Маці Зьмітра Новіка не далі сустрэцца з сынам у дзень ягонага 30-годдзя. Аляксандру Малчанаву не дазволілі навучацца ў ПТВ. Ад Зьмітра Буланава тры тыдні няма лістоў.

Маці Зьмітра Новіка, які адбывае пакараньне ў шклоўскай калёніі, на наступным тыдні зьбіраецца падаць скаргу ў Генэральную пракуратуру: «Мала таго што тэлефанаваньні забаранілі, я не атрымліваю ўжо тры тыдні лістоў ад сына. Спатканьне забаранілі — у Дзімы 16 верасьня дзень народзінаў, 30 гадоў, і я зьбіралася ехаць, але спатканьне забаранілі».

Карэспандэнтка: «А прычыну патлумачылі?»

«Сказалі, быццам бы ў яго парушэньні. Я ведаю цудоўна свайго сына, і не ў ягоных інтарэсах — парушаць. Задумаўся начальнік калёніі, калі я тэлефанавала, а потым сказаў, што Дзіма без дазволу пакінуў нейкае памяшканьне. Я кажу: прычына ў адным — ён адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні».

Марына Адамовіч, грамадзянская жонка Міколы Статкевіча, які таксама сядзіць у Шклоўскай калёніі, распавяла, што ў пятніцу Міколу наведаў адвакат. Марына таксама вельмі занепакоеная адсутнасьцю сувязі зь Міколам — больш за тры тыдні ад яго няма лістоў:

«На мяне выходзіла шмат розных людзей, якія казалі, што на Міколу ў калёніі аказваецца ціск. Лістоў і тэлефанаваньняў няма ня толькі мне, але і старому ягонаму бацьку, якому 84 гады. Лісты Міколы Віктаравіча зачытваюцца перад усім атрадам, потым зьнішчаюцца, і на атрад накладаецца пакараньне. Сапраўды рэальна быў сьпілаваны турнік на зоне з-за ліста, у якім Мікола апісаў, як яго віншавалі з Днём народзінаў. Там былі такія кранальныя рэчы… Крыміналу там не было абсалютна. Цёпла віншавалі яго, хто шакалядку падарыў, хто — яблык. А чалавек, якому ніхто не дасылае перадачы, падараваў акрайчык хлеба. Мікола гэта апісаў, і за гэта турнічок і сьпілавалі…»

Мікола Статкевіч цяпер працуе на лесапілцы. Ягоны заробак — 18 тысяч у месяц.

Спадарыня Валянціна, маці Алега Гнедчыка, якога 1 верасьня памілавалі, і які таксама адбываў пакараньне ў Шклове, расказала:

«А ў нас што, лепей было? Уявіце, у мінулую пятніцу паехаў адвакат у калёнію, а яго не пусьцілі. І яна ўжо зьбіралася ехаць у гэтую пятніцу. А ў чацьвер ён пад вечар тэлефануе і кажа, што ўжо ў цягніку. Маўляў, выйшаў на працу, а па абедзе кажуць: „Зьбірай рэчы“».

Яго ж таксама пазбавілі перапіскі, тэлефанаваньняў, у ШЫЗА пасадзілі, у карцэр на трое сутак. Што там адбываецца — аднаму Богу вядома. Ён кажа: «Мама, ну навошта я буду табе распавядаць, каб ты расстроілася, ужо ўсё скончылася».

Клаўдзія Буланава тры тыдні таму наведала сына ў Магілёўскай калёніі. І з таго часу ад Зьмітра — ніводнага ліста.

«Лістоў мы чамусьці не атрымліваем, у поўнай прастрацыі, ня ведаем, што там і як там. Тыдні тры ніякіх ні лістоў, ні тэлефанаваньняў».

Ад Аляксандра Малчанава, які таксама адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 15, лістоў няма, але, на радасьць маці Галіны Андрэеўны, ён стаў часта тэлефанаваць:

«Саша тэлефанаваў 31 жніўня, 2 верасьня, будзе тэлефанаваць яшчэ 5 і 7 верасьня. Расказаў, што хацеў пайсьці вучыцца ў ПТВ на дрэваапрацоўку, але яму адмовілі. Патрабавалі зноў напісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён сказаў, што ні за што не напіша».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?