2 верасня ля Прэзідэнцкага палаца рыхтуецца мітынг — тут бацькоўскі форум польскіх школ Літвы мае намер пратэставаць супраць Закона аб адукацыі, які ўступіў у сілу. Таксама рыхтуецца забастоўка — з 2 верасня вучняў заклікаюць не хадзіць у школу.

Як сцвярджаецца ў распаўсюджаным паведамленні, на мітынгу будуць пратэставаць супраць прымусовага ўвядзеньня двухмоўнага навучання ў школах нацыянальных меншасцяў, аднолькавай праграмы навучання літоўскай мове і экзамену для літоўскі школ і школ нацыянальных меншасцяў.

«Падтрымаем мітынг ля прэзідэнцкага палаца 2 верасня, а 10.00 гадзіне! Давайце далучымся да страйку — з 2 верасня не пойдзем на ўрокі!», — заклікаюць у звароце. «Няхай гэты страйк стане пачаткам адмены дыскрымінацыйнага Закона аб адукацыі!», — заклікае бацькоўскі форум польскіх школ Літвы.

Аб’яўляецца, што мітынг падтрымліваюць Саюз палякаў Літвы, Таварыства настаўнікаў польскіх школ Літвы «Macierz Szkolna», Выбарчая акцыя палякаў Літвы, партыя «Русский альянс», Таварыства настаўнікаў рускіх школ Літвы.

Ініцыятары забастоўкі — вучні?

«Наколькі мне вядома, страйк арганізуюць самі дзеці — навучэнцы старэйшых класаў. Я іх разумею — іх меркаванне не ўлічылі. У дэмакратычнай дзяржаве рашэнні так не прымаюцца — у заходняй цывілізацыі большасць не прымае рашэнні, калі яны не задавальняюць меншасць. Павінен быць дыялог», — паведаміў DELFI старшыня Выбарчай акцыі палякаў Літвы (ВАПЛ), еўрапарламенцёр Вальдэмар Тамашэўскі.

На думку Тамашэўскага, для таго, каб не было забастоўкі, Закон аб адукацыі неабходна папраўляць. Колькі будзе працягвацца страйк, будзе залежаць ад рашэнняў Міністэрства адукацыі і навукі. Старшыня ВАПЛ лічыць страйк вялікім мінусам кіроўнай большасці.

«У дэмакратычнай дзяржаве не забаронена страйкаваць. Так выяўляецца воля і абурэнне новым Законам аб адукацыі, спосабам яго прыняцця. Як вядома, ён быў прыняты па прынцыпе бульдозера, цалкам не лічачыся з грамадскасцю — было сабрана больш за 60 000 подпісаў бацькоў, якія не жадаюць пераменаў», — сказаў сакратар Саюза палякаў Літвы Эдвард Трусевіч.

Паводле яго слоў, хоць подпісы ўручаны і прэзідэнту Далі Грыбаўскайтэ, і спікеру Сейма Ірэне Дэгутэне, закон усё ж прынялі, і ён уступае ў сілу 1 верасня. «Пікет — гэта выраз абурэння, незадавальнення. Страйкаваць можна, але гэта павінна рабіцца санкцыянавана», — сказаў ён.

Па звестках Трусевіч, пакуль гэта будзе папераджальная акцыя, мэта якой — звярнуць увагу, што нельга «бальшавіцкімі метадамі прымаць прававыя акты супраць волі бацькоў, грамадства». Калі гэта не дапаможа, хутчэй за ўсё, будуць зроблены іншыя захады.

Да мітынгу рыхтуюцца не ўсе

«Наколькі я чула, бацькі збіраюцца ехаць. Можа, некаторыя возьмуць з сабой і дзяцей. Школа ў гэты дзень будзе працаваць, урокі будуць праходзіць», — сказала дырэктар гімназіі імя Фердынанда Рушчыца ў Рудаміне Жанета Янкоўска.

Намеснік дырэктара гімназіі ім. Св. Рафаіла Каліноўскага ў Нямежысе (Віленскі раён) Ядвіга Пумпалавічэне сказала, што нічога не ведае пра мітынг і страйк. «Я нічога не чула, магчыма, бацькоўскі камітэт нешта ведае. 2 верасня мы арганізуем адзін з дзесяці нетрадыцыйных дзён — будуць праходзіць экскурсіі, будзем нармальна працаваць. Мы дакладна не будзем страйкаваць», — пераконвала яна.

Сцепанавічус: мітынгі — выяўленне дэмакратыі

«Гэты выяўленне дэмакратычнага грамадства. Я хачу сказаць, што многія краіны маглі б пазайздросціць Літве, дзе створаны такія ўмовы, якія, пачынаючы з дашкольнага выхавання і заканчваючы вышэйшай адукацыяй, прадастаўляюць магчымасць атрымаць адукацыю на роднай мове», — сказаў міністр адукацыі і навукі Гінтарас Сцепанавічус у аўторак пасля сустрэчы з прэзідэнтам Даляй Грыбаўскайтэ.

Дарадца прэзідэнта Дайва Ульбінайтэ выказала меркаванне Грыбаўскайтэ пра тое, што ў Літве становішча нацыянальных меншасцяў вельмі добрае, а сістэма адукацыі нацменшасцяў лічыцца адной з найлепшых у Еўропе.

Нагадаем, што, згодна з прынятым Законам аб адукацыі, у школах нацменшасцяў будзе пашырана навучанне на літоўскай мове, з 2013 года будзе ўведзены аднолькавы экзамен па дзяржаўнай літоўскай мове для прадстаўнікоў нацменшасцяў і тых, для каго літоўская мова з’яўляецца родным.

Сёлета школы нацыянальных меншасцяў атрымаюць вучнёўскія кошыкі на 21% большыя, будуць дадаткова забяспечаны падручнікамі, улетку для настаўнікаў школ нацменшасцяў арганізаваныя дадатковыя курсы павышэння кваліфікацыі, прадугледжаны льготы пры ацэнцы выпускнога іспыту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?