Прэс‑служба МНС падвяла вынікі нядаўняй стыхіі. Тры чалавекі пацярпелі, адзін зь іх шпіталізаваны. Найбольш ад шквалістага ветру пацярпелі Гарадзеншчына і Меншчына. Усяго па Беларусі без электрычнасьці часова заставаліся 1 283 паселішчы, былі пашкоджаныя больш за 2 050 трансфарматарных падстанцыяў, звыш 60 км лініяў электраперадачы. У сталіцы паваленыя ветрам дрэвы спрычыніліся да часовага прыпыненьня руху гарадзкога транспарту.
Рамонтныя працы працягваюцца й цяпер. Работы хопіць: стыхія парушыла дахоўку ў 140 жылых дамах, 27 вытворчых збудаваньнях, у рознай ступені пашкоджаныя больш за 1 070 сельскагаспадарчых аб’ектаў.
Тым часам сыноптыкі папярэджваюць пра чарговую небясьпеку: 19 студзеня (пятніца) чакаецца моцны заходні і паўночна‑заходні вецер хуткасьцю 17‑22 м/с. Месцамі парывы ветру могуць дасягаць до 25‑28 м/с (90-100 км/г). Чакаецца таксама дождж са сьнегам.
Практыка паказвае, што ў такое надвор’е небясьпечна знаходзіцца побач з дрэвамі і няўстойлівымі перад моцным ветрам канструкцыямі, кшталту рэклямных бігбордаў, дарожных знакаў. Ня варта пакідаць у гэтых месцах аўто. Небясьпечнай у такі час робіцца і дахоўка. У кватэрах ды працоўных памяшканьнях трэба шчыльна зачыняць вокны.