Новы рэкорд у падняцці цяжараў устанавіў беларускі асілак Вячаслаў Харанека.

Выступаючы 4 верасня на Манежнай плошчы ў Маскве, ён ажыццявіў 10 кулькоў назад, утрымліваючы ў левай прамой руцэ 24-кілаграмовую гіру. Даўжыня "сілавой дарожкі" склала 13 метраў 40 сантыметраў. Пры кантрольным часе 3 хвіліны Харанека справіўся за 2 хвіліны 15 секунд. Паводле запрашэння клуба "Інтэр-стронг" асілак быў адным з удзельнікаў 16-га міжнароднага фестывалю рэкардсменаў Кнігі рэкордаў Гінеса, які прайшоў у расійскай сталіцы ў межах Дня Масквы.

Папярэдні рэкорд складаў дзевяць кулькоў. Харанека ўстанавіў яго ў 2006 годзе ў эфіры расійскай тэлепраграмы "Нашы рэкорды", якую вёў цяпер нябожчык расійскі асілак Уладзімір Турчынскі.

"Складанасць выступлення на Манежнай плошчы была ў тым, што на размінку замест гадзіны я атрымаў толькі пяць хвілін, а тэмпература паветра была нізкай, — паведаміў БелаПАН Харанека. — Я непакоіўся за плячо і галаву, на якую ў красавіку пасля выбуху ў мінскім метро мне накладвалі швы. На шчасце, абышлося, хаця апошнія два кулькі даліся цяжка, і галава яшчэ баліць".

Да ўстанаўлення гэтага рэкорда Харанека, паводле яго слоў, рыхтаваўся паўгода. Два тыдні таму на трэніроўцы ён здолеў выканаць 10 кулькоў.

Гэта 132-і рэкорд 50-гадовага Харанекі за 20 гадоў спецыялізацыі ў экстрэмальным падняцці цяжараў. Наступны рэкорд ён плануе ўстанавіць 9 верасня ў Мінску на выставачным футбольным матчы Беларусь — Расія, прысвечаным 100-годдзю беларускага футбола. Асілак пастараецца падняць 100 разоў 40-літровую бочачку з вадой уверх на прамых руках хутчэй чым за 9 хвілін 55 секунд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?