10 студзеня

Дворнікаў прымусілі

Намеснік старшыні АГП Ігар Шынкарык падаў заяву ў Партызанскую раённую выбарчую камісію і пракуратуру Партызанскага раёну. Ён сьцьвярджае, што ягоны канкурэнт па Трактаразаводзкай акрузе №54 Менску, дарадца старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Міхаіл Матусевіч парушае выбарчае заканадаўства. Паводле інфармацыі І.Шынкарыка кіраўніцтва ЖЭС‑64 дало загад сваім супрацоўнікам распаўсюджваць агітацыйныя матэрыялы М.Матусевіча, а ўлёткі іншых кандыдатаў зрываць. Сп.Шынкарык мае сумневы наконт сапраўднай колькасьці агітацыйных улётак свайго канкурэнта.

11 студзеня

Сяргей Салаш

У Барысаве супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы сябра Партыі БНФ Сяргей Салаш, які зьяўляўся даверанаю асобаю кандыдата ў дэпутаты ў Менскага аблсавету дэпутатаў Зьмітра Бабіцкага. Супраць Салаша была ўжытая правакацыя: каля ягонага дому да яго падбег незнаёмы мужчына і пачаў правакаваць на бойку. Хутка пад’ехала міліцэйская машына й міліцыянты забралі абодвух.

Ператрусы на Гомельшчыне

Актывіста дэмакратычных сілаў Аляксандра Каратчэнку пратрымалі ў Чыгуначным РУУС Гомеля сем гадзін. Падчас надгляду машыны міліцыянты знайшлі 6 000 улётак ад імя рэгіянальнага каардынатара руху «За свабоду» Уладзіміра Кацоры, у якіх, на меркаваньне праваахоўных органаў, зьмешчаныя «антыканстытуцыйныя выказваньні». Пасля санкцыі пракурора быў праведзены ператрус у кватэры затрыманага, дзе быў канфіскаваны цьвёрды дыск кампутара.

У той жа дзень пры ўезьдзе ў Жлобін супрацоўнікі ДАІ затрымалі аўтамабіль сакратара раённай арганізацыі ПКБ Валер’я Рыбчанкі, у якім таксама знаходзіліся кандыдаты ў дэпутаты раённага Савету сябры ПКБ Віктар Балянкоў і Валянцін Яўзрэзаў і дзейны дэпутат райсавету сябар АГП Марат Афанасьеў.

Міліцыянты не прадставілі ніякіх абвінавачваньняў, зазначыўшы, што могуць пратрымаць мужчынаў 3 гадзіны.

Міліцыянты Берасьцейшчыны

Лідэр Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі пасьля чарговай сустрэчы з выбарцамі Бярозы. Міліцыянты не прад’явілі ніякіх абвінавачваньняў. Яны запатрабавалі перапісаць дадзеныя людзей, якія разам зь Мілінкевічам знаходзіліся ў ягонай машыне, спаслаўшыся на загад начальства.

Пазьней, на ўезьдзе ў Берасьце, без усялякіх тлумачэньняў, машына Мілінкевіча зноў была затрыманая супрацоўнікамі ДАІ. Пад канвоем машына палітыка была накіраваная ў адзін з РУУСаў Берасьця. Праз гадзіну без прад`яўленьня абвінавачваньняў Мілінкевіча вызвалілі.

У Берасьці адміністрацыя Дома культуры сувязі, нягледзячы на дазвол уладаў, адмовілася прадаставіць для сустрэчы актавую залю, аргумэнтуючы гэта тым, што ў залі адбывалася датэрміновае галасаваньне. Сустрэча Мілінкевіча з берасьцейцамі адбылася ў фае Дому культуры.

12 студзеня

Шчукін ізноў

Вядомага праваабаронцуВалер’я Шчукіна затрымалі супрацоўнікі міліцыі на выбарчым участку №52 Першамайскага раёну. Там сп.Шчукін працаваў ў якасьці журналіста і меў пры сабе пасведчаньне газэты «Народная воля». Прычыны затрвыманьня міліцыянты не патлумачылі.

