Праваабаронцу Таццяну Равяка выклікаюць на допыт у якасці сведкі па справе Алеся Бяляцкага.

Паводле яе слоў, позву на допыт раней ёй высылалі яшчэ на 25 жніўня. "Аднак мяне не было ў Беларусі ў гэты дзень. Я вярнулася, знайшла позву ў паштовай скрыні і ператэлефанавала ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Растлумачыла ім, што я не збіраюся хавацца ад следства, і мы дамовіліся, што я з'яўлюся на допыт 6 верасня ў 15 гадзін", — сказала Равяка.

Сёння праваабаронца заключыла пагадненне з адвакатам.

"Мой допыт азначае, што следчыя дзеянні па справе Бяляцкага працягваюцца" — адзначыла Равяка.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў Мінску вечарам 4 жніўня. 5 жніўня ў дачыненні да затрыманага абралі меру стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту. 12 жніўня праваабаронцу прад'явілі абвінавачанне на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры) і прадоўжылі тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы.

Арышт Бяляцкага выклікаў шырокі міжнародны рэзананс. Вызвалення праваабаронцы запатрабавалі кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і іншых дзяржаў, праваабарончыя структуры, вядомыя грамадскія дзеячы і палітыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?