1 верасня ў ліку больш як 17,3 тысячы беларускіх першакласнікаў упершыню адчыніў дзверы школы малодшы сын кіраўніка дзяржавы Коля Лукашэнка.

На першую ўрачыстую лінейку ў школе Астрашыцкага Гарадка (Мінскі раён) ён прыйшоў з бацькам. Аляксандр Лукашэнка выступіў перад навучэнцамі, пасля чаго ўвазе дзяцей быў прапанаваны тэатралізаваны паказ.

Школа ў Астрашыцкім Гарадку заснавана ў 1863 годзе.

Тут праведзены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй, які, паводле апошніх звестак, каштаваў 14 млрд. рублёў. У школе ёсць плавальны басейн з дзвюма чашамі — 12 метраў і 25 метраў. У трох першых класах сёлета будуць вучыцца 43 чалавекі, а ўсяго школу будуць наведваць 407 вучняў.

У школе праводзяцца факультатыўныя заняткі, скіраваныя на вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні, а таксама музычнай, мастацкай, тэатральнай, харэаграфічнай, спартыўнай скіраванасці, інфармуе дзяржаўнае агенцтва БелТА. Арганізавана праца гурткоў і спартыўных секцый. З мінулага навучальнага года ў школе праводзіцца навучанне ў чатырох спецыялізаваных спартыўных класах — аддзяленнях па хакеі з шайбай Рэспубліканскага цэнтра падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы". Выпускнікі нароўні з атэстатам аб сярэдняй адукацыі маюць магчымасць атрымаць пасведчанне аб прафесійнай падрыхтоўцы па адной са спецыяльнасцяў: вадзіцель, трактарыст-машыніст, кравец, прадавец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?