Лябедзька зняў сваю кандыдатуру з выбараў

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў пра здыманьне сваёй кандыдатуры з выбараў у гарсавет. У адмысловай заяве палітык канстатаваў, што з 202 сяброў АГП, якія апавясьцілі пра свой намер удзельнічаць у палітычнай кампаніі «мясцовыя выбары», толькі 60 пераадолелі бар’ер рэгістрацыі. З 537 актывістаў АГП, высунутых у Менску ў выбарчыя ўчастковыя камісіі, улады не ўключылі ў склад камісій ніводнага чалавека.

Суд над актывістамі

Паводле рашэньня суду Маскоўскага раёну Берасьця, удзельнік кампаніі «За Свабоду» Андрэй Шарэнда быў апраўданы, а ягоны паплечнік Дзяніс Турчаняк пакараны штрафам у памеры 15 500 рублёў.

Міліцыянты, якія затрымлівалі 11 студзеня сп. Шарэнду ў цэнтры Берасьця, ня здолелі давесьці ў судзе прычыну затрыманьня сп.Шарэнды. Дзяніса Турчаняка спачатку вінавацілі ў кіраваньні скрадзеным аўто. Пазьней гэтыя абвінавачваньні былі зьнятыя, але сп. Турчаняка пакаралі штрафам у памеры 0,5 б.в. за нібыта лаянку і непадпарадкаваньне міліцыянтам.

Пінскія паплечнікі

Сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з выбарцамі Пінску адбылася ў адсутнасьць абодвух дэмакратычных кандыдатаў, даверанай асобай якіх зьяўляецца Мілінкевіч. Аляксандар Васільеў і Аляксандар Рамановіч паводле абвінавачваньняў у нібыта дробным хуліганстве, трапілі ў мясцовы ізалятар часовага ўтрыманьня. Васільеў 9 студзеня атрымаў 7 сутак, а Рамановіч, напярэдадні прыезду Мілінкевіча, – 5 сутак арышту.

У Горадні ізалявалі

У Ленінскім райсудзе Горадні пакараны арыштам на пяць сутак Андрусь Фамін — давераная асоба кандыдата ў дэпутаты аблсавету Валер’я Кісяля з Партыі БНФ.

4‑дзённым арыштам у Кастрычніцкім раённым судзе пакаралі Максіма Губарэвіча — давераную асобу кандыдата ў дэпутаты Сяргея Антусевіча з Партыі БНФ.

Абодвух апазыцыянэраў абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Сьведкамі на судзе былі міліцыянты.

За скаргу на міліцыю

Аршанскі суд асудзіў моладзевага актывіста Сержука Гумінскага на трое сутак арышту. Некалькі дзён таму ён быў жорстка зьбіты супрацоўнікамі міліцыі за прынцыповае карыстаньне беларускай мовай. Малады чалавек зьвярнуўся са скаргаю ў пракуратуру на дзеяньні міліцыі. У чацьвер ён зноўку быў выкліканы ў міліцыю, дзе на яго склалі пратакол па арт. 156 і 166 КоАП – «хуліганства» і «непадпарадкаваеньне патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі». У знак пратэсту С.Гумінскі абвясьціў галадоўку.

5 сутак у Пружанах

Сябар АГП Уладзімер Радзівончык пакараны судом Пружанскага раёну на 5 сутак адміністратыўнага арышту. Яго зьвінавацілі ў «нецэнзурнай лаянцы ў грамадзкім месцы на адрас нейкай асобы». Пасьля затрыманьня ў пастарунак выклікалі «хуткую» – у Радзівончыка пагоршыўся стан здароўя. Судзьдзя Алена Лагода прызнала сьведчаньні міліцыянтаў слушнымі і пакарала актывіста апазыцыйнай партыі пяцю суткамі арышту.

Алесь Каліта зьбіты

Лідэр Моладзі БНФ Алесь Каліта асуджаны судом Савецкага раёну Менску на 7 сутак. У часе затрыманьня ён быў зьбіты спэцназаўцамі. Алеся адвозілі ў 9‑ты клінічны шпіталь Менску, дзе мэдыкі зафіксавалі пашкоджаньні.

