Выдадзена другая частка двухтомнай энцыклапедыі «Вялікае княства Літоўскае». Кніга ўбачыла свет у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі».
Як расказалі карэспандэнту БЕЛТА у рэдакцыі гісторыі, філасофіі, эканомікі і права выдавецтва, матэрыялы энцыклапедыі ахопліваюць гісторыю шматнацыянальнай дзяржавы, якая існавала ва Усходняй Еўропе больш за пяць стагоддзяў ‑ з пачатку ХІІІ да канца ХVIII.
У алфавітных энцыклапедычных артыкулах змешчана інфармацыя аб найбольш значных гістарычных і міжнародных з’явах, якія паўплывалі на становішча ВКЛ, а таксама прававых актах, цэнтральных і мясцовых органах улады. Вялікая ўвага ў энцыклапедыі ўдзелена дзяржаўным, рэлігійным і культурным дзеячам, а таксама прадстаўнікам княжацкіх і шляхецкіх родаў, шырока асветлена грашовая і фінансавая палітыка. Значная частка артыкулаў прысвечана помнікам архітэктуры, а таксама найбольш значным друкаваным і рукапісным кнігам, перыядычным выданням. У энцыклапедыі таксама змешчаны біяграфіі вучоных ХІХ ‑ ХХ стагоддзяў, якія ўнеслі найбольш важкі ўклад у даследаванне гісторыі і культуры ВКЛ. Выданне багата ілюстравана каляровымі і чорна‑белымі фотаздымкамі, малюнкамі, картамі і планамі.
Крыніцамі для падрыхтоўкі энцыклапедыі, першы том якой выйшаў у 2006 годзе, сталі матэрыялы з архіваў Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны. У стварэнні фундаментальнага даведніка ўдзельнічалі вучоныя Інстытута гісторыі і Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама ўсіх беларускіх ВНУ.
Каментары