю танную апранаху.

Тут я ў другі раз пабачыла свайго зяця за працай. Першы раз то было ў сярэдзіне 1990-х на мiтынгу: ён кружляў вакол натоўпу, як воўк пры гурце. Падцікаўшыся ззаду, я паклала яму руку на плячо й гыркнула: здравiя жадаю, лейтэнант Анушкевiч! Анушкевіч доўга ня мог мне дараваць таго, што я палічыла, быццам ён пасьвіць такіх нікчэмнасьцяў, як я ды іншыя нацыяналісты. Ён «працаваў» з Майкам Рэйвэнам, «амэрыканскім донарам апазыцыі». Гэта ён мне адмыслова перадаў праз знаёмых. Гаварыць мы не маглі з-за ўзаемнай антыпатыі.

Я пазнаёмілася зь ім у раньнім студэнцтве — высокі бляндын зь Віцебшчыны, чысты эрзац вікінга. Сястрын інтэрнацкі муж. Яны месяцаў колькі жылі ў граху ў нашым несямейным інтэрнаце. А потым разьбегліся, бо за ім завяліся дзіўноты дзіўныя. Раз прыйшоў за мной у жаночую прыбіральню, каб павіншаваць з днём нараджэньня. Выйшаўшы з кабінкі, я была непрыемна ўражаная — паблізу стаяў Анушкевіч і пасьвістваў гумовым вожыкам. «На, з днём нараджэньня!» — сказаў ён, працягваючы мне цацку. Тады я вырашыла, што ў ім прытаіўся туалетны маньяк (такіх тады хапала). А потым падумала: Анушкевіч хацеў ня толькі пранікнуць у таямніцы жаночай прыбіральні, але яшчэ й кагосьці зьбянтэжыць і апусьціць. Празь некаторы час ён выкраў мой дзёньнік, дзе былі брыдкасьці пра сястру (я зайздросьціла, што ў яе прыгожы муж, хе-хе!) і паказаў ёй «праўду». Віка зазлавала, плюнула на нас абаіх і сышла на кватэру. А Анушкевіча праз пару месяцаў тэставаньняў перавялі зь юрфаку на курсы КДБ, а потым у вышэйшую школу ў Маскву. Ён прыходзіў да сястры, хваліўся й прасіў вярнуцца — яго чакала бліскучая будучыня. Так і атрымалася. Шнырыць цяпер па пікетах. А можа, курсантаў прывёў подпісы зьбіраць?

Так ці інакш, я не паўтарыла подзьвігу 1990-х — не падышла і ня гыркнула, прымусіўшы яго зьбегчы. Справа ў тым, што я больш не магу падыйсьці да яго або пакласьці руку на плячо. Чэкісты прайшлі вялікі шлях, зрабілі многа бруднай працы, і цяпер да іх набліжацца ня трэба.

Аднак да пікету наблізілася маё другое я — любімая сястра, у сваім найгоршым футры — са стрыжанага стэповага сабакі. Яна ходзіць у ім на ня надта важныя інтэрвію, і ўвогуле ў народ. Я нічога ня чую, але па радаснай пантаміме пазнаваньня бачу — Віка й Анушкевіч у парадку. Можа, нават адновіцца пара — баран ды яра. Віка бярэ інтэрвію ў хлапцоў-пікетчыкаў, Анушкевіч адмахваецца. Потым усе разам, сьмеючыся, нешта гавораць двум падпісантам. Чалавечае, занадта чалавечае. Я далекавата стаю, рэплікаў ня чую, дый не хачу — на памяць ведаю. У іх мая рыторыка 10-гадовай даўніны — «Беларусь юбэр алес», «За Беларусь у росквіце». Гэтая стратэгія выявілася пройгрышнай, шкоднай для здароўя — занадта ангажавацца ў краіну, хай сабе й сваю. Зь ёй усё роўна ўсё будзе інакш — не па-мойму, не па-анушкевіцку.

Шлях з-за кулісаў ня ўсіх вядзе на сцэну. Ня хочаш граць — сыходзь з тэатру. Куды? Асабіста я пайду ў хімчыстку па сваю куртку.

P.S. Днямі пабачыла пару ў адным фільме. Абое выкрывалі польскіх шпіёнаў. У свой час мы зь сястрою вучыліся журналістыцы ў Польшчы й Чэхіі — за грошы «Салідарнасьці» й «Сьцяпана Батуры». На тагачасных фотках мы разам на вуліцах вольных местаў Прага, Гданьск і Варшава.

Rezygnuje z wszystkiego

Як гэта добра —

Гардыня.

Хай застаецца, спатрэбіцца.

Зныня

Лёс наш забраны

Заклікае зьмірыцца.

Ня здолеў, мілы, ты збудаваць сваю вежу ў пыле, ня здолеў.

Ну і што?

Пайдзі і пасьпі да Сьвятога Ніколі.

Хто слабы, але невінаваты,

Хай ідзе ў анучкі драмаць дахаты.

Засьні і сканай, раз за дзьверы

ты зайшоў, за якімі ня стала ні мары, ні веры.

Прымі свой выбар,

І гэты гармідар

разьбярэцца на ніткі.

Ідзі за сваёю

Вераўчанай, ніцянай, падманнаю сьцежыною.

Ўсё нішчымнае мне і табе дасталося.

На нішчымніцы мы і расьцём,

баявое ўскалосьсе

нашай зграбнай, як левы пратэз, эпохі.

(Праўда, што бітву кідаюць адныя калекі ды лохі,

А таксама мы, невялікія сволачы,

Якія выбралі жыць на каленях,

І ня хочуць быць бітымі стоячы.)

Ева Вежнавец — пісьменьніца. Жыве ў Менску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0