У беларускае заканадаўства плануецца ўнесці папраўкі, якія прадугледжваюць адказнасць бацькоў або асоб, якiя iх замяняюць, за знаходжанне дзяцей на вуліцы ўначы без суправаджэння дарослых.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 6 верасні намеснік начальніка аддзела ўпраўлення прафілактыкі МУС Валерый Мялешка, цяпер рабочая група з дэпутатаў, прадстаўнікоў Савета міністраў, МУС, Генеральнай пракуратуры, міністэрстваў аховы здароўя і адукацыі абмяркоўвае папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Закон аб прафілактыцы падлеткавай злачыннасці і безнагляднасці ад 2003 года. Чакаецца, што яны будуць разгледжаныя нацыянальным сходам на восеньскай сесіі і ўступяць у сілу ў канцы 2011 года або пачатку 2012 года.

На дадзены момант, па словах Валерыя Мялешкі, вялікую праблему ў пытанні начных забаваў падлеткаў ствараюць вясковыя клубы. Клубы ў гарадах, якія належаць часцей за ўсё прыватным кампаніям, не рызыкуюць парушаць закон і адсяваюць непаўналетніх. Інакш "адміністрацыі клубаў потым будзе вельмі балюча -- там вельмі добрыя штрафныя санкцыі, а другое - пазбаўленне ліцэнзіі", нагадаў Валерый Мялешка.

А вось вясковыя дамы культуры грашаць, заявіў прадстаўнік МУС. Паводле яго слоў, "яны ўжо і скардзяцца на нас і на пракуратуру, у іх, ці бачыце, заробку няма, заробак не можам плаціць". "Там няма нармальных праграм, няма нармальнай тэхнікі, музыкі, дыджэя, - заявіў Валерый Мялешка, - ды правядзі ты на звычайным узроўні гэтую дыскатэку нават у тры гадзіны дня пасля ўрокаў, яны туды прыйдуць і будзе цікава".

Згодна з папраўкамі, што прапануюцца ў заканадаўства, дзецям да 14 гадоў будзе забаронена з'яўляцца адным на вуліцы ад 22-й да 6-й гадзіны, ад 14 да 16 гадоў - ад 23-й да 6-й гадзіны. Аднак, падкрэсліў Мялешка, гэтыя часовыя інтэрвалы не канчатковыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?