Агенцтва Reuters паведаміла, што на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка меў таемную сустрэчу з балгарскім міністрам замежных справаў Мікалаем Младзенавым. Гэта адпавядае той інфармацый, якой валодае рэдакцыя «НН».

«Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка спрабуе паправіць напружаныя адносіны з Еўрасаюзам, шляхам вызвалення палітвязняў і правядзення перамоваў з палітычнымі апанентамі», — піша агенцтва.

Па выніках візіту Младзенаў накіраваў ліст міністру замежных справаў Еўрасаюза Кэтрын Эштан. Младзенаў піша, што Лукашэнка згадзіўся вызваліць чатырох палітвязняў цягам тыдня (так і адбылося), а яшчэ супраць двух зняць абвінавачванні. Магчыма, гаворка вядзецца пра Алеся Бяляцкага.

Усе астатнія палітвязні павінны выйсці на свабоду ў кастрычніку.

Таксама Лукашэнка паабяцаў правядзенне круглага стала з апазіцыяй. На яго будуць адкамандзіраваныя «мудрыя мужы» з Еўрасаюза, каб аблегчыць перамовы.

Младзенаў лічыць, што выкананне гэтых абяцанняў дазволіць Еўрасаюзу ўдзельнічаць у падтрымцы Беларусі. Вынікі візіту і сітуацыю ў Беларусі міністры краін Еўрасаюза абмяркуюць на сустрэчы ў польскім Сопаце на гэтым тыдні.

Крыніца ў Еўрасаюзе паведаміла, што круглыя сталы будуць магчымыя толькі ў выпадку вызвалення ўсіх палітвязняў. Гэта папярэдняя ўмова.

«Беларусь спрабуе гуляць у заўсёдную гульню, але на гэты раз яна не спрацуе. Мінск спрабаваў атрымаць дапамогу праз традыцыйныя каналы ў Італіі і Літве, але атрымаў адмову. Удалося заангажаваць у гэта Балгарыю», — кажа крыніца.

Адзначаецца, што актывізацыя Лукашэнкі на еўрапейскім накірунку звязаная з не найлепшай эканамічнай і фінансавай сітуацыяй у краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?