На пасляматчавую прэс-канферэнцыю першым прыходзіць трэнер гасцей.

У чаканні Сафета Сушыча гаваркія і вясёлыя баснійскія журналісты фатаграфаваліся на памяць і проста радаваліся зусім, як аказалася, для іх простай перамозе над зборнай Беларусі

«Я б не сказаў, што перамога была лёгкай, — адзначыў Сушыч. — Але я чакаў, што мы пераможам.

У мяне многа высокакласных гульцоў, што гуляюць у найлепшых клубах свету.
Таму я чакаў такую перамогу. У галовах маіх хлопцаў сядзела чэрвенскае паражэнне ад румынаў. Але ўсё роўна яны вельмі стараліся».

Сушыч выказаў заклапочанасць тым фактам, што праз жоўтыя карткі ў матчы ў Зеніцы 6 верасня не возьмуць удзелу П’яніч, Спахіч і Малеціч. Таксама ён зрабіў рэверанс у бок зборнай Беларусі, назваўшы яе добрай камандай і зазначыўшы, што падапечныя Бернда Штанге захоўваюць шансы на плей-оф.

Праўда, для гэтага нашым футбалістам трэба ўсяго нічога: перамагчы з гасцях Боснію і Румынію.

Сушыч таксама паабяцаў, што ніякай эйфарыі ў гульцоў не будзе, а яны будуць належна рыхтавацца да 6 верасня.

З яго сыходам залу пакінулі і ўсе да аднаго баснійскія журналісты.

***

Штанге затрымаўся. Яго ўводная прамова была нядоўгай: «Мы так шмат паставілі перад сабой задач, мы сёння хацелі паказаць, што мы чагосьці вартыя і хочам трапіць на чэмпіянат Еўропы. Нам не хапіла некалькіх хвілін у першым тайме, каб ажыццявіць гэту мару».

Штанге зрабіў два кампліменты: заўзятарам, што на яго думку, падтрымлівалі каманду ўвесь матч [частка заўзятараў стала масава пакідаць трыбуны за 15 хвілін да канца матча], а таксама камандзе за гульню, паказаную ў 2-м тайме. «Гэта быў футбол, у які мы можам гуляць. (…) аднак два галы за такі кароткі час былі для нас шокам».

На думку Штанге

камандзе не хапае двух-трох гульцоў топ-узроўню, каб выконваць вялікія задачы.
Тым не менш нямецкі спецыяліст сказаў, што каманда Беларусі зусім не слабая, у адваротным выпадку яна б прапусціла ад Босніі тры-чатыры мячы.

«Пасля гэтай гульні я магу кожнаму гульцу глядзець у вочы, бо хлопцы аддалі ўсё, што ў іх ёсць. Аднак важны толькі вынік, і гэта вельмі крыўдна. Ведаю толькі, што зараз нам трэба выйграць на выездзе ў Босніі», — падвёў рысу Штанге.

Пазней у ходзе прэс-канферэнцыі Штанге яшчэ раз падкрэсліў, што беларускай зборнай бракуе гульца класу Эдзіна Джэка, які, падкрэсліваў ён, каштуе 40 млн еўра. «

Джэка забіў шэсць мячоў у прэм’ер-лізе, а сёння не вызначыўся ні разу — гэта паказчык», — сказаў нямецкі коўч.

Журналістаў цікавіла чаму не гуляў Амельянчук, чаму на левы фланг адправілі Жаўнерчыка, хто будзе гуляць у Зеніцы.

"Трэба залізаць раны.
Боснія страціла трох ключавых гульцоў, у нас жа, наколькі я ведаю, траўмаў няма. Зыходзячы з гэтага, будзем выбудоўваць сваю гульню і падбіраць склад».

Барыс Тасман з «Прессбола» быў катэгарычны: «Магчыма, гэта ваша апошняя прэс-канферэнцыя ў Беларусі…»

Штанге парыраваў: «Не ведаю, адкуль у вас такая інфармацыя, яшчэ нічога не адбылося, ніякага рашэння не прынята. Адкажу проста — калі я тут буду больш не патрэбен, то мяне аб гэтым апавесцяць.

Я поўны энергіі, знаходжуся ў добрай фізічнай форме.
Пакуль размовы аб далейшым супрацоўніцтве са мной не было. Але калі вы ўжо нешта ведаеце, то вы разумны чалавек».

Калі б зараз прыйшлося выбраць форварда на матч у Зеніцы, то каго б вы паставілі ў склад: Карніленку ці Варанкова?

"Цяжкае пытанне ў адсутнасць Радзівонава, лепшага на дадзены момант нападніка ў краіне. Карніленка, Варанкоў — іншых варыянтаў у Беларусі я пакуль не бачу. З іх выбіраць і буду".

***

Становішча камандаў пасля сённяшняга дня:

Францыя — 16 балаў (7 гульняў; розніца мячоў 11–3)
Боснія — 13 (7; 10–7)
Беларусь — 12 (8; 6–4)
Румынія — 11 (7; 10–6)
Албанія — 8 (7; 5–8)
Люксембург — 1 (8; 1–15).

6 верасня

Боснія — Беларусь
Люксембург — Албанія
Румынія — Францыя

7 кастрычніка

Румынія — Беларусь
Боснія — Люксембург
Францыя — Албанія

11 кастрычніка

Албанія — Румынія
Францыя — Боснія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?