У бліжэйшыя некалькі гадоў у Беларусі плануецца скасаваць інстытут прапіскі, паведаміў сёння журналістам міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў на калегіі ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама.

«Інстытут прапіскі будзе скасаваны. Гэта агульнасусветная тэндэнцыя, звязаная з мабільнасцю грамадзян, якія ўсё часцей перамяшчаюцца ў сувязі са зменай месц работы», ‑ сказаў міністр. У той жа час ён адзначыў, што нейкая форма рэгістрацыі грамадзян у нашай краіне прысутнічаць усё ж будзе. «Гэта, перш за ўсё, звязана з эканамічным развіццём: неабходна ўлічваць колькасць пенсіянераў, працаздольных грамадзян, дзяцей, гэты аспект важны пры вырашэнні цэлага шэрага іншых пытанняў, напрыклад, налічэнні камунальных плацяжоў», ‑ растлумачыў Уладзімір Навумаў.

Паводле слоў міністра, адначасова адмяняць прапіску не плануецца. «Пераход да іншых метадаў уліку ніхто не заўважыць. Ва ўсіх сваіх рашэннях будзем кіравацца тым, каб не ствараць якіх‑небудзь нязручнасцей грамадзянам: прапіска і рэгістрацыя будуць прымяняцца паралельна. Плануецца, што па меры таго, як грамадзяне будуць мяняць свае пашпарты, прапіску заменіць рэгістрацыя», ‑ сказаў Уладзімір Навумаў. Паводле яго слоў, гэты працэс пачнецца не раней як праз адзін‑два гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?