Карэспандэнт «Народных навінаў Віцебска» адправілася сёння на Смаленскі рынак у Віцебску, каб даведацца, ці падняліся там цэны на мясную прадукцыю, як ідуць справы ў «мясных» гандляроў і ці па кішэні мяса простым гараджанам.

З 31 жніўня згодна з пастановай Міністэрства эканомікі Беларусі зноў падвысіліся гранічныя максімальныя адпускныя кошты на свініну і ялавічыну (на 10%). У жніўні гэта ўжо трэцяе падаражанне свініны і другое — ялавічыны. Акрамя таго, з дазволу галоўнага беларускага эканамічнага ведамства, на рынках і кірмашах цяпер дзейнічаюць свабодныя цэны на мясныя паўфабрыкаты. Неабходнасць у павышэнні коштаў на мяса Мінэканомікі тлумачыць тым, што яго вытворцы нясуць страты, гандлюючы сваім прадуктам на рынках і кірмашах.

«Мясных» кропак на Смаленскім цяпер значна менш, чым у «дакрызісныя» часы. Але сітуацыя ажывілася — прадаўцоў за прылаўкамі цяпер прыкметна больш, чым яшчэ пару тыдняў таму, калі мяса актыўна «з’язджала» ў расійскі горад, у гонар якога названы віцебскі рынак.

Па стане на 31 жніўня прадаўцы на Смаленскім рынку пакуль яшчэ не памянялі лічбы на сваіх цэнніках. Але многія з іх не выключаюць, што ўжо «заўтра яны могуць ўзляцець». Кошт мясной прадукцыі, нягледзячы на тое, што кожны вытворца можа зараз усталёўваць на яе сваю цану, прыкладна аднолькавы ва ўсіх прадаўцоў:

    Свіная выразка — ад 45 000 да 55 000 рублёў
    Свініна (карэйка) — 42 000 рублёў
    Гуляш — 15 000 рублёў
    Сала салёнае з праслойкамі мяса — 45 000 рублёў
    Сала салёнае — 35 000–37 000 рублёў
    Сала (свежае) — ад 20 000 да 35 000 рублёў
    Фарш — 26 800 рублёў
    Рулька — 25 000 рублёў
    Печань свіная — ад 13 000 да 15 000 рублёў
    Сэрца — 15 000 рублёў
    Ныркі — 10 000 рублёў
    Свіныя ногі — 4 000 рублёў
    Рэбры — 20 000 рублёў
    Цяляціна (мяса на косткі) — 55 000 рублёў
    Цяляціна (грудзінка) — 38 000 рублёў
    Цяляціна (выразка) — 65 000 рублёў
    Бараніна — 45 000–50 000 рублёў
Падобна на тое, прадаўцы не менш за пакупнікоў агаломшаныя такімі коштамі.
«Што вы, я баюся нават думаць яшчэ аб адным павышэнні коштаў! Бо мяса і так не купляюць. 20–30 пакупнікоў, можа, у мяне на дзень. У выхадныя, вядома, пабольш. Я працую з прыватнікамі — з фермерамі, з калгаснікамі. Ім выгадней перачакаць момант, а потым прадаць даражэй. А людзі дык і па гэтых цэнах не бяруць. Нават субпрадукты. Дарэчы, на „Эвікоме“ мяса няма», — распавяла адна з прадавачак.

Другая дадала, што «пакупнікі ёсць, але мала»: «У асноўным гэта расійцы, іх асабліва шмат у выходныя. Але яны бяруць мяса не на продаж, а для сябе: два-тры кілаграмы таго, два-тры кілаграмы гэтага… "

Па словах адной з віцебскіх прадпрымальніц, якая сама ж і прадае сваю прадукцыю на Смаленскім рынку, бывала, што «кошты на мяса маглі ў тыдзень тры разы падняцца». «Усталёўваючы кошт на сваю прадукцыю, мы арыентуемся на рынкавыя цэны. А пакупнікоў цяпер крыху —

людзі бяруць мяса па трошкі»,
 — кажа прадпрымальніца.

«Ці часта ў вашым рацыёне бывае мяса?» — Гэтае пытанне я задала двух бабулям, якія спрачаліся паміж сабой, хто вінаваты ў шалёных цэнах на свініну і ялавічыну. Адна з пенсіянерак упарта даказвала, што прычынай усяму — расійцы. А яе пажылая апанентка абараняла геаграфічных суседзяў.

Першая бабуля ўдакладніла: «А вы самі віцебскія?» І толькі пераканаўшыся, што перад ёй зямлячка, уступіла ў размову: «Тут жа адны расійцы. Гэта яны дагналі цэны на мяса да 50 тысяч. Яны бяруць у краме па 5 булак хлеба. Не заўсёды купіш і малака тлустага і кефіру, таму што яны бяруць па 50 пакетаў і вязуць на машынах. Ем я мяса? Я кожны амаль дзень купляю курыцу, але цяпер яна ўжо падаражэла — 25 з лішнім тысяч. Хацела вось купіць і не змагла, грошай не хапіла, а пенсія пятага. Дык хто ў гэтым вінаваты? Можа быць, мы? Мы не вінавацім нікога, але кошты страшна падняліся. Вы падумайце, 5 тысяч стаяць косткі голыя (бабуля паказвае на набор для супу — „ННВ“). Або рулька, гэта ж няшчасная свіная каленка — каштуе 25 тысяч!

Ну раней яна каштавала 10, ад сілы 15 000… Не ведаю, як будзем жыць!..»

Другая бабуля, якая бараніла расійцаў, жыве сціплей: «Мяса мне амаль не па кішэні. Вельмі рэдка яго купляю. І як-неяк ужо адвыкла. Раней мне хацелася мяса, я хадзіла і аблізвалася, а цяпер мне нават іншы раз і не хочацца на яго глядзець. Бяру часам вараную каўбасу. Месяц таму купляла сала, мяне папрасілі яго купіць, дык яно было 17 тысяч за кілаграм. Сёння падышла даведацца, колькі ж яно цяпер каштуе. Я ўразілася — ужо 37 тысяч! Гэта магчыма? Гэта неймаверна!»

У краме прадпрыемства «Мяскавіт» на вуліцы Леніна ў 12 гадзін дня, калі там быў карэспандэнт «ННВ», у продажы была толькі ялавічына (лапатачная частка) па 39 130 рублёў за кілаграм і ялавічнае катлетнае мяса (27 380 рублёў за кілаграм). Пры гэтым у мясным аддзеле была вялікая чарга. «Стаім з самай раніцы, з 9 гадзін. Чакаем, абяцалі, што прывязуць мяса», — распавялі мне жанчыны ў чарзе. «А якое мяса прывязуць?» — «Ды хоць якое…» Бабуля, гадоў 80-ці, мармытала сабе пад нос: «Напэўна, хуткую прыйдзецца мне выклікаць — стаю тут ужо тры гадзіны…»

У гастраномах мяса ўжо даўно няма, але дзеля чысціні эксперыменту я зайшла ў тры крамы. У «Весце» № 122 на праспекце Чарняхоўскага сіратліва ляжалі пяць ці шэсць кавалкаў ялавічыны 1 гатунку па 17570 за кілаграм. Да іх па чарзе падышло некалькі пакупнікоў. Але ў кошык ніхто ялавічыну так і не паклаў. «Адна костка, трохі аброслая мясам», — грэбліва паморшчыўся мужчына.

У краме «Гермес» на Чарняхоўцы і «Весце» № 138 на Чкалава мясам, што называецца, і не пахла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?