Штогод 15 студзеня ліцэісты і выкладчыкі Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа адзначаюць Дзень Ліцэю. Традыцыя гэтая пайшла ад 1992 г., калі Распараджэньнем Савету Міністраў Беларускаму гуманітарнаму адукацыйна‑культурнаму цэнтру быў выдзелены будынак па вул. Кірава.

Сёлетні год ня стаў выключэньнем. Каля будынку былога ліцэю, дзе цяпер месьціцца суд Цэнтральнага раёну, сабраліся некалькі дзясяткаў ліцэістаў і іх выкладчыкаў. Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас павіншаваў прысутных са сьвятам. Ён адзначыў, што ў гэтым годзе быў зроблены дастаткова пасьпяховы набор:«Да нас прыйшлі добрыя дзеці, у ліцэі быў конкурс». Пра колькасьць новых навучэнцаў сп. Колас не паведаміў, спаслаўшыся на сёньняшнія ўмовы, што вымагаюць канфідэнцыйнасьці. Новы закон аб адукацыі, па ягомеркаваньні, звужае поле для самастойнай дзейнасьці ліцэю. Аднак кіраўнік падпольнага ліцэю не губляе аптымізму: «Мы склаліся, як пасьпяховая арганізацыя, што працягвае існаваньне ў такіх складаных умовах».

Усе разам прасьпявалі ліцэйскі гімн, выклікаўшы зьдзіўленыя ўсьмешкі мінакоў. Адна жанчына сказала, што ведае сёе‑тое пра ліцэй і адзначыла, што «сьвята ў вас сумнаватае». Але ліцэісты і выкладчыкі сумаваць і не зьбіраліся. Хтосьці адзначыў, што будынак у добрым стане, новыя дзьверы на ўваходзе – карацей, вяртацца сюды будзе ўдвая прыемней. Разыходзіліся ўдзельнікі сьвяткаваньня пад воклічы «Жыве ліцэй!» ды «Жыве Белварусь!»

Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа быў заснаваны 28 лістапада 1990 году. Першапачаткова працаваў як нядзельны Беларускі гуманітарны ліцэй пры арганізацыі Таварыства беларускай мовы iмя Ф. Скарыны Савецкага раёну г.Менску. Загадам Міністэрства народнай адукацыі БССР № 214 ад 23 верасьня 1991 г. на базе нядзельнага ліцэю быў створаны стацыянарны Беларускі гуманітарны ліцэй, які пачаў працу зь 1 кастрычніка 1991 года. У 2003 г. Міністэрства адукацыі ліквідавала ліцэй, матывуючы гэта неабходнасьцю «аптымізацыі навучальнага працэсу».

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?