РЭФЛЕКСІЯ НА ТЭМУ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ
Надвор’е кепскае і атмасфэрны ціск
як напамін пра думкі Гэракліта.
Ахутана імглой Рэч Паспаліта,
адно чуваць прапагандысцкі сьвіст.
З аднога боку жондзіць афэрыст,
мудак з другога бразгае бранёю,
а ты ў вантробах поўзаеш, як гліст,
балду ганяеш, цешысься хернёю.
І не пад’есьці, нават не сысьці
з двара аблезлага, нібыта з п’едэсталу,
то чэзлы пах (мянта званітавала)
ў прадоньне чорна-белае ляціць.
А недзе ўверсе тоне ў ліхтарах
«Black Jack» для какаінавых каўбояў.
Рэч Паспаліта, хрэн з табою!
Ты застанесься, пэўна, у вяках!
25 лістапада 2005
❏
ЗАБАВЫ КАКАІНАВЫХ КАЎБОЯЎ
ТАНЦОРЫ
Танцоры з кардэбалету
так мілай сэрцу правінцыі
зьбіраюць (як хобі) манэты
і піва закусваюць піцаю.
Слугуюць паціху рэжыму
(імпрэзы калі афіцыйныя),
а ў сэрцы іржавай спружынай
сырэны крычаць міліцыйныя.
І ўсё ім, напэўна, да дупы,
як нехта казаў — фіялетава.
Хоць едзь на гастролі ў Лынтупы,
хоць рэж сваё сэрца паэтава!
Сакавік, 2005
ЭЎРАПАПСА
Як некалі, у дзень сьвятога Казіміра
(раней казалі, пэўна, Казімера)
пасьля запою шкляначка кефіру —
пажыўная «пахмелка» да халеры
ды шпацыр на разгорнуты кірмаш.
Гляджу на цыцкі Анжалікі Агурбаш
у тэлевізіі — сапраўдная Вэнэра,
што мужыкі гатовы баш на баш
ці зацягнуць яе ў шалаш,
нібы адрынутыя гора-кавалеры.
Ды «Эўрабачаньне» — жахлівая хімэра,
што не ўратуе пляшачка «Мадэры»
і нават на талерцы кілбаса!
Апанавала мэдыі папса,
і агурбашацца дзяржаўныя гетэры.
21 траўня 2005