Ганцавіцкі журналіст Пётр Гузаеўскі піша пра «Дзень пісьменства і друку» ў ягоным горадзе.

 Ганцавічы рыхтавалі да свята ў аўральным рэжыме.

Ганцавічы рыхтавалі да свята ў аўральным рэжыме.

Упершыню ў гісторыі з часоў заснавання горада ў Ганцавічах ў гэтыя выхадныя адбудзецца рэспубліканскае свята. Напярэдадні прыезду шматлікіх гасцей з Беларусі і іншых краін ў аўральным парадку будаўнікі, дарожнікі камунальнікі і работнікі іншых прадпрыемстваў і арганізацый завяршаюць работы па добраўпарадкаванні горада.

Назіраючы за гэтай гонкай на фінішнай прамой, ганцаўчане заклапочаны пытаннем — «Паспеюць ці не?»

За два дні да свята працы яшчэ было шмат, але кіраўніцтва спадзяецца, што да прыезду гасцей асноўныя работы будуць завершаны. Як з жартам зазначыў старшыня райвыканкама Уладзімір Столяр на раённай нарадзе работнікаў адукацыі 30 жніўня, ім, як студэнтам да экзамена, каб добра падрыхтавацца, не хапае ўсяго адной ночы.

А вось рабочыя былі настроены не так аптымістычна. «Калі цяп-ляп, то, можа, і зробім, але потым трэба будзе перарабляць, — сказаў адзін з рабочых, якія працавалі каля кінатэатра. — Каб добра зрабіць, яшчэ з месяц часу патрэбна».

Многія жыхары горада таксама выказваюць сумненні, што ўсё будзе даведзена да ладу. «Ой, сынкі! Чаму ж вы раней не пачалі?» — гледзячы на руплівую працу, сказала пенсіянерка з дома па вул. Кастрычніцкай Валянціна Мікалаеўна.

На гэтым тыдні ўсе працуюць у такім тэмпе, што горад літаральна з руін ператвараецца ў «ляльку». Каб так працавалі заўсёды, то камунізм мы, напэўна, ужо пабудавалі б. Але калі сур’ёзна, то гэткая спешка не мае нічога агульнага з якасцю работ: асфальт клаўся ў лужыны, пешаходныя дарожкі ў некаторых месцах такія танюсенькія, што вытрываюць яўна нядоўга, ды і тынкоўка на некаторых дамах ўжо адвалілася, з-за чаго прыйшлося будаўнікам «ляпіць» яе па-новаму.

На Кастрычніцкай вуліцы горада ў чацвер работы кіпелі. Будаўнікі спешна завяршалі мантаж фантана каля былога кінатэатра «Кастрычнік», які зараз ператворыцца ў Цэнтр і будзе называцца «Маладосць». Праўда, на нейкі момант, пакуль майстры прыклейвалі літары, фотакамера злавіла момант і яшчэ адной назвы, кур’ёзнай. Калі пачыналі прымацоўваць літары ад Цэнтра на будынку, з’явіўся злашчасны надпіс — АД! Але прахожыя і самі будаўнікі весяліліся усяго некалькі хвілін. Хутка «АД» ператварыўся ў прыгожую назву — «Маладосць».

Адміністрацыі арганізацый і прадпрыемстваў таксама не застаюцца ў баку і асабіста прымаюць удзел: хто палівае кветкі, хто раўняе клумбы, прыбіраюць, падмятаюць…

Радуе цэнтр горада, асабліва парк на вуліцы Гагарына. Нарэшце ў Ганцавічах ёсць месца, куды можна прыйсці пагуляць з дзецьмі. Але некаторыя нашы людзі ўсё-такі варвары: новенькія лаўкі за некалькі дзён ужо парэзалі, раніцай усё забруджана лушпіннем ад семак і пляшкамі ад піва і гарэлкі.

І хоць шмат даводзіцца чуць негатыву, што падрыхтоўка да свята – гэта паказуха, што такія святы даюць магчымасць нячыстым на руку чыноўнікам нажыцца і г.д., у дадзеным выпадку трэба глядзець на факты, на тое, што карысці для людзей тут значна больш, чым шкоды. І тым людзям, якія дабіліся, каб рэспубліканскае свята праводзілася менавіта ў Ганцавічах, тым, хто працаваў тыднямі на добраўпарадкаванні горада, трэба выказаць удзячнасць. Бо дзякуючы гэтаму, наш горад набудзе сучасны выгляд. Галоўнае – захаваць усю гэтую прыгажосць, бо госці прыедуць і паедуць, а мы тут застанемся жыць.

Ганцавічы за некалькі гадзін да святкавання. Відэа Gantsevichi.info

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?