Галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан рэкамендуе вакцынацыю ад ветраной воспы.

Як паведаміла спецыяліст на прэс-канферэнцыі ў Мінску 26 жніўня, у Беларусі штомесяц на ветраную воспу захворвае прыкладна 6 тысяч чалавек (прыблізна на 10% больш, чым у 2010 годзе). Хвароба працякае дастаткова цяжка, асабліва ў дарослых людзей, і можа мець доўгатэрміновыя наступствы. Вірус застаецца ў арганізме і можа пры зніжэнні імунітэту ў чалавека старэйшага за 50 гадоў праяўляцца ў выглядзе апаясваючага лішаю.

У календары прафілактычных прышчэпак (за кошт сродкаў бюджэту) вакцынацыя супраць ветраной воспы пакуль не прадугледжана. Карабан адзначыла, што ў міністэрстве абмяркоўваецца пытанне павелічэння колькасці прышчэпак у календары, аднак з-за існых эканамічных праблем найбліжэйшым часам гэтага не адбудзецца.

На платнай аснове вакцынацыя ад ветраной воспы праводзіцца ў паліклініках і гарадскім цэнтры вакцынапрафілактыкі. Міністэрствам аховы здароўя зарэгістраваны і дазволены для выкарыстання вакцыны «Варылрыкс» (Бельгія) і «Акавакс» (Японія).

Кошт вакцынацыі «Варылрыксам» у гарадскім цэнтры вакцынапрафілактыкі павялічыўся.

Для дзіцяці да 12 гадоў — 250 тыс. рублёў (у маі было 160 тыс. рублёў), для дарослага і дзяцей старэйшых за 12 гадоў — 500 тыс. рублёў (было 320 тыс. рублёў).

Назіранне за прышчэпленымі паказала, што са 100 прышчэпленых 88–94 чалавекі не захварэюць на ветраную воспу. У 6–12 чалавек са 100 прышчэпленых можа ў выпадку кантакту развіцца ветраная воспа, але працякаць яна будзе ў лёгкай форме. Працягласць засцярогі складае 20 і больш гадоў.

Успрымальнасць людзей да ветраной воспы — 100%. Інфекцыя перадаецца паветрана-кропельным шляхам пры размове, кашлі, чханні. Хворыя становяцца заразнымі за 20–24 гадзіны да з’яўлення сыпу і застаюцца такімі да пятага дня з моманту рэгістрацыі яе апошняга элемента. Тэмпература трымаецца два-пяць, часам да васьмі-дзесяці дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?