Суд над моладзевай актывісткай Настасьсяй Александровіч адкладзены да 1 лютага. На працэс у Фрунзенскім судзе Менска, у якасьці сьведкаў абвінавачваньня прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія не мелі дачыненьня да затрыманьня актывісткі. Таму суд адкладзены да 1 лютага. Дзяўчына была затрыманая ўвечары 12 студзеня. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным спачатку перарэзалі тэлефонны дрот, а пасля ўварваліся ў кватэру. Дзяўчыну абвінавацілі ў парушэньні арт. 156 КаАП – «дробнае хуліганства». Алесь Каліта быў затрыманы ў аддзяленьні міліцыі, куды прыехаў высьветліць лёс Н.Александровіч.

На Казуліна ціснуць

Адвакат Алякскандра Казуліна Зьміцер Гарачка паведаміў, што на палітвязьня аказваецца ціск з боку некаторых супрацоўнікаў адміністрацыі калёніі. На Каляды А.Казуліну, адзінаму з усіх асуджаных, не дазволілі пайсьці ў царкву, якая знаходзіцца на тэрыторыі калёніі. Казулін адзначае, што, калі нападкі на яго не спыняцца, ён мае намер паскардзіцца на дзеяньні кіраўніцтва калоніі ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў.

Па словах адваката, стан здароўя А.Казуліна здавальняючы: у яго дагэтуль не праходзяць ацёкі ног, баляць ныркі і страўнік, з прычыны чаго палітвязень змушаны падоўгу заставацца ў пасьцелі.

13 студзеня

У Горадні арыштаваныя Станіслаў Пачобут і Яўген Скрабутан

Суд Ленінскага раёну Горадні прысудзіў да 7 сутак арышту музыку Станіслава Пачобута і да 3 сутак арышту – студэнта Яўгена Скрабутана.

С.Пачобута затрымалі супрацоўнікі АМОНу. Спачатку яны казалі, што актывіст нібыта падобны на чалавека, які скраў аўтамабіль. Аднак у Ленінскім РУУС Гародні ў дачыненьні Пачобута быў складзены пратакол па арт. 156 КаАП – «дробнае хуліганства».

Я.Скрабатун быў затрыманы адразу пасля прыбыцьця ў Горадню з Польшчы, дзе ён навучаецца па праграме Кастуся Каліноўскага. Яго таксама абвінавацілі ў парушэньні арт.156 КаАП.

14 студзеня

АМОН жорстка збіў

Ля будынку Менскага аблвыканкаму адбыўся пікет супраць удзелу ў мясцовых выбарах. Некальгі грамадзкіх актывістаў каля 10 хвілінаў трымалі расьцяжку «Вас падманулі». Пасля гэтага іх затрымалі супрацоўнікі АМОНу. Непаўналетнюю Насьцю Шашкову, паводле сьведчаньняў удзельнікаў акцыі, у часе затрыманьня міліцыянты білі нагамі. Яе даставілі ў Менскую гарадзкую больніцу №1.

15 студзеня

Асудзілі за «лаянку»

Судзьдзя Партызанскага раёну Менску Мікалай Трубнікаў вынес рашэньне аб трох сутках арышту ў дачыненьні сябра АГП Андрэя Дзьмітрыева. Яго абвінавацілі ў парушэньні арт.156 КаАП – нібыта ён нецэнзурна выказваўся і чапляўся да мінакоў.

На судзе прысутнічаў эстонскі парлямэнтар Сільвер Мэйкар «для азнаямленьня з судовай сыстэмай Беларусі». А.Дзьмітрыеў 12 студзеня быў схоплены на вуліцы супрацоўнікамі ў цывільным, якія даставілі яго ў Партызанскі РУУС Менска. Выходныя Дзьмітрыеў правёў у спэцпрыёмніку‑размеркавальніку на Акрэсьціна